Новую сеялку набылі ў КСУП “Гудагай”

11:20 / 22.03.2019
Адны з першых у раёне вывелі ў поле пасяўную тэхніку гудагайскія хлебаробы. Хоць пра масавую сяўбу гаварыць яшчэ рана, у КСУП «Гудагай» у сцэпцы з энергана­сычанымі трактарамі ўжо працуюць тры камбінаваныя сучасныя пасяўныя агрэгаты, адзін з якіх гаспадарка набыла літаральна перад вясенне-палявымі работамі.

Для аднаго з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Пятра Сяргея (на фота) сёлетняя пасяўная – трыццатая. Адказнаму і працавітаму сейбіту даверылі новую ўніверсальную нямецкую сеялку «Кекёрлінг».

1214.jpg

– Працую толькі некалькі дзён, таму рана рабіць нейкія вывады, – гаворыць механізатар. – У «Амазонцы» насенне высявалася пад «лапу», тут – пад сашнікі – менш камення будзе трапляцца, а значыць – менш паломак. 

Сёлетняя вясна – ранняя і нецярплівая. Лічы, на дэкаду раней, чым летась, у поле выйшла тэхніка: адны – заворваюць глебу, другія – уносяць пад сяўбу ўгнаенні і арганіку, трэція – падкормліваюць азімыя, чацвёртыя – сеюць… 

   Пра ход вясенне-палявых работ я даведалася ў першаадкрывальнікаў сяўбы – земляробаў КСУП «Гудагай». І ў гэтым дапамог мне галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Ненартовіч.

IMG_4149.jpg


– Сёлета раней вывелі ў поле пасяўныя агрэгаты, – уводзіць у курс спраў галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў. – Здавалася б, і зіма на снег у гэтым годзе расшчодрылася, а вільгаці для сакавіка няшмат, таму яе трэба выкарыстаць па максімуму.

Структура пасяўных плошчаў у КСУП «Гудагай» сёлета значна не змянілася. Яравы клін збожжавых  і зернебабовых складзе 1 600 гектараў: 250 гектараў будзе адведзена пад пшаніцу, 700 – пад ячмень, 150 – пад авёс, 250 – пад зернебабовыя і  100 – пад кукурузу на зерне. Акрамя гэтага, з восені ў КСУП «Гудагай» пасеяна 2 160 гектараў збожжавых і 450 гектараў рапсу. 

IMG_4135.jpg

Цікаўлюся ў агранома, як перазімавалі азімыя культуры.
– Па-рознаму. Рапс летась рана сеялі: восень была цёплай. У зімоўку крыжакветкавы ўваходзіў з празмерна развітай вегетатыўнай масай, але, здаецца, на выгляд нядрэнны. Калі не засушыць і не замочыць, думаю, ураджай будзе лепшы, чым летась,  –  расказвае Андрэй Ненартовіч. – Ёсць пытанні па трыцікале: сорт «дзінара» добра перазімаваў, а «грэнада» – не зусім.

Першым у КСУП «Гудагай» пачалі сеяць ячмень, які, як і авёс, гразі не баіцца. Тры магутныя сеялкі – за адзін тэхналагічны працэс адбываецца падрыхтоўка, выраўніванне глебы і сяўба – агульнымі намаганнямі за дзень засяваюць да 70 гектараў.

IMG_4127.jpg

Для вадзіцеля Артура Высоцкага, які падвозіць на поле падрыхтаванае да сяўбы насенне, сёлетняя пасяўная кампанія – першая. Да гэтага мужчына працаваў у гаспадарцы жывёлаводам.

Добрымі тэмпамі ў гаспадарцы ідзе і перадпасяўная падрыхтоўка глебы: па стане на 19 сакавіка прыняць насенне гатовы 250 гектараў нівы, што складае 8% ад запланаванага пры сярэднераённых 3%.

Мінулай восенню КСУП «Гудагай» набыў магутны энерганасычаны трактар «Кіравец-7». На ім глебу культывуе вопытны механізатар Рыгор Тхораў.
– За дзень апрацоўваю каля 40 гектараў. Але аб’ёмамі хваліцца не выпадае. Толькі ж пачалі, –  гаворыць мужчына. – Тэхніка добрая, паліва ёсць – і настрой добры. Надвор’е не падвяло б, як летась, – а мы сваю справу ведаем.

170 гектараў засеяна раннімі збожжа­вымі культурамі па стане на 21 сакавіка.


IMG_4131.jpg

Улічваючы сёлетні недахоп вільгаці, асаблівую значнасць падчас сяўбы набывае культывацыя. На магутным «Кіраўцы» вільгаць у глебе прыкрывае Рыгор Тхораў.

Текст:
Фото: Алена Гануліч