Журналісцкае жніво

16:45 / 13.05.2010

У хлебаробаў цяпер гарачы час – пасяўная. У журналістаў – таксама: у іх —“жніво”. Яно вянчае мінулагоднюю працу перыядычных выданняў.
Як правіла, у гэты дні, прымеркаваныя да Дня друку, падводзяцца вынікі многіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. І мы з задавальненнем дзелімся радасцю са сваімі вернымі сябрамі – чытачамі: “Астравецкая праўда” – не апошняя ў гэтым жніве.





У рамках Міжнароднай выстаўкі “СМІ Беларусі”, якая дзейнічала ў Мінску з 4 па 7 мая, праходзіла ўзнагароджванне пераможцаў і дыпламантаў многіх рэспубліканскіх творчых конкурсаў. Газета “Астравецкая праўда” разам з “Народнай газетай” і “Гродзенскай праўдай” была ўзнагароджана дыпломам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і каляровым тэлевізарам за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.
Стала прызёрам наша газета і ў рэспубліканскім творчым конкурсе на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях і асноў бяспекі жыццядзейнасці – нам прысуджана другое месца ў намінацыі “Лепшы праект”.
Конкурсы працягваюцца, падвядзенне іх вынікаў – таксама. І мы спадзяемся, што гэта не апошнія перамогі ў нашым сёлетнім журналісцкім жніве.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.