Каманда інтэлектуалаў з падатковай інспекцыі "Ніка"

15:43 / 13.12.2011

Каманда знатакоў з раённай падатковай інспекцыі (я ведаю, што юрыдычная назва гэтай установы гучыць крыху інакш, але так прасцей і больш зразумела для ўсіх) – своеасаблівы “цёмны конік”. У інтэлектуальных гульнях яны – з самага першага турніру, і прапусцілі за гэты час, калі не памыляюся, толькі адну гульню – леташні калядны турнір. А так — заўсёды прыйдуць, адгуляюць – як правіла, дастаткова моцна, але пераможцамі ніколі не былі – і непрыкметна знікаюць з поля зроку. Да наступнай гульні… Гэткія “байцы нябачнага фронту”. І на інтэрв’ю з імі я дамаўлялася доўга і не без цяжкасцей. Ды і то прыйшлі не ўсе…
Тым не менш – знаёмцеся: загадкавая “Ніка”, якая заўсёды трымаецца ў “залатой сярэдзіне”.


— Прадстаўцеся: “хто ёсць хто” ў вашай камандзе?
Мікалай Базюк: Сёння тут сабраўся асноўны касцяк. Ды і то не ў поўным складзе. У нашай камандзе гуляюць Ганна Іосіфаўна Часнойць…
—Якая адмовілася ад інтэрв’ю?
Мікалай Базюк: Так, кажа, што аднойчы ўжо расказвала пра нашу каманду вашаму карэспандэнту Івану Петрыку.
Акрамя яе, у камандзе Марына Мар’янаўна Мацкевіч – яе часта блытаюць з вашым карэспандэнтам, Ганна Антонаўна Сухадэльская – яе таксама часта, змяніўшы адну літару ў прозвішчы, “запісваюць” у родзічы да банкіра Альдоны Станіславаўны, Ірына Яўгенаўна Шушко – зараз яна на бальнічным, і нам яе моцна не хапае, і Сяргей Часлававіч Хаткевіч. Ну і я, капітан каманды Мікалай Уладзіміравіч Базюк.
Гэта асноўны склад, але здараецца, што нехта ў адпачынку ці на бальнічным, не можа прыйсці на гульню, і тады яшчэ каго-небудзь запрашаем. Згаджаюцца не ўсе і не заўсёды, таму часам даводзіцца і ў няпоўным складзе гуляць. Але легіянераў у нас няма – усе свае.
—А начальніка свайго, Аляксандра Аляксандравіча Мароза, запрашаць не спрабавалі? Наколькі я ведаю, ён таксама моцны інтэлектуал, ды і чалавек азартны. Яму, думаю, спадабаецца.
Мікалай Базюк:
Увогуле запрашалі – можа, не вельмі настойліва… Трэба на калядны турнір паспрабаваць.
Сяргей Хаткевіч: Правільна – які ж калядны турнір без Мароза? Тым больш, калі ён – новаспечаны дзед…
Марына Мацкевіч: О, калі б з намі начальнік гуляў — тады б у нас праблем са складам ніякіх не было!
—Ваша каманда ў мяне асацыіруецца са стабільнасцю: у інтэлектуальных гульнях – з першага турніру, ні разу не мянялі назву каманды, ды і склад, наколькі я заўважаю, моцна не змяніўся… І па выніках гульні вы амаль заўсёды на самым крыўдным, чацвёртым месцы, за паўкроку ад п’едэстала…
Мікалай Базюк: Ну чаму – у сёлетнім чэмпіянаце мы і другімі былі, і трэцімі некалькі разоў – здаецца, тры… Быў момант, што марылі нават за трэцяе выніковае месца пазмагацца. Праўда, потым заключныя гульні згулялі слабей, і ўжо сталі непакоіцца, каб атамшчыкі нас з нашага чацвёртага не пасунулі…
Марына Мацкевіч: На шчасце, паспелі “адарвацца” на апошніх гульнях. І засталіся на сваім каронным чацвёртым.
Сяргей Хаткевіч: А ўсё таму, што зарэгістраваліся пад чацвёртым нумарам! “Як лодку назавеш – так яна і паплыве”. Дарэчы, у наступным годзе нумарацыя будзе мяняцца? Трэба паспрабаваць “захапіць” першыя нумары – мо тады і мы ў лідары выб’емся…
—Ну, у “Вострава шанцавання”, калі вы памятаеце, восьмы нумар…
А ўвогуле, што для вас у гульні галоўнае – вынік ці сам працэс? Што ўплывае на поспех ці няўдачу, не аналізавалі?
Ганна Сухадэльская:
Я ўвогуле не самы моцны ігрок у камандзе, таму для мяне – працэс! Мне так цікава ўсё, што адбываецца! І калі б нават не давялося гуляць, я б прыходзіла, каб паназіраць за гульнёй.
Мікалай Базюк: Ну, наконт моцных і слабых ігракоў — тут не ўгадаеш, на каго калі азарэнне сыдзе… А ў гульні, вядома, найбольш цікавы працэс. Хоць і вынік – не на апошнім месцы. Спаборніцтва ўсё ж!
У нас неяк традыцыйна атрымліваецца, што першыя дванаццаць пытанняў мы гуляем лепш, а другую палову – горш.
Сяргей Хаткевіч: А яшчэ многае залежыць ад таго, які дзень быў. Бывае, прыходзіш пасля работы, як лімон выціснуты – якая ўжо тут гульня...
Марына Мацкевіч: А апошнюю гульню мы так дрэнна згулялі, бо ў Сяргея паста ў аўтаручцы скончылася. Ён звычайна, калі абдумвае пытанні, сядзіць і нешта малюе. А нам пад гэта так добра думаецца. А тут ручка скончылася – і ўсё! Больш ніводнага пытання не ўзялі. Каб ведала, то тры б ручкі прынесла!
Мікалай Базюк: Яшчэ пытанне, што малюе. Вось маляваў косці – мы і ўзялі пытанне пра талеры для касцей.
Ганна Сухадэльская: А яшчэ на апошняй гульні сталы па-іншаму паставілі, не так, як мы прывыклі сядзець. Вось мы і разгубіліся без сваіх прывычных суседзяў…
—Ну, “А,КрэМу” і “Аднакашнікам” такая перастаноўка пайшла толькі на карысць…
А як узнікла назва вашай каманды?
Сяргей Хаткевіч:
Вельмі проста – “Мікалай і кампанія”. Калі па-руску, то і атрымліваецца “Ніка”.
Мікалай Базюк: Ды няпраўда, не пішыце гэта! Увогуле яна расшыфроўваецца як “налоговая инспекция и компания”. Да таго ж Ніка – гэта багіня перамогі. І гучыць прыгожа.
Сяргей Хаткевіч: …І пісаць шмат не трэба – усяго чатыры літары…
Марына Мацкевіч: А потым атрымалася, што і да капітана нашага з нашай кампаніяй назва цудоўна падыходзіць.
—Хто за што адказвае ў вашай камандзе?
Мікалай Базюк:
Акрэсленага тэматычнага падзелу няма. Праўда, калі пытанне, да прыкладу, пра спорт, то ўсе глядзім на Сяргея: ён у нас тут галоўны спецыяліст. Хоць увогуле Сяргей шырока эрудыраваная асоба.
Марына Мацкевіч: Капітан, дарэчы сказаць, – таксама.
Мікалай Базюк: У Ірыны Шушко вялікі запас ведаў па літаратуры, гісторыі. Яна вельмі моцны ігрок. І камандзе яе моцна не хапае, калі яна адсутнічае. Хоць увