Лістапад выдаўся багатым на ўзнагароды для цэнтра пазашкольнай работы

08:22 / 14.12.2011

Наша газета ўжо паведамляла, што ў кастрычніку педагогі цэнтра А.М. Букель, Н.В. Рынковіч, В.В. Віннічак, Я.І. Мілаш і Н.А. Бялячыц займаліся стварэннем кампазіцый на абласны конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці пад назвай “У стылі этна-арт”. На днях былі падведзены яго вынікі. Сярод узнагароджаных – работа Валянціны Вільеўны Віннічак “Буслінае лета”. Кампазіцыя з саломкі была адзначана дыпломам І ступені.


Яшчэ адну ўзнагароду паклала ў сваю педагагічную скарбонку педагог цэнтра Н.В. Рынковіч. Наталля Вацлаваўна ўдзельнічала ў абласным майстар-класе для педагогаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Традыцыі і навацыі”. На майстар-клас, які яна паказала па тэме “Тэкстыльная лялька”, завітала каля сарака педагогаў з усёй вобласці. Акрамя тэарэтычнай часткі, якую яна прадставіла наведвальнікам семінара, Наталля Вацлаваўна правяла з педагогамі практычныя заняткі па рабоце з дробнымі дэталямі, а таксама падзялілася з імі сваімі распрацоўкамі.
У выніку за высокі прафесіяналізм і творчы падыход у правядзенні абласнога майстар-класа Наталля Вацлаваўна была ўзнагароджана Граматай Гродзенскага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
З перамогай вярнуліся з абласнога конкурсу фларыстаў-аранжыроўшчыкаў “Кветкі, прыгажосць, творчасць”, які праходзіў у горадзе Гродна, удзельніцы з Астраўца i Верхнядзвiнска. Дар’я Гродзь, якая наведвае гурток А.М. Букель “Фантазія”, выступала ў групе “Майстры” ў намінацыі “Лес. Казка. Шарм”. Аліцыя Кусойць і Вікторыя Мілаш, якія займаюцца ў гуртку “Фларыстыка” пад кіраўніцтвам Я.І. Мілаш, выступалі ў групе “Дэбют”. Дзяўчаты выбралі для работы намінацыю “Мелодыя восені”.
За гадзіну, якая была адведдзена на выраб кампазіцыі з кветак і прыроднага матэрыялу, дзяўчаты змаглі зрабіць сапраўдныя творы мастацтва, якія ўразілі членаў журы.
У выніку Дар’я Гродзь і Віка Мілаш былі ўзнагароджаны Дыпломамі ІІ ступені і каштоўнымі падарункамі


Алена ЯРАШЭВІЧ.