Валанцёры з Міхалішкаўскай школы атрымалі граматы

15:33 / 13.12.2011

Кажуць, у кожнага з нас ёсць нябачны анёл-ахоўнік. Толькі чамусьці ён, як паказвае практыка, не заўсёды спяшаецца нас абараніць ці папярэдзіць аб нечым нядобрым. А вось группа валанцёраў «Анёлы» Міхалішкаўскай СШ, нягледзячы на сваю (пакуль што!) невялікую колькасць, за год існавання даказала дарэчнасць сваёй назвы.


Пачалася дабрачынная дзейнасць крыху больш за год назад. Ініцыятарам стварэння валанцёрскай групы стала малады спецыяліст Эльміра Бахманаўна Салтанава, якая прапанавала вучням паўдзельнічаць у праекце “Крок насустрач”. Першым “крокам” школьнікаў стала пасільная дапамога сталым людзям: вучні наведвалі хворых у бальніцы, размаўлялі з імі, расказвалі навіны, выслухоўвалі, хадзілі ў магазін за неабходнымі рэчамі. З цягам часу да атрада далучылася амаль уся школа – дзеці рабілі паштоўкі, рыхтавалі віншаванні, ладзілі канцэрты. Новы год, 8 Сакавіка, Дзень пажылых людзей, Дзень маці – ні адно з гэтых свят не абыходзіцца без удзелу “Анёлаў”. Прыезд брыгады астравецкіх валанцёраў “Прамень” на чале з Ірынай Ігараўнай Стэх, якая правяла майстар-класы з навучэнцамі, надаў больш упэўненасці рабятам, і праца закіпела. Акцыі да ўсіх свят, газеты, інфармацыйныя сесіі...
2 снежня “Анёлы” падрыхтавалі мерапрыемства да Дня барацьбы са СНІДам “Остановитесь!”, на якім школьнікам быў прапанаваны прагляд роліка аб шкодных звычках, інфармацыя аб “чуме ХХІ стагоддзя”. Напэўна, галоўнай і самай прыемнай часткай канцэрта стала выдача пасведчанняў валанцёрам. Граматы атрымалі не толькі лідары руху Юлія Мазырэц і Алена Дамуць, але і найбольш актыўныя яго ўдзельнікі Настасся Стэх, Марыя Вайнілка, Віялета Бернюкевіч і іншыя.
Што ж, “Анёлаў” прыбавілася, а значыць, у свеце стала больш дабра і станоўчых эмоцый.


Вольга ГРЫНЦЭВІЧ.