Дзіцячы валанцёрскі форум прайшоў у Астраўцы

08:45 / 18.12.2018

Актывістаў дзіцячага валанцёрскага руху з усяго раёна ўжо які год запар сабірае ў сябе Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. І кожны раз тых, хто прыехаў падзяліцца сваім вопытам дабрачыннай работы становіцца больш.

Сёлета расказаць пра сябе і пазнаёміцца з аднадумцамі на раённы валанцёрскі форум прыбылі прадстаўнікі дзесяці атрадаў добраахвотцаў – у мінулым годзе іх было восем.

4.jpg

Як і заўсёды, “завадатарамі” гэтай сустрэчы сталі дарослыя – таксама валанцёры. Яны разам са сваімі юнымі калегамі гулялі, спявалі, танцавалі і разам з гэтым абмяркоўвалі сур’ёзныя рэчы, якія абавязкова патрэбна ведаць, працуючы з рознымі сацыяльнымі групамі. А часам і “экзаменавалі” маладое пакаленне на веданне гісторыі і прынцыпаў валанцёрскага руху.

– Дзеці расказвалі пра работу сваіх атрадаў, дзяліліся цікавымі ідэямі на будучыню – гэта сустрэча была вельмі плённай,  гаворыць Маргарыта Качан, намеснік дырэктара і валанцёр атрада “Крылы” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

3.jpg

Па задумцы арганізатараў, валанцёрскі форум – гэта не толькі прэзентацыя работы, а яшчэ і практычнае навучанне. Калі ў мінулым годзе дзяцей вучылі знаходзіць кантакт з незнаёмымі людзьмі, то ў гэтым прапанавалі адразу зазірнуць у творчую майстэрню і зрабіць там кветкі-сюрпрызы. А потым школьнікі атрымалі карткі-заданні, дзе было ўказана, каму яны павінны падарыць гэтыя кветкі – і ўзамен атрымаць усмешку.

6.jpg

Падчас форуму за плённую працу, развіццё і прапаганду валанцёрскага руху атрады Рытанскай, Міхалішскаўскай школ і СШ №1 атрымалі Падзячныя пісьмы Астравецкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Закончылася сустрэча актывістаў чаяпіццем з цукеркамі і пячэннем.

Дзяцей, гатовых несці “ў людзі” ідэі Чырвонага Крыжа, становіцца ўсё больш – не дадуць іх добрыя справы чэрствасці запанаваць у свеце.

5.jpg

Дзякуй вам за вашы адкрытыя сэрцы, юныя і дарослыя валанцёры, і няхай вашых аднадумцаў большае з кожным годам!

1.jpg

7.jpg



Текст:
Фото: з архіва Астравецкага ЦТДіМ
Видео: Максім Балонін