Запахла смажаным: рыбалоўная насадка можа быць незаконнай

11:22 / 20.08.2018
У навінах Беларусі прайшло паведамленне пра вылаў буйнога сома. І ў загалоўках і ў саміх навінавых тэкстах акцэнтуецца насадка: смажаны верабей. Такі спосаб лоўлі рыб незаконны, папярэджвае грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

mailservice.jpg

 
Тлумачым, чаму. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ёсць два віды вераб'ёў: дамовы і палявы вераб'і. Абодва віды звычайныя. Але гэта не значыць, што іх можна забіраць з прыроды з любымі мэтамі. 
Згодна з артыкулам 6 “Закона аб жывёльным свеце” аб'екты жывёльнага свету, якія жывуць у стане натуральнай свабоды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы.
Ёсць законныя спосабы атрымаць жывёлу ў сваю ўласнасць, але лавіць вераб'ёў і іншых птушак і рабіць з іх насадку для лоўлі рыбы - забаронена. Рыбалову такая практыка можа абыйсціся ў шэсць базавых велічынь за кожнага вераб'я (памер шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, згодна з Дадаткам 12 да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 24.06.2008 № 348 у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 24.03.2018 № 112).
Рыбаловам хацелася б нагадаць, што для паспяховай лоўлі сома няма патрэбы забіваць птушак. Гэтая рыба, нягледзячы на     адчувальны нюх, не можа адрозніць абсмаленую тушку птушкі ад абсмаленага кавалка лямцу, чым і карыстаюцца рыбаловы. Таму часта ў Інтэрнэце выраз «смажаны верабей» выкарыстоўваецца толькі метафарычна.
Навіна пра сома, злоўленага на смажанага вераб'я, разляцелася хутка і сабрала шмат каментароў. Некаторыя каментатары распавядаюць, што іх хатнія гадаванцы (каты) пастаянна здабываюць і прыносяць гаспадарам дзікіх птушак і зайчанят. І дадаюць, што гэта, маўляў, цалкам легальна, і нават прапануюць тыражаваць такі вопыт здабычы жывёл.
АПБ неаднаразова заклікала трымаць катоў дома або пры выпуску іх на двор чапляць на іх званочкі або іншыя прыстасаванні, якія дазваляюць дзікім жывёлам пазбегнуць каціных кіпцюроў. Хай лепш у ката будзе фрустрацыя, чым загінуць звяры і птушкі. 
Заканадаўства ў той жа час ніяк не абмяжоўвае паляванне катоў. Яны забіваюць жывёл законна. Але вось уладальнікі ніяк не могуць выкарыстоўваць гэтую здабычу. Гэта супрацьзаконна.
Мы бачым сур'ёзныя праявы экалагічнай і юрыдычнай непісьменнасці насельніцтва, якія патрабуюць прафілактычнай работы. Бо такая пазіцыя непасрэдна цягне за сабой правапарушэнні і шкоду навакольнаму асяроддзю. 
Кантактная асоба – Максім Нямчынаў, 8 (029) 101-68-87, nemtchinov@ptushki.org

 
Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!
Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4. (+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87 info@ptushki.org
Текст: Главный администратор