Астравеччына святкавала Дзень Незалежнасці

15:56 / 06.07.2011

Каля помніка сабраліся прадстаўнікі ўсіх арганізацый Астравеччыны. І нават дождж, які яшчэ да пачатку мерапрыемства хацеў сапсаваць яго і вымусіў усіх раскрыць парасоны, убачыўшы добры настрой людзей, вырашыў адступіць. І ўсё ж яшчэ нейкі час неба палохала хмарамі і раскатамі грому. Але не змагло настрашыць людзей, якія сабраліся ў той дзень, каб  пакласці пачатак святкаванню Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.


Яшчэ да пачатку мітынгу каля помніка з’явіўся ганаровы каравул – два пагранічнікі, якія апошнія гады пастаянна на ўсе дзяржаўныя святы стаяць у ганаровай варце, – ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Гудагай”, браты Аляксандр і Арцём Бугаі.
Адкрыў  мітынг намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. Ён коратка спыніўся на гераічных старонках гісторыі нашай краіны – успомніў трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны і жыццё сучаснай незалежнай краіны, прапанаваў хвілінай маўчання ўшанаваць памяць тых, хто загінуў, змагаючыся за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Дырэктар гімназіі №1 Ірына Антонаўна Лях таксама з удзячнасцю ўспомніла подзвіг савецкіх людзей у гады вайны і расказала пра дасягненні і цяперашнія перамогі вучняў і настаўнікаў гімназіі №1 г.п. Астраўца.
Пра поспехі СВК “Гервяты” гаварыў яго старшыня Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, які сёлета да таго ж стаў пераможцам абласнога конкурсу “Лепшы кіраўнік года”.
З прывітальным словам выступіў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч. Але была ў яго і яшчэ адна ганаровая місія – уручыць узнагароды лепшым працаўнікам раёна, чые імёны напярэдадні Дня Незалежнасці былі занесены на раённую Дошку гонару. Пад бурныя  апладысменты яны атрымалі пасведчанні і грашовыя прэміі. Знамянальна, што сярод узнагароджаных зноў прагучала імя інструктара-метадыста раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Яўгенія Міхайлавіча Яфімава – другі год яго выхаванцы-хакеісты  пакараюць вобласць і дабіваюцца высокіх спартыўных вынікаў, а інжынер па добраўпарадкаванні і азеляненні РУП ЖКГ Алена Чаславаўна Русецкая ў гэты дзень яшчэ і адзначыла свой дзень нараджэння.
Выступіў на мерапрыемстве і намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы “Гудагай” Віталій Аляксандравіч Субаткевіч, які аддаў  загад салютнай групе выканаць ружэйныя залпы з нагоды свята. Пасля чаго прадстаўнікі арганізацый усклалі кветкі да помніка савецкім салдатам і пагранічнікам.
Свята прадоўжылася ў нядзелю, 3 ліпеня ў лесапаркавай зоне. На жаль, на гэты раз дождж зарадзіў з самай раніцы. Ды нягледзячы на тое, у дзесяць гадзін  гандлёвыя рады райспажыўтаварыства чакалі сваіх пакупнікоў, а па парку разносіліся пахі толькі што падсмажанага на вуголлях шашлыка, якія змешваліся з пахамі свежых булачак і пірожных.
 Не адпачывалі ў гэты дзень і супрацоўнікі аддзела культуры –  наладжвалі музыку, узгаднялі канцэртныя нумары – і здавалася, што дождж іх зусім не палохае.  Значыць,  свята будзе!
А людзі паціху пачалі збірацца ў парк. Хто ў куртках, хто пад парасонамі, дарослыя і дзеці мэтанакіравана ішлі паглядзець святочны канцэрт.
І ў дванаццаць гадзін святочная канцэртная праграма “Няхай жыве Белая Русь” пачалася. Святлана Куцько і Руслан Юргелянец, Аксана Сяўко, Уладзіслаў Рудзінскі, Наталля і Алена Такарчук, Вераніка Анімуцкая, Ілона Масейка, Каця Юркойць, Алеся Шадура, Вераніка Дашына, Ягор Бордак і Павел Дземяшкевіч, Дар’я Казюлевіч і Ксенія Кумішча, Караліна Шукяловіч, Валерыя Яхімовіч, Юлія Станкевіч, Надзея Вайцяховіч, Анастасія Клімашэўская, вакальная група “Авацыя”, народны хор ветэранаў і “Польскае рэха Астраўца” – 32 нумары на самыя розныя тэмы. Дзве гадзіны выходзілі на сцэну астравецкія артысты і, няглядзячы на непагадзь, дарылі свае песні і добры настрой людзям, хто ў той дзень не забаяўся дожджыка і  прыйшоў у лесапарк.
А закончылася свята маладзёжнай дыскатэкай, якая прайшла ў “Галактыцы”.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.