На працягу года ў бібліятэках Астравеччыны праходзіла акцыя “Чытаем беларускую кнігу"

15:26 / 13.12.2011

Арганізатарам акцыі з’яўляецца Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага.


З 1 студзеня па 1 снежня чытачы бібліятэк знаёміліся з беларускамоўнымі выданнямі на выставах “Сэрцам роднага слова краніся” ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, “Родная мова – цудоўная мова” ў Гудагайскай, “Чытаем па-беларуску” ў Рымдзюнскай, Гервяцкай, “Калі ёсць мова – значыць ёсць народ” у Варнянскай, “Сэрцам роднага слова краніся” ў Альхоўскай і Ізабелінскай бібліятэках.
Падчас правядзення акцыі чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі і іх творчасцю. Двойчы на сустрэчу ў раённую бібліятэку прыязджалі паэт Л. Дранько-Майсюк, бард Э. Акулін. Цікавай і эмацыянальнай адбылася сустрэча з паэтам М. Скоблам і спявачкай Т. Матафонавай.
На сустрэчы з таленавітым паэтам С. Законнікавым прысутныя пачулі вершы і ўрыўкі з паэм у аўтарскім выкананні, перадгісторыю іх напісання. Паэт падзяліўся ўспамінамі аб Чарнобыльскай трагедыі, як адзін з першых яе ліквідатараў, адказаў на шматлікія пытанні.
У лістападзе адбыўся вечар-сустрэча са знакамітым земляком прафесарам Адамам Мальдзісам з нагоды яго 65-годдзя ў якасці чытача Астравецкай раённай бібліятэкі “Бібліятэчны раман даўжынёй у 65 гадоў”. Вядучыя – работнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі пазнаёмілі прысутных з жыццём і творчым шляхам славутага прафесара, а затым ён расказаў аб некаторых малавядомых выпадках свайго жыцця, аб шчырым сяброўстве з У. Караткевічам, адказаў на пытанні. Закончылася сустрэча абменам падарункаў: бібліятэкары ўручылі А. Мальдзісу Ганаровы чытацкі білет і брашуру “Адам Мальдзіс: Фотаімгненні”, а госць кожнаму прысутнаму падарыў сваю кнігу “Як жылі нашы продкі ў ХVІІІ стагоддзі. Восень пасярод вясны” з аўтографам.
У лістападзе сумесна з аддзелам адукацыі, рэдакцыяй газеты “Астравецкая праўда” бібліятэчныя работнікі ўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі “Чытаем разам. Чытаем па-беларуску” на Астравеччыне. Лаўрэаты Дзяржаўных прэмій у галіне літаратуры У. Ліпскі, М. Мятліцкі і Р. Баравікова сустрэліся з дзецьмі раёна ў кінаканцэртнай зале “Астравец” і расказалі аб сваёй творчасці, прачыталі ўрыўкі са сваіх твораў, правялі цікавыя літаратурныя конкурсы. Такія сустрэчы адбыліся і ў Рымдзюнскай сельскай бібліятэцы, а таксама прадоўжыліся на наступны дзень у школах раёна.
Найбольш актыўна працавалі ў рамках акцыі Гервяцкая бібліятэка-цэнтр нацыянальных культур, Рымдзюнская, Варнянская, Варонская, Гудагайская, Кямелішкаўская, Альхоўская сельскія бібліятэкі, цэнтральная бібліятэка, Завідзіненская бібліятэка-клуб.
У рамках абласной акцыі “Чытаем беларускую кнігу” бібліятэкары Варнянскай сельскай бібліятэкі супрацоўнічалі з мясцовым сацыяльным прытулкам. Кожны чацвер работнікі чытальнай залы з кнігамі і часопісамі наведваюць дзетак, якія на пэўны час засталіся без бацькоўскай апекі. Каб захапіць дзіцячыя сэрцы цеплынёй слова і мілагучнасцю роднай мовы падчас гэтых сустрэч праводзіліся гадзіны гучнага чытання, падарожжы па старонках часопіса “Вясёлка”, “Родная прырода”, турніры знаўцаў казак, прымавак і прыказак, хлопчыкі і дзяўчынкі самі чыталі на роднай мове вершы і розныя творы, прысвечаныя роднай зямлі і яе людзям.
Асабліва актыўны ўдзел прынялі ў акцыі работнікі дзіцячай бібліятэкі. Падчас правядзення Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі “Вялікае свята, дзе кніг багата” адзін дзень быў прысвечаны беларускай кнізе “З маленства слова роднае са мною”.Другі дзень Тыдня быў прысвечаны казкам і называўся “Сустрэчы з казачнікам”. Навучэнцы гімназіі 1 – 4 класаў наведалі астравы беларускіх народных казак. На кожным з іх бібліятэкары знаёмілі з цікавымі, маляўнічымі беларускімі выданнямі, якія абуджаюць пачуццё прыгожага і фантазію.
У час летніх канікул у бібліятэцы быў праведзены конкурс летняга чытання пад такой жа назвай. Удзельнікамі конкурсу сталі вучні 3 – 5 класаў СШ №1 і гімназіі №1. На працягу ўсяго лета дзеці перыядычна наведвалі бібліятэку, удзельнічалі ў масавых мерапрыемствах, выконвалі заданні з пэўнай тэмай, прыводзілі ў бібліятэку сяброў. Галоўнай умовай стала чытанне кніг на беларускай мове і напісанне водгуку па прачытанай кнізе беларускага пісьменніка.
Конкурс летняга чытання праводзіцца ў бібліятэцы не ўпершыню. Але менавіта ў гэтым годзе ён быў найбольш скіраваны на далучэнне чытачоў да беларускай кнігі. Эфектыўнасць конкурсу відавочная: павялічваецца колькасць наведванняў і кнігавыдач ў летні перыяд. Дзеці актыўна чытаюць кнігі, у тым ліку на беларускай мове. А галоўнае – адпачынак дзяцей становіцца больш змястоўным і цікавым.
Узбагачэнню слоўнікавага запасу, выхаванню павагі да краіны і беларускай мовы, спрыяў Дзень роднай мовы “Родная мова, матчына мова”. У гэты дзень чытачы ўдзельнічалі ў конкурсе-віктарыне “ Беларусь мая, родны край”. Бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу “Таленты нашай зямлі”, прысвечаную паэтычнай творчасці нашых землякоў.
Вынікі акцыі паказалі, што падчас правядзення акцыі абудзіўся інтарэс, асабліва ў чытачоў-дзяцей, да беларускай кнігі. Работнікі бібліятэк спадзяюцца, што ён не знікне. У гэтым годзе фонды нашых бібліятэк папоўніліся новымі кніжкамі беларускіх аўтараў. Мы запрашаем чытачоў наведаць бібліятэкі і спадзяёмся, што за беларускамоўнымі выданнямі чытачы прыйдуць менавіта ў бібліятэкі.


Святлана ЯЛОЎСКАЯ, загадчык аддзела маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі Астравецкай ЦБС.