Па аператыўных зводках міліцыі

15:41 / 06.07.2011
МАБІЛЬНЫЯ  ЗЛОДЗЕІ

Апошнім часам на Астравеччыне зноў актывізаваліся “паляўнічыя” на мабільныя тэлефоны.
21 і 23 чэрвеня супраць аднаго такога злодзея з вёскі Ізабеліна ўзбуджана крымінальная справа. 20 чэрвеня каля 7 гадзін раніцы ён, знаходзячыся ў гасцях сваёй аднавяскоўкі, украў яе мабільны тэлефон “Самсунг”. Але на гэтым “прыгоды” мужчыны не скончыліся: у той жа дзень, але праз 10 гадзін, ён “прыхапіў” сабе яшчэ адзін мабільнік “Соні-Эрыксан” жыхара Ваўкавыска, які ўзяў на верандзе каля дома ў той жа вёсцы.
29 чэрвеня ў адносінах да жыхара вёскі Лоша была ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж мабільнага тэлефона “Соні-Эрыксан”. Мабільнік мужчына прыхапіў  з хаты аднавяскоўца пасля сумеснага распіцця алкагольных напояў.



ЗА РАШОТКІ – КРАТЫ

Мусіць, некаторыя грамадзяне лічаць, што калі нейкае прадпрыемства не працуе, то з яго тэрыторыі можна браць усё, што ім падабаецца…
Менавіта так і зрабілі невядомыя пакуль злодзеі з 20 гадзін 19 чэрвеня па 22 гадзіны 20 чэрвеня, што вынеслі за вароты непрацуючай фермы РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” ў Літвянах 52 чыгунныя рашоткі агульным коштам амаль 3,5 мільёна рублёў.



ДЫЗЕЛЬНЫЯ ПРЫГОДЫ

Тое, што цана на бензін і дызельнае паліва падрасла, на руку некаторым злачынцам, якія бачаць у гэтым дадатковы шанс зарабіць.
Так, напрыклад, 21 чэрвеня ў 13 гадзін на верандзе дома ў Кулішках супрацоўнікамі міліцыі было знойдзена і канфіскавана 230 літраў фарбаванага дызельнага паліва.
А яшчэ ў лютым  жыхары Ашмян, вадзіцелі  адкрытага акцыянернага таварыства “Аграпрамтэхніка”, шляхам прысваення і растраты, выкарыстоўваючы магнітную картку гэтага прадпрыемства, на заправачнай станцыі ў Астраўцы ўкралі амаль 600 літраў дызельнага паліва агульным коштам 1 мільён 546 тысяч рублёў. Паліва яны прадалі розным людзям. 20 чэрвеня супраць мужчын была ўзбуджана крымінальная справа.
30 чэрвеня ў 14.50  на дарозе каля вёскі Страчанка была затрымана машына “Форд-Транзіт”,  у салоне якой супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі знайшлі 130 літраў дызельнага паліва без дакументаў, якія б маглі пацвердзіць законнасць яго набыцця.



ШТО КРАДУЦЬ?

Злодзеі апошнім часам не грэбуюць нічым і цягнуць усё, што дрэнна ляжыць.
20 чэрвеня каля 23.00 жыхар райцэнтра праз незамкнёны гараж з дома, які будуецца па вуліцы Незалежнасці, здзейсніў крадзеж 4 упаковак уцяпляльніку “Paroc” і 4 рулонаў поліэтыленавай плёнкі.
27 чэрвеня Астравецкі суд вынес вердыкт па справе жыхара вёскі Літвяны, які яшчэ ў кастрычніку мінулага года ўкраў з хаты аднавяскоўкі 20 лістоў шыферу і 3 кубічныя метры вагонкі.
Справа яшчэ аднаго злодзея з Астраўца разглядалася 30 чэрвеня. Ён у канцы мая ўкраў з нежылога дома на вуліцы Незалежнасці шурупавёрт.
У гэты ж дзень былі ўзбуджаны крымінальныя справы па злачынствах, якія былі здзейснены на хутары Глінішча і ў вёсцы Міхалішкі. У першай справе невядомы злодзей украў з нежылога дома 2 пары ботаў, дыван, 4 бутэлькі гарэлкі і бутэльку бальзаму. У другім выпадку злодзей залез у гараж і ўкраў з машыны “Аўдзі-80” аўтамагнітолу “Соні” і 2 дынамікі.



“ХУТКІЯ” СПРАВЫ

За два мінулых тыдні ў парадку паскоранай вытворчасці ў РАУС было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў.


