На вуліцы Новай прыпынак будзе забаронены

09:33 / 16.05.2010

У рэдакцыю паступіла калектыўная скарга жыхароў вуліцы Новая на тое, што аўтамабілі, якія прыязджаюць на рынак, ператвараюць іх жыццё ў пекла. З 6 гадзін раніцы і пакуль не зачыніцца рынак, вуліца ператвараецца ў суцэльную аўтастаянку, хоць непадалёк абуладкавана камфартабельная стаянка аўтатранспарту. А жыхары Новай не маюць магчымасці адпачыць, ім даводзіцца прыбіраць смецце за нядобрасумленнымі вадзіцелямі — дворнік за гэтай вуліцай не замацаваны. Жыхары прасілі рэдакцыю пасадзейнічаць таму, каб на іх вуліцы быў устаноўлены дарожны знак, які забараняе стаянку аўтамабіляў.
Пісьмо жыхароў вуліцы Новая было даслана на рэагаванне ў аддзяленне Дзяржаўтаінспекцыі Астравецкага РАУС.


Днямі мы атрымалі адказ за подпісам выконваючага абавязкі начальніка ДАІ У.І. Александровіча. У ім паведамляецца, што 30 красавіка ў КУП “СМЭП” Гродзенскага аблвыканкама , якое займаецца ўстаноўкай дарожных знакаў, накіравана тэхнічнае заданне на ўстаноўку на вуліцы Новай у г.п. Астравец дарожных знакаў 3.27 “Прыпынак забаронены”. Плануецца, што гэтыя знакі будуць устаноўлены да канца мая бягучага года.