Вандалы разрушили могилу ксендза Леонида Нестюка у Гервятского костела

08:27 / 30.04.2019

Пасхальная октава завершилась жутким происшествием: в ночь с субботы на воскресенье неизвестные вандалы сломали гранитную ограду у могилы ксендза Леонида Нестюка, похороненного у стен воссозданного им Гервятского костела Святой Троицы.

…У католікаў заканчвалася светлая Велікодная актава. У праваслаўных храмах званілі званы, абвяшчаючы вялікую радасць: Хрыстос уваскрос! Здаецца, на ўсёй зямлі нябёсы адкрыліся – і на зямлю няспынным патокам лілася Божая благадаць, прасвятляючы людскія твары, душы, учынкі.

Да сённяшняга дня я была ўпэўнена, што ў такія моманты ніхто не ў стане – ну проста фізічна не зможа, рука не падымецца! – зрабіць нешта дрэннае, што ў гэтыя святыя дні сэрца нават самага закаранелага злачынцы адкрыта дабру – ці хоць бы не здольнае тварыць зло.

Але менавіта ў ноч з суботы на нядзелю вандалы разбілі абгародку ля помніка ксяндзу Леаніду Несцюку на яго магіле ля сцен Гервяцкага касцёла Святой Тройцы.

678888888888887.jpg

Гэта не проста акт вандалізму. Гэта нават не паламаныя ў калядную ноч лавачкі каля Гервяцкай амбулаторыі. Гэта нешта большае – нож у сэрца ўсім, хто ведаў ксяндза Леаніда, плявок у душу ўсім астраўчанам, незалежна ад іх веравызнання.

І на дурную выхадку загуляўшых хуліганаў без цара ў галаве, мне здаецца, гэта не спішаш. Па-першае, таму, што гранітную абгародку голымі рукамі ці нагамі нават самы дужы вандал не пашкодзіць. Па-другое, калі нават уявіць, што ў некага, апанаванага д’яблам – а нармальны чалавек на падобныя ўчынкі не здатны, толькі д’яблаў служка! – часаліся рукі, то чаму менавіта магіла? І чаму – ксяндза Леаніда?

…У свой час у аўтарскай калонцы “Выхаванне прыгажосцю” я пісала пра гервяцкі феномен, створаны ксяндзом-пробашчам Леанідам Несцюком. Пры ім касцёл Святой Тройцы ў Гервятах не зачыняўся з ранку і да позняга вечара – ксёндз Леанід быў рэзкім праціўнікам замка на дзвярах храма. Як і таго, каб браць грошы, як яму неаднойчы раілі, са шматлікіх турыстаў, што наведвалі касцёл: ён лічыў, што храмы існуюць для людзей, а не людзі – для храмаў…

У Гервяцкім касцёле амаль заўсёды былі наведвальнікі: сюды прыходзілі паасобку і групамі, сем’ямі і цэлымі “экіпажамі” турыстычных аўтобусаў. Людзі маліліся, любаваліся вітражамі і фрэскамі, захапляліся архітэктурай і дэндрапаркам ля касцёла, слухалі экскурсаводаў. І – вось дзіва! – ніколі нічога з храма не прападала, прынамсі, я не чула пра падобныя выпадкі. Ніхто не квапіўся і на дарагія саджанцы рэдкіх раслін, на прыгожыя кветкі, што раслі не толькі на тэрыторыі касцёла, але і на прыкасцельнай плошчы.

Больш таго: “прышчэпка прыгажосці”, зробленая ксяндзом Леанідам гервятцам, а затым – і ўсім жыхарам раёна, дала свой вынік: людзі таксама сталі імкнуцца прыгожа і з густам аздабляць свае сядзібы, тэрыторыі ля адміністрацыйных будынкаў, вуліцы. Жыць прыгожа, духоўна стала, як бы сёння сказалі, модна, прэстыжна. Ён выхоўваў усіх нас прыгажосцю – і любоўю! І гэта, на маю думку, галоўнае дасягненне яго душпастырскай дзейнасці.

…Мне здаецца, што пры жыцці ў ксяндза Леаніда не было ворагаў – яго любілі ўсе! За яго мудрасць, чалавечнасць, за ўменне пагаварыць з кожным – вясковай бабулькай і прафесарам, за тонкае пачуццё гумару. Зрэшты, за тое, што стогадовы Гервяцкі касцёл, дзякуючы яго тытанічнай працы, стаў беларускім Нотрдамам і праславіў Астравеччыну ва ўсёй краіне і далёка за яе межамі.

То адкуль жа гэтыя ворагі ўзяліся тады, калі яго не стала? Каму і чым стаў перашкаджаць ён, калі адышоў у іншы свет – ды так, што на яго магіле ў гэтыя святыя дні ўчынены нечуваны акт вандалізму?

…Мне вельмі хочацца сказаць зараз словы распятага на крыжы Хрыста: “Даруй ім, Госпадзі, бо не ведаюць яны, што робяць”. І – не магу…

Хай прабачыць нам ксёндз Леанід, што не змаглі абараніць яго памяць сваёй любоўю. І хай даруе ім – тым, хто ненавідзіць яго нават мёртвага. Калі зможа…

А Бог няхай кожнаму дасць па яго справах. Я ўпэўнена, што менавіта так і будзе. Нават калі вандалы не панясуць пакарання па закону – ёсць яшчэ і вышэйшы Божы суд!

…І ўсё ж я спадзяюся, што праваахоўнікі знойдуць гэтых людзей. Не для таго каб паадсякаць ім рукі – хочацца паглядзець ім у вочы позіркам ксяндза Леаніда і спытаць: за што?..


Текст: Нина Рыбик