Навіны ДАІ

19:24 / 20.08.2010

За рулём – без мабільніка.


Зараз кожны, хто лічыць сябе сучасным чалавекам, можа з цвёрдай упэўненасцю сказаць, што без мабільнага тэлефона ў паўсядзённым жыцці, як гаворыцца, “ні туды і ні сюды”. Мабільнік стаў надзейным сябрам і неабходным сродкам сувязі.


Аднак калі ўладальнік мабільнага тэлефона з’яўляецца вадзіцелем транспартнага сродку, для яго ўзнікаюць некаторыя абмежаванні пры карыстанні “трубкай”. Уявіце малюнак: вадзіцель едзе і размаўляе па тэлефоне. Ён вымушаны кіраваць аўтамабілем адной рукой, пры гэтым увага ў большасці выпадкаў сканцэнтравана менавіта на размове, і вадзіцель, такім чынам, няўважлівы да таго, што адбываецца на дарозе. І нават маленькая памылка можа прывесці да вялікай бяды. Як правіла, вадзіцелі ў такіх выпадках рэдка прызнаюцца, што адной з асноўных прычын здзяйснення дарожна-транспартнага здарэння стала гутарка па мабільніку ў час руху.
Згодна з п.10.4 Правіл дарожнага руху, вадзіцелі, якія сумяшчаюць кіраванне аўтамабілем з гутаркамі па тэлефоне, у адпаведнасці з ч.4 арт.18.14 КоАП Рэспублікі Беларусь караюцца штрафам у памеры да 70 тысяч рублёў.



Бог папярэдзіў – чалавек не пачуў


Яшчэ адно дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на мінулым тыдні і забрала з сабой жыццё чалавека.


Адбылося ДТЗ 10 жніўня ў 21.45 на ўчастку аўтадарогі Полацк – Глыбокае – мяжа Літвы. Непадалёк ад вёскі Варона. Жыхар Літоўскай Рэспублікі, кіруючы сваім аўтамабілем “БМВ”, наехаў на веласіпедыста, які рухаўся па праезджай частцы ў спадарожным накірунку. У выніку веласіпедыст ад нанесеных траўм памёр.
Канчатковая прычына гэтага здарэння яшчэ ўстанаўліваецца. Але ўжо зараз вядома, што веласіпедыст знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Святлоадбівальны элемент, які быў размешчаны на веласіпедзе толькі ззаду – стары, пашарпаны і ніякай карысці не прыносіў. Акрамя таго, гэты ж мужчына быў віноўнікам ДТЗ прыкладна год назад. Тады ён таксама ішоў нападпітку, без флікера, калі патрэбна лента светоотражающая,  і аўтамабіль зачапіў яго люстэркам. У выніку мужчына заплаціў штраф. Аднак, на жаль, навука не пайшла на карысць, а дарога паўторнай памылкі не даравала.



Бяспечная дарога ў школу


Менавіта пад такім дэвізам 27 жніўня пройдзе адзіны дзень бяспекі дарожнага руху на тэрыторыі Астравецкага раёна.


Псіхолагі ўстанавілі, што дзеці з-за сваіх узроставых псіхалагічных асаблівасцей не заўсёды могуць правільна ацаніць сітуацыю на дарозе, якая можа імгненна змяняцца, і часта завышаюць свае магчымасці.
Дзеці інакш, чым дарослыя пераходзяць цераз дарогу. У адрозненне ад дарослых, якія яшчэ здалёк ацэньваюць сітуацыю на дарозе, малышы пачынаюць рабіць гэта, калі ўжо падышлі да краю праезджай часткі, а то і наогул стоячы на ёй. У выніку небяспечнага здарэння мозг дзіцяці не паспявае “пераварыць” інфармацыю і даць правільную каманду да дзеянняў. І ў экстрэмальнай сітуацыі малыш можа проста разгубіцца.
Дзеці таксама па-рознаму рэагуюць на памеры аўтамабіля. Пры набліжэнні вялікага грузавіка, нават калі ён рухаецца павольна, дзіця ў рэдкіх выпадках рызыкне перабягаць дарогу. А вось небяспеку легкавых машын малышы недаацэньваюць.
Пагэтаму, паважаныя вадзіцелі, неабходна пільнасць, калі бачыце дзіця на праезджай частцы або каля яе. Пастарайцеся праявіць максімальную ўвагу і асцярожнасць.
А ўсім пешаходам хочацца яшчэ раз нагадаць, што ў цёмны час сутак неабходна абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.


Уладзімір АЛЕКСАНДРОВІЧ, ч.в.а. начальніка ДАІ.