Раскрыта крымінальная схема

15:03 / 08.07.2011

Да трох гадоў пазбаўлення волі з пазбаўленнем правоў займаць пасады, якія звязаны з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў і канфіскацыяй усёй асабістай маёмасці прыгавораны службовыя асобы Шчучынскага раённага спажывецкага таварыства.


Такі вердыкт суда ў адносінах да былых кіраўнікоў Шчучынскага райспажыўтаварыства – першага намесніка старшыні праўлення Ю.С. Вярцінскага і выконваючай абавязкі намесніка старшыні праўлення па прамысловасці С.В. Кавальчук. Службовыя асобы, адказныя за каардынацыю і развіццё нарыхтовак, арганізацыю разлікаў з пастаўшчыкамі тавараў і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне прадпрыемства, выкарыстоўвалі свае службовыя паўнамоцтвы ў карыслівых мэтах. У выніку іх злачынных дзеянняў падарваны аўтарытэт райспажыўтаварыства  ў вачах насельніцтва раёна, нанесены значны ўрон правам і законным інтарэсам грамадзян.
Крымінальныя схемы, па якіх дзейнічалі кіраўнікі Шчучынскага раённага спажывецкага таварыства, раскрылі супрацоўнікі УКДБ па Гродзенскай вобласці.
У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што па заведама незаконных указаннях С.В. Кавальчук і Ю.С. Вярцінскага падначаленыя ім нарыхтоўшчыкі вымушаны былі афармляць фіктыўныя дакументы аб закупцы ў насельніцтва сельгаспрадукцыі. Самі ж кіраўнікі арганізацыі не выконвалі патрабаванні нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць працэс нарыхтоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Фактычна грошы з рэспубліканскага бюджэту, якія былі прызначаны для падтрымкі сельскагаспадарчых вытворцаў, ішлі ў кішэні пасрэднікаў-перакупшчыкаў сельгаспрадукцыі, якія скуплялі яе ў насельніцтва па заніжаных цэнах. Рэалізацыя ценявых схем стварыла прадумовы для здзяйснення злачынстваў у сферы эканомікі: злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, атрымання і дачы хабару, службовага падлогу. Усё гэта наносіць значны ўрон эканамічным інтарэсам дзяржавы, правам і законным інтарэсам грамадзян, а таксама іміджу ўсёй сістэмы спажывецкай кааперацыі.


Прэс-служба УКДБ РБ па Гродзенскай вобласці.