5 мая – Дзень друку!

08:11 / 05.05.2010
2
Тым, хто памятае і хто забыўся, нагадваем: сёння – Дзень друку: свята ўсіх, хто мае адносіны да друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.

У дачыненні да нашага раёна – прафесійнае свята супрацоўнікаў “Астравецкай праўды”. Сённяшніх і былых – тых, хто аддаў многія гады свайго жыцця газеце, якая для іх – не проста радок біяграфіі, а часцінка душы. Дзякуй вам, Яўгеній Мікалаевіч Кулакоў, Іван Іванавіч Петрык, Людміла Казіміраўна Ярмаловіч, Людміла Іванаўна Сцяфанчык, за самаадданае служэнне газеце – ва ўсіх сённяшніх поспехах “Астравецкай праўды” ёсць часцінка і вашай працы, без яе яна б не стала такой, як ёсць.
На жаль, не ўсе ветэраны сёння з намі. Але мы верым, што яны чуюць нашы словы ўдзячнасці, адчуваюць наша прызнанне – за тое, што працавалі, не шкадуючы сіл, не бераглі сябе, на першае месца заўсёды ставілі газету. Мы ўпэўнены, што яны і цяпер з намі са сваёй нябачнай падтрымкай – колішні рэдактар Аляксандр Пятровіч Сыч, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Леанід Іосіфавіч Ламека, Павел Дзянісавіч Мартынаў, Іван Сцяпанавіч Мельнікаў, усюдыісны загадчык сельгасаддзела і фатограф Васілій Аляксеевіч Бондар, колішні нязменны карэктар Іван Сафонавіч Странчанка, маладыя супрацоўнікі, жыццё якіх абарвалася на ўзлёце, якія не дажылі да ганаровага звання “ветэран”, — Янка Замара і Віктар Куркуль.
Але Дзень друку – свята не толькі тых, хто працуе ці некалі працаваў у рэдакцыі. Мы ўпэўнены, што яго лічаць сваім шматлікія нашы няштатныя аўтары, якія хто часцей, хто радзей дасылаюць свае артыкулы і фотаздымкі ў газету – і праз нейкі час бачаць у свежым нумары, які яшчэ пахне друкарняй, сваё прозвішча, такое прывычнае — і такое незнаёмае, калі яно набрана друкарскім шрыфтам. Усе супрацоўнікі газеты, вопытныя і пачынаючыя, добра памятаюць гэта адчуванне, бо ўсе некалі — хто раней, хто пазней — праходзілі “хрышчэнне газетай”.
І хто асмеліцца сказаць, што Дзень друку не з’яўляецца другім прафесійным святам для бібліятэкара са Спондаў Іаланты Валуевіч, чые краязнаўчыя артыкулы, расповеды пра знакамітых землякоў, простыя і драматычныя лёсы людзей роднага краю – своеасаблівае адкрыццё? Для настаўніцы з Варнян Людмілы Кухарэвіч, якая ўкладвае ў кожны свой артыкул часцінку сваёй паэтычнай і пявучай душы. Для яе калегі з Вароны Марыі Пешка, “лёсавыя” апавяданні якой прымушаюць думаць і суперажываць. Для школьніцы Насці Баршчэўскай, якая марыць пра тое, каб гэты дзень стаў яе сапраўдным прафесійным святам – як стаў ён для Людмілы Мінкевіч, студэнткі журфака, якая і ў сталіцы не забываецца, адкуль яе карані, і заўсёды стараецца знайсці нешта цікавае, што тычыцца Астравеччыны. Для супрацоўніка мытнай службы Алеся Юркойця, філасофскі фотапогляд якога час ад часу натхняе нашых журналістаў на “Фотаслова”, а для чытачоў яго здымкі – заўсёдная нагода задумацца над вечнымі пытаннямі. Для Аляксандра Сенюця, які змяніў месца жыхарства і працы, але не перастаў пісаць для нашай газеты, сваім прыкладам лішні раз пацвярджаючы, што журналістыка – гэта не прафесія, а стан душы.
Мы віншуем з нашым агульным святам усіх іх. А таксама – Леакадзію Кіткоўскую, чые своеасаблівыя погляды на адзін дзень з жыцця жанчыны прымушаюць многіх паглядзець на сябе і сваё існаванне іншымі вачамі. Псіхолага Юлію Ражко, прафесійныя парады якой дазваляюць разабрацца ў многіх жыццёвых праблемах. Цырульніка-візажыста Юлію Спецыян-Сянюць, парады якой дапамагаюць жанчынам лепш выглядаць і, адпаведна, адчуваць сябе больш упэўнена. Юрыя Граблеўскага, Лявона Целеша, Сяргея Шаршаневіча, чые крыжаванкі дазваляюць аматарам гэтага занятку цікава і з карысцю правесці суботні вечар. Нязменных удзельніц рэдакцыйных конкурсаў Рэгіну Дрэма, Капіталіну Пятроўскую, Марыю Бруйко — іх вясёлы і аптымістычны погляд на рэчы ўздымае настрой усім чытачам. Ганну Сцефановіч, “Асабістыя меркаванні” якой паказваюць даўно знаёмую праблему ў іншым ракурсе. Юрыя Горыда, які ў таленавітых фотаздымках дэманструе сваё, асаблівае бачанне жыцця і свету.
А яшчэ мы ў гэты дзень дасылаем віншаванні нашым даўнім і адданым памочнікам – работнікам пошты. Бо, хоць у іх і ёсць сваё прафесійнае свята, і нават два – Дзень работнікаў усіх галін сувязі, які будзе адзначацца літаральна праз два дні, і Сусветны дзень пошты, усё ж рэдакцыя лічыць, што Дзень друку – таксама іх свята. Бо мы працуем у цесным узаемадзеянні, і без іх дапамогі нам цяжка было б данесці плён сваёй працы да тых, каму яна найперш прызначаецца – да нашых чытачоў.
І, вядома ж, мы віншуем са святам чытачоў «Астравецкай праўды». Усіх – тых, хто любіць сваю “раёнку” і не шкадуе цёплых слоў для яе і тых, хто шукае на яе старонках найперш недахопы і памылкі. Тых, хто чытае яе многія гады і дзесяцігоддзі – і тых, хто аформіў падпіску ўпершыню. Хто дасылае нам лісты ці заходзіць асабіста, каб прааналізаваць тыя ці іншыя публікацыі, і тых, хто ананімна “ёрнічае” ў каментарыях на нашым сайце. Бо без вас, шаноўныя нашы падпісчыкі і чытачы, не было б нас – журналістаў, камп’ютэршчыкаў, усяго калектыву рэдакцыі. А без нас не было б вашай любімай ці не вельмі, але ўсё роўна неабходнай ”Астравецкай праўды” – ва ўсякім выпадку, у сённяшнім яе выглядзе.
Так што ад імя ўсіх супрацоўнікаў “Астравецкай праўды” віншую вас і нас з вашым і нашым святам – Днём друку. Хай яно заўсёды застаецца нашым агульным, а наша сяброўства – нязменным і верным.


Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар газеты «Астравецкай праўды».