Сітуацыя: банкамат з'еў картку

14:47 / 18.05.2010

Нахабна, нават цынічна забраў яе, нібы сваю! Не падавіўся і нават не папярхнуўся! Перад гэтым досыць доўга думаў – няйначай, “перажоўваў”, затым паведаміў, што не здольны яе распазнаць, а потым прапанаваў забраць, адвёўшы на гэты працэс толькі 15 секунд. Мне б гэтага часу хапіла, каб карту тую ён аддаў. Дык не ж! Так я пазбавіўся самага каштоўнага ў сваім жыцці!


Апынуцца ў такой сітуацыі, скажу вам – яшчэ той стрэс! Выхадны дзень. Вечар. Дзверы банка шчыльна зачынены. А ў галаве толькі адна думка – усё, што нажыта непасільнай працай за апошні месяц, праглынула бяздушная машына! Першае памкненне: прастаяць тут усю ноч на варце. Затым, з нейкай надзеяй у вачах, гляджу ў блакітны манітор, які зноў запрашае скарыстацца паслугамі банка – можа, ён усё ж перадумае? Па ўсім відаць – не. Адыходжу на некалькі крокаў і спыняюся – а раптам перадумае? Вунь ужо і нейкія дзяўчаткі да яго падыйшлі. Напэўна, мае грошыкі здымаюць… Стараюся сябе супакоіць і еду дадому з цвёрдым намерам вярнуцца сюды раніцай. Непакоіць толькі адно. Неаднойчы чуў, нават чытаў у прэсе, што забраць сваю картку з банка – сапраўдны галаўны боль. Што ж, як будзе – так будзе. Іншага выйця ўсё роўна няма…
Раніцай у панядзелак звяртаюся да кансультанта “Беларусбанка”. У двух словах распавядаю пра сваю бяду. Ветлівая дзяўчына мяне супакойвае і накіроўвае ў кабінет 205 на другім паверсе.
Такімі, як я, тут займаецца Вадзім Іванавіч Мушніцкі, спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу. Малады чалавек прапаноўвае мне напісаць заяву стандартнай формы з просьбай вярнуць банкаўскую картку. Ніякіх тлумачэнняў, доказаў сваёй невінаватасці не патрабуецца –патрэбен толькі пашпарт, каб картка вярнулася да свайго сапраўднага гаспадара. Праз некалькі хвілін кавалачак каштоўнага пластыку зноў у маіх руках! Цяпер можна выдыхнуць і распытаць спецыяліста: што на самай справе трэба рабіць, апынуўшыся ў падобнай сітуацыі?
–Па-першае – не хвалявацца і не панікаваць! – супакойвае мяне Вадзім Іванавіч. – Банкамат, як і інфакіёск – складаная машына, з якой, як і з любой іншай тэхнікай, здараюцца, на жаль, час ад часу праблемы.
–Ці ёсць верагоднасць, што банкамат пра некаторы час самаадвольна верне картку і яна трапіць у чужыя рукі?
–Калі прайшло некалькі хвілін і на маніторы з’явілася дзяжурнае акно – такая верагоднасць выключаецца.
–Што ж рабіць кліенту, калі банкамат забраў картку?
–Калі гэта будні дзень, рабочы час – звярнуцца ў банк. Канкрэтна – да мяне. Картка будзе вернута, таксама можна выкарыстоўваць фьючерс. У выхадны дзень можна патэлефанаваць па нумару 299-25-25 кругласутачнай сервіснай службы банкаўскага працэсінгавага цэнтру і, паведаміўшы аб праблеме, заблакіраваць картку. Ну а ў панядзелак звярнуцца ў банк, напісаць заяву і забраць яе.
–Гэта паслуга платная?
–Не.
–А калі банкамат забраў картку па віне кліента, які, напрыклад, няправільна ўвёў PIN-код?
–Няважна. Карткі мы вяртаем бясплатна, нават калі гэта не першы выпадак. Платнай з’яўляецца толькі выраб новай банкаўскай карткі ў выпадку яе страты.


Забраўшы картку, адразу, па сялянскай звычцы – давярай, але правярай! – вырашыў праверыць колькасць сваёй наяўнасці. Дакладней — безнаяўнасці. Усё было капеечка ў капеечку! “Хэпі энд”, як кажуць англічане. Але апынуцца яшчэ раз у падобнай сітуацыі, шчыра прызнаюся, не хацелася б.

Эдуард ІВАНАЎ.