Міліцыя паведамляе...

09:06 / 05.05.2010

ПАКАПАЛІСЯ Ў МАШЫНЕ
На жаль, у нашай краіне крадзяжы з аўтамабіляў не рэдкасць. У раёне, на шчасце, іх няшмат, але час ад часу здараюцца.
Чарговы выпадак быў зарэгістраваны ў Астраўцы ў перыяд з 23 гадзін 21 красавіка да 13.30 22 красавіка.
Як паведаміў жыхар вуліцы Валадарскага, з яго машыны “Фольксваген-Джэта”, якая стаяла каля пад’езда, у гэты час была ўкрадзена магнітола.
Міліцыяй праводзіцца праверка.


ВЕЛАСІПЕД АД БАБУЛІ
У міліцыю за дапамогай звярнулася жыхарка вёскі Альхоўка.

Як заявіла жанчына, 30 красавіка ад рынка ў Альхоўцы быў украдзены дамскі веласіпед сіняга колеру, які належыць яе бабулі.
Па гэтай справе вядзецца праверка.

ДАЙЦЕ, ЧАГО НЕ ШКАДА…
Звычайна, калі мы збіраемся ў госці, то гаспадарам рыхтуем пачастункі і падарункі. А вось жыхар Варнян зрабіў наадварот...

1 мая жыхарка вуліцы Савецкай у Варнянах вырашыла зайсці ў госці да знаёмага аднавяскоўца. Ці купіла жанчына які-небудзь падарунак варнянцу, дакладна невядома, але прыкладна з 12 да 13 гадзін дня «падарунак» самому сабе ён зрабіў: адабраў у жанчыны сумачку, у якой знаходзілася 90 тысяч рублёў, мабільны тэлефон “Матарола”, і прадукты харчавання.
Пасля гэтага мужчына, ні кроплі не саромеючыся, выгнаў жанчыну з хаты.

КЛАСЦІ – КЛАЎ, А ЎЗЯЦЬ НЯМА ЧАГО…
Заявы аб крадзяжы мабільных тэлефонаў з зайздросным пастаянствам прыходзяць у міліцыю.

Літаральна на пару гадзін, з 17.45 да 19.30 2 мая, пакінуў мабільны тэлефон “Самсунг GT-T10801” на верандзе свайго дома жыхар вёскі Ліпкі, але калі успомніў пра яго, мабільніка ўжо і след знік.
Калі і хто прырабіў да мабільніка ногі – высвятляе міліцыя.

ДАРОГА Ў НІКУДЫ…
Часам здаецца, што “прыняць на грудзі” перад доўгай вандроўкай для некаторых вадзіцеляў – вельмі важны рытуал.

24 красавіка ў 15.50 на першым кіламетры шашы Малі-Радзюлі-Альгіняны быў спынены жыхар вуліцы Гашкевіча ў вёсцы Малі, які працуе ў мясцовым СВК механізатарам. Яго стан не дазволіў супрацоўнікам ДАІ даць «дабро» на працяг паездкі.
2 мая ў 0.20 у вёсцы Варона на вуліцы Карла Маркса ДАІшнікамі быў спынены аўтамабіль «Фольксваген». За яго рулём у той момант знаходзіўся нецвярозы астраўчанін 1991 года нараджэння, які пражывае на вуліцы Школьнай і працуе ў МПМК-158 будаўніком.
Далейшы вадзіцельскі лёс гэтых грамадзян будзе вызначаць суд.

КРОПЛЯ Ў БУТЭЛЬКУ – КАПЕЙКА Ў КІШЭНЮ
У мінулы чацвер 29 красавіка супрацоўнікамі міліцыі было знойдзена “сховішча” саматужнай гарэлкі.

Знаходзілася яно ў кладоўцы дома ўраджэнкі і жыхаркі вёскі Заборцы, пенсіянеркі 1944 года нараджэння. Па дадзеных міліцыі ў жанчыны было канфіскавана 80 літраў самагону.

Антон ЧЫК.