Яна Галіна: як каталіся на “казе” і спраўлялі баль без ёлкі
10:19 / 22.01.2018
Закончана першая чвэрць – і наперадзе два тыдні дома, з мамай і татам. І мне не трэба было ў панядзелак спяшацца на кватэру на цэлых шэсць дзён – наша сям'я жыла далёка ад школы. Якое шчасце! З 31 снежня і ажно да 11 студзеня для нас наступаў вольны час.
Радыё ў нас не было, а пра тэлевізар увогуле ніхто не чуў. Ды мы не сумавалі: вечарам зачытваліся айчыннай і замежнай літаратурай, аж пакуль бацькі спаць не пагоняць, ушчуваючы, што газу выпальваем.
Днём мы коўзаліся на самаробных нартах, а як захоплівала дух, калі, узбіўшыся гуртом на «казу» – вялікія санкі для перавозу бярвенняў, несліся з горкі!
У маім пасляваенным дзяцінстве ёлак у школе не ставілі – гэта было забаронена, лічылася перажыткам мінулага. А вось для старэйшых вучняў – 8 – 10 класы – ладзілі навагодні баль. Хоць і без ёлкі, але як нам было весела: мы спявалі, танцавалі вальс, факстрот, польку, танга, кракавяк… Завяршала вечарыну кадрыля. Тады нам здавалася, што нічога лепшага за гэты баль быць не можа...
Яна ГАЛІНА, г. Астравец.