Ад нашага галоўнага карэспандэнта

08:49 / 05.05.2010
Ва ўсёй Беларусі 5 мая адзначаецца Дзень друку – прафесійнае свята журналістаў і ўсіх нашых пазаштатных супрацоўнікаў і, канешне, вас, паважаныя чытачы, таксама. З чым мы вас і сябе таксама віншуем.
А ў гасцёўню “Візаві”, прысвечаную Дню друку, мы запрасілі нашых актыўных чытачоў і пазаштатных аўтараў, як часта іх называлі раней, – нашых галоўных карэспандэнтаў. Сёння іх шматлікую армію прадстаўляюць адзінаццацікласніца Гудагайскай СШ Анастасія Баршчэўская, якая марыць стаць журналістам, і бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі, краязнаўца Іаланта Валуевіч.



– Якое месца ў вашым жыцці займае “Астравецкая праўда”?
Анастасія Баршчэўская:
Вялікае. У наш час рэспубліканскія навіны можна даведацца з рэспубліканскіх і абласных газет, паглядзець па тэлевізары, паслухаць па радыё. А рэгіянальныя навіны можна прачытаць толькі ў раённай газеце. Таму, каб быць у курсе таго, што адбываецца ў раёне, трэба выпісваць раённую газету. А таксама цікава і прыемна на старонках газеты бачыць знаёмыя твары, даведвацца пра жыццё сваіх землякоў і іх лёсы.
Іаланта Валуевіч: З шаснаццаці гадоў я працую ў бібліятэцы, таму да газеты звярталася і цяпер звяртаюся кожны дзень. У бібліятэцы ёсць краязнаўчая картатэка, у якой, сярод іншых матэрыялаў, ёсць і інфармацыя з “Астравецкай праўды”. З самага пачатку працоўнай дзейнасці я вяла альбом, у які складвала выразкі з газеты, што датычыліся нашага краю. Цяпер яны ўвайшлі ў летапіс вёскі. Так што значнасць газеты вялікая.
І ўвогуле, газета і раней была, і цяпер таксама з’яўляецца народнай заступніцай. Што б ні здарылася – бяда, радасць, неабходнасць ў дапамозе – людзі звяртаюцца ў газету. І яна ўсім дапамагае.






– Як даўно вы чытаеце “раёнку”?
Анастасія Баршчэўская:
Колькі сябе помню. У раннім дзяцінстве разглядвала фотаздымкі. Калі пайшла ў школу, пачала праглядваць невялікія матэрыялы. Цяпер жа чытаю з самага пачатку і да канца.
Наша сям’я выпісвае шмат газет і часопісаў. Але “Астравецкая праўда” сярод іх заўсёды – на першым месцы.
Іаланта Валуевіч: З дзяцінства. Бацькі сталі выпісваць “раёнку” з таго часу, як быў адноўлены раён і пачала выходзіць газета. Цяпер я не ўяўляю свайго жыцця без яе. Навіны, жыццё знаёмых і незнаёмых людзей, перамогі дзяцей і дарослых і шмат іншай патрэбнай інфармацыі можна знайсці ў газеце.
– Што вам у ёй падабаецца, а што – не?
Анастасія Баршчэўская:
Усё падабаецца. Усё арганізавана на годным узроўні. З цягам часу можна было б павялічыць аб’ём газеты.
Каб прыцягнуць увагу малодшых школьнікаў, цудоўна было б арганізаваць старонку для дзяцей, на якой размяшчаць рэбусы і цікавыя заданні для хлопчыкаў і дзяўчынак, вершы і невялікія апавяданні.
Іаланта Валуевіч: Я ганаруся нашай газетай. І не толькі я. Ведаю, што яе чытаюць жыхары іншых рэгіёнаў рэспублікі – і ім яна таксама падабаецца. У газеце ёсць усё: палітыка і гісторыя, эканоміка і сельская гаспадарка, духоўнасць і культура. Газета поўная і аператыўная і адназначна – яна адпавядае нашаму часу. Мне падабаецца праект “На карце Астравеччыны” і я дачакацца не магу, калі журналісты прыедуць да нас. А яшчэ тое, што кожны год у газеце з’яўляюцца новыя рубрыкі і тэматычныя старонкі. І нават калі б хацеў знайсці нешта, чаго ёй не хапае, то не знойдзеш. Таму і любяць яе людзі, выпісваюць і чытаюць.
– Калі і з якой нагоды з’явілася жаданне пісаць і супрацоўнічаць з газетай?
Анастасія Баршчэўская:
Па-першае, я вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай, таму і пачала пісаць у газету. А па-другое, хацелася б, каб пра нашу школу, мерапрыемствы, якія ў ёй праходзяць, пра нашых настаўнікаў і вучняў ведалі ва ўсім раёне.
Але з якой бы мэтай я ні пісала ў газету, удзячна, што “Астравецкая праўда” дапамагла мне зрабіць першыя крокі ў журналістыку.
Іаланта Валуевіч: Усё пачалося са знаёмства з Адамам Мальдзісам на вечарыне, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Казіміра Сваяка. Ён дасылаў мне розныя матэрыялы, я іх чытала, збірала, сустракалася з людзьмі, занатоўвала іх успаміны. А потым, дзесьці з 2002 года, пачала пісаць – хочацца расказаць людзям пра нашых знакамітых землякоў, каб іх ведалі і імі ганарыліся.
– З нагоды свята якія пажаданні газеце і яе супрацоўнікам вы хацелі б выказаць?
Анастасія Баршчэўская:
Самае галоўнае – каб газета развівалася і далей. У творчага калектыву было натхненне пісаць цікавыя матэрыялы. А чытачы з задавальненнем выпісвалі і чыталі нашу раённую газету.
Іаланта Валуевіч: Па-першае, хацелася б выказаць удзячнасць за публікацыі па асвятленню жыцця і творчасці Казіміра Сваяка. Творчым супрацоўнікам газеты пажадаць поспехаў і здароўя, а жанчынам – яшчэ і прыгажосці. А таксама каб ваша творчасць была заўважана і ацэнена па заслугах.

Алена ЯРАШЭВІЧ.