"Белая Русь" – з любоўю да дзяцей

16:37 / 07.07.2011

Штогод рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” у Дзень Незалежнасці праводзіць дабрачынную рэспубліканскую акцыю.


Кожны год такая акцыя праходзіць і ў нашым раёне. І сёлетні – не выключэнне.  Так атрымалася, што трэцяга ліпеня ў Астравецкай бальніцы з’явілася на свет чацвёра новых грамадзян. Іх матулі пражываюць у Смаргоні, але па збегу абставін (Смаргонскае радзільнае аддзяленне закрыта на рамонт) нараджаць дзетак прыехалі ў Астравец. Таму ў панядзелак  старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Валянціна Іванаўна Дземеш накіравалася ў бальніцу, каб павіншаваць матуль і іх дзяцей з днём нараджэння і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
У Дзень Незалежнасці на свет з’явіўся хлопчык-першынец у Таццяны Ляскоўскай, другі сыночак нарадзіўся ў Ганны Дубовік. Трэцюю дзяўчынку ў сваю сям’ю праз некалькі дзён прывязе Вольга Жураўлёва, другая дачушка нарадзілася ў Алесі Талавовай.  Валянціна Іванаўна са словамі віншавання ўручыла матулям камплекты для нованароджаных дзетак.  Дзеці і іх маці адчуваюць сябе добра і праз некалькі дзён паедуць  у свае сем’і.
Напярэдадні Дня Незалежнасці  ў радзільным аддзяленні Астравецкай бальніцы з’явіліся на свет  і новыя жыхары Астравеччыны. Таму Валянціна Іванаўна павіншавала тых маці і дзетак, якія на момант яе прыезду яшчэ знаходзіліся ў раддоме.
Пятае дзіця нарадзілася ў сям’і Алены Сымановіч з Міхалішак. Дзяўчынка пакуль што знаходзіцца ў абласной бальніцы ў Гродна, таму падарунак ад Валянціны Іванаўны – буклет “Астравецкі раён” і плед – мама прымала адна. А вось Вольга Капырына з Астраўца сустракала гасцей з дачушкай. Гэта першае дзіця ў  сям’і, таму новаспечаны тата  Васілій і дзядуля з бабуляй з нецярпеннем чакаюць іх вяртання дамоў. Першае дзіця, таксама  дзяўчынка,  нарадзілася і ў Алены Рукойць з Петраполі. Усіх іх чакалі падарункі і віншаванні ад старшыні раённай арганізацыі “Белая Русь” В.І. Дземеш.
Мы таксама далучаемся да віншаванняў і жадаем маці і новым грамадзянам Рэспублікі Беларусь моцнага здароўя.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.