Дзве справы ўзбуджаны супраць двух жыхароў Астраўца, якія ўжо доўгі час сістэматычна ўхіляюцца ад выплаты грошай  на ўтрыманне сваіх дзяцей.
Яшчэ дзве ідуць па больш “цяжкім” артыкуле – тут мужчыны сістэматычна білі жанчын, з якімі  жылі пад адным дахам. Першы выпадак зарэгістраваны ў вёсцы Чэхі, дзе з лістапада 2010 года па чэрвень жанчына цярпела здзекі з боку свайго зяця. Другі “баявік” з Супранентаў  з красавіка па чэрвень пастаянна біў сваю сужыцельку.



ТЫТУНЁВЫЯ  ЗЛАЧЫНЦЫ

Падаражэнне тытуню не магло не адбіцца на заядлых курцах. Але такія “нарыхтоўкі”, якія апошнім часам знаходзяць міліцыянеры не могуць не выклікаць пытання “на якія грошы гэтыя цыгарэты набыты”.
23 чэрвеня ў 18.10 у гаражы жыхара вёскі Ліпкі праваахоўнымі органамі было знойдзена і канфіскавана 9350 пачак цыгарэт “Фэст” агульным коштам амаль 13 мільёнаў беларускіх рублёў. На жаль, у гаспадара не было ніякіх дакументаў, якія б змаглі пацвердзіць законнасць набыцця.
3 ліпеня ў 2.30 каля хутара Балоша быў затрыманы непрацуючы жыхар Астраўца 1979 года нараджэння. Пры сабе мужчына меў 3 тысячы пачак цыгарэт “Фэст” на суму 4 мільёны 170 тысяч рублёў. А праз 20 хвілін у лесе каля гэтага ж хутара супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі тайнік з такой жа колькасцю пачак цыгарэт “Фэст”.
30 чэрвеня ў 6.45 на беразе ракі Вілія каля вёскі Драўнелі быў знойдзены тайнік, у якім міліцыянеры знайшлі 6500 пачак цыгарэт “Мінск”, 1000 пачак “Магнат”, 4500 пачак “НЗ Голд”, 11000 пачак цыгарэт “Фэст”, 4000 пачкі цыгарэт “Крэда” і 8000 пачак “Прэм’ер” з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь. Агульны кошт “тайніка” склаў 63 мільёны 865 тысяч рублёў.
1 ліпеня ў лесе каля вёскі Катлоўка былі знойдзены цыгарэты “Мінск” і “Прэм’ер” агульным коштам звыш 9 мільёнаў рублёў.



ЗА РУЛЁМ – П’ЯНЫЯ

Што прымушае людзей сядаць за руль у стане алкагольнага ап’янення, адказаць складана. Але, якая б ні была прычына, яна павінна быць вельмі важнай, каб рызыкаваць  жыццём.
21 чэрвеня ў Астравецкім РАУС была ўзбуджана крымінальная справа супраць жыхара Ашмян, якога 11 чэрвеня затрымалі супрацоўнікі аўтаінспекцыі ў пасёлку Гудагай. Акрамя таго, што мужчына знаходзіўся за рулём свайго “Форд-Скорпіо” ў стане алкагольнага ап’янення, дык ён яшчэ ў гэтым годзе трапляў да міліцыянераў п’яным за рулём. На патрабаванне прад’явіць дакументы  ашмянец даў ДАІшнікам падробнае вадзіцельскае пасведчанне і талон да яго.
У той жа дзень у 19.45 у Падольцах за рулём аўтамабіля “Ісузу-Мантарэй” была затрымана нецвярозая жанчына 1991 года нараджэння, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску  па догляду  дзіцяці.
23 чэрвеня ў 21.00 на вуліцы Валадарскага за рулём  свайго аўтамабіля “Рэно-Лагуна” ў рукі да супрацоўнікаў ДАІ трапіў непрацуючы астраўчанін 1978 года нараджэння. Як паказала экспертыза, мужчына у той дзень добра прыклаўся да шклянкі.
Некаторыя гора-вадзіцелі адмаўляюцца ад экспертызы, відаць, лічаць, што для іх існуюць іншыя законы. Так 26 чэрвеня каля 17.00 на вуліцы Карла Маркса ў Астраўцы ад праходжання экспертызы адмовіўся непрацуючы сямнаццацігадовы юнак з вёскі Сыманэлі, які кіраваў сваім “Аўдзі-90”.
3 ліпеня своеасабліва вырашыў адзначыць Дзень Незалежнасці непрацуючы жыхар вёскі Даўцюны 1985 года нараджэння. У 9.40 яго ў стане алкагольнага ап”янення на матацыкле “Іж-Планета-5” спынілі супрацоўнікі ДАІ ў вёсцы Кямелішкі.


Антон ЧЫК.