З "бронзай" вярнулася Насця Вайшнаровіч з Паўднёвай Карэі

16:02 / 21.07.2010
2

З перамогай вярнулася з 21-й міжнароднай біялагічнай алімпіяды, якая праходзіла ў горадзе Чангвон, што знаходзіцца ў Паўднёвай Карэі, выпускніца гімназіі №1 г.п. Астравец Анастасія Вайшнаровіч.


Да гэтага Насця ўдзельнічала ў рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, дзе заваявала дыплом І ступені, пасля чаго была ўключана ў зборную каманду Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе.
Спаборніцтвы праходзілі на базе Чангвонскага нацыянальнага ўніверсітэта на працягу 8 дзён. Арганізатарам алімпіяды выступіла Міністэрства адукацыі і навукі Паўднёвай Карэі.
Каманду Беларусі прадстаўлялі чатыры ўдзельнікі. Усяго ж удзел у алімпіядзе прынялі 233 вучні з 59 краін свету.
Алімпіяда складалася з двух тураў: практычнага і тэарэтычнага. Важна было не толькі паказаць выдатныя веды і здольнасці, але і хуткасць выканання заданняў.
Наша каманда, у склад якой уваходзіла і Насця, выступіла даволі ўдала, і вярнулася дамоў з адным сярэбраным і трыма бронзавымі медалямі.
У Анастасіі па колькасці балаў сярод удзельнікаў з Беларусі другі вынік і бронзавы медаль.
Цяпер Насця рыхтуецца стаць студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Віншуем з перамогай – і так трымаць!


Алена ЯРАШЭВІЧ.