Буду фармацэўтам! Ці правізарам?

15:33 / 04.05.2010

У газетах і інтэрнэце часта трапляюцца аб’явы аб тым, што той ці іншай арганізацыі патрабуюцца фармацэўты і правізары. Так, да прыкладу, толькі за апошнія дзесяць дзён на партале tut.by змешчана 25 вакансій на гэтыя спецыяльнасці. Можна зрабіць выснову, што прафесія фармацэўта запатрабаваная на рынку працы. А хлопчыкам і дзяўчынкам, якія яшчэ не вызначыліся са сваім будучым, варта гэтую інфармацыю ўзяць на ўзбраенне, бо важна не толькі выбраць прафесію па свайму густу, але і быць крыху прадбачлівымі, каб потым не застацца добрым, але незапатрабаваным спецыялістам.
А чым адрозніваецца фармацэўт ад правізара? Як стаць адным з іх? І ўвогуле, чым займаюцца гэтыя людзі? На нашы шматлікія пытанні знайшліся простыя і дасціпныя адказы ў в.а. загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі Васілія Васільевіча Будніка.


– Васілій Васільевіч, раскажыце пра свой шлях да прафесіі.
– У дзяцінстве я марыў стаць ваенным медыкам. Справа ў тым, што бацька ў мяне – ваенны, а маці – медык. І мне хацелася сумясціць гэтыя дзве прафесіі ў адной. Але ў школе ў мяне добра ішла хімія, і я вырашыў спыніцца на фармацэўтыцы. Спачатку вучыўся ў Магілёўскім медыцынскім вучылішчы на спецыяльнасці “фармацыя”, пасля паступіў на завочнае аддзяленне ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Працаваў у Смаргоні, Шчучыне, а са жніўня 2009 года пераведзены ў Астравец выконваючым абавязкі загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі.
– Што ўяўляе сабой аптэчная сетка нашага раёна?
– Наша цэнтральная раённая аптэка мае першую катэгорыю – гэта значыць, што мы выконваем яшчэ і вытворчую функцыю: не толькі прадаём, але і вырабляем лекі. У нас ёсць для гэтага дыстыляцыйна-стэрылізацыйнае памяшканне, асептычны блок, асістэнцкая і мыйная, а таксама неабходны персанал – фармацэўт-асістэнт і правізар-аналітык. Акрамя таго, мы маем адзін філіял у Астраўцы (аптэка № 212) і чатыры ў вёсках Міхалішкі, Кямелішкі, Варняны, Гервяты. У Гервятах работа аптэкі прыпынена з-за адсутнасці спецыяліста. У такім выпадку на базе ФАПаў мы заключаем дагавор падраду з работнікамі на рэалізацыю медыкаментаў. Дарэчы, мы забяспечваем лекамі 19 ФАПаў.
– Чым можа ганарыцца ваша аптэка?
– Перш за ўсё тым, што ў нас прыбытковае прадпрыемства. А па выніках 2009 года сярод раённых аптэк Гродзенскай вобласці мы дасягнулі самага высокага росту таваразвароту і прадукцыйнасці працы. Рост таваразвароту склаў 152,6 працэнта пры 133,3 працэнта ў сярэднім па вобласці. І гэта не ёсць сведчанне таго, што людзі сталі больш хварэць. Проста мы сталі больш граматна прадаваць медыкаменты. Так, калі чалавек лечыцца антыбіётыкамі, мы прапаноўваем тавары, якія ліквідуюць пабочныя дзеянні гэтых лекаў – вітаміны, прэпараты з біфідабактэрыямі. Хай ён сёння пераплаціць, але потым не трэба будзе лячыць яшчэ адну хваробу і плаціць удвая больш.
Мы палепшылі матэрыяльна-тэхнічную базу і зрабілі рамонт у цэнтральнай раённай аптэцы, а таксама ў дзвюх сельскіх – у Кямелішках і Варнянах.
Але ёсць і праблемы. Асноўныя цяжкасці звязаны з недахопам кадраў. У нашым раёне працуе 7 фармацэўтаў і 4 правізары. І для нармальнага функцыянавання аптэчнай сеткі раёна не хапае трох чалавек. А з улікам развіцця пасёлка мы будзем мець патрэбу ў 10 - 15 спецыялістах.
– Чым адрозніваецца фармацэўт ад правізара? І ў чым заключаецца іх дзейнасць?
– Усё даволі проста: фармацэўт мае сярэднюю адукацыю, а правізар – вышэйшую. У нас фармацэўты задзейнічаны на продажы лекаў і на іх вырабе. Правізар-аналітык правярае лякарства, якое зрабіў фармацэўт-асістэнт, каб у продаж паступіў якасны тавар. Іншыя правізары займаюцца пытаннямі забеспячэння насельніцтва і арганізацый лекавымі сродкамі і вырабамі медыцынскага прызначэння.
– Часта мы назіраем такую карціну: у чалавека, да прыкладу, баліць горла, ён прыходзіць у аптэку і кажа: “Дайце мне што-небудзь”. Наколькі можна давяраць рэкамендацыям фармацэўта?
– Можна спакойна давяраць. Нягледзячы на тое, што фармацэўты маюць сярэднюю адукацыю, але я, як былы выпускнік Магілёўскага медвучылішча, магу запэўніць, што ўсе дысцыпліны выкладаюцца там на вельмі высокім узроўні. Гэта старая савецкая школа, якая дае непахісныя веды і навыкі. Цяпер у Магілёўскі медыцынскі каледж прыязджаюць вучыцца замежныя студэнты з 50 краін свету. А дыпломы Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта даюць магчымасць правізарам працаваць у краінах Еўропы – трэба толькі здаць экзамены па веданню мовы і мясцовай фармакалогіі.
– А ў якіх навучальных установах можна атрымаць прафесію правізара і фармацэўта? Якія ўступныя экзамены трэба здаваць?
– У Беларусі ёсць толькі дзве навучальныя ўстановы, дзе ёсць спецыяльнасць “фармацыя” – гэта Магілёўскі медыцынскі каледж, дзе рыхтуюць фармацэўтаў, і Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт, дзе можна атрымаць дыплом правізара. І ў каледж, і ва ўніверсітэт здаваць трэба тры профільныя прадметы – хімію, біялогію і рускую ці беларускую мову. У Магілёўскі медыцынскі каледж штогод набіраюць 90 чалавек, а ў Віцебскі ўніверсітэт – 100.
– Якія аргументы можна прывесці, каб выклікаць інтарэс у сённяшніх школьнікаў да прафесіі фармацэўта ці правізара?
– Па-першае, быць фармацэўтам ці правізарам – сапраўды цікава. З аднаго боку – гэта работа з людзьмі, а з другога – з лекамі. А леказнаўства і фармакалогія – гэта навукі-загадкі, таму што любое лякарства – формула, якую неабходна разгадаць. Гэта работа для тых, хто не выносіць нуднага існавання, а імкнецца да ведаў і ўдасканальвання.
Па-другое, гэта добрааплачваемая праца. Нават у Астраўцы сярэдняя зарплата складае каля 700 тысяч рублёў, у сталіцы – нашмат больш. Фармацыя адрозніваецца ад іншых арганізацый тым, што у нас вельмі лаяльны калектыўны дагавор – многа даплат і матэрыяльных падтрымак.
Па-трэцяе, гэта запатрабаваныя прафесіі. Чалавек з такой адукацыяй ніколі не застанецца без работы. І не абавязкова працаваць у аптэцы. Для іх адчынены дзверы судмедэкспертыз, фармацэўтычных заводаў і фабрык, аптэчных складоў, кантрольна-аналітычных лабараторый, дзе праводзяць аналіз лекавых сродкаў з-за мяжы і кантралююць умовы продажу. Акрамя таго, гэта магчымасць працаваць прадстаўніком буйных фармацэўтычных кампаній – гэта значыць, прасоўваць прадукцыю на рынку Беларусі і краін Еўропы. А калі вы ведаеце замежную мову, то можаце працаваць нават у Еўропе. А там гэта вельмі прэстыжная прафесія.
– А што наконт шкоднасці?
– Шкоднасць мінімальная. Мы вызвалены ад работы з лекамі ў чыстым выглядзе, на сённяшні дзень 95 працэнтаў медыкаментаў – гэта гатовыя лякарствы.
– Ці даеце вы мэтавыя накіраванні школьнікам нашага раёна?
– Так, і ў неабмежаванай колькасці. Пры адной умове: адзнакі па профільных прадметах будуць не ніжэй шасцёрак. Хацелася б, каб і хлопчыкі праяўлялі большую цікавасць да нашай прафесіі. Дарэчы, да пачатку ХХ стагоддзя фармацэўтам мог быць толькі мужчына. Гэта запатрабаваная, цікавая і перспектыўная прафесія.
Увогуле цяперашняя фармацэўтычная справа выйшла на новы ўзровень з шырокім выкарыстаннем камп’ютэрных тэхналогій і новага тэхналагічнага абсталявання.
– Мяне вы зацікавілі, як, будзем спадзявацца, многіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Жадаю вам поспехаў!


Гутарыла Вольга ШОЎКУН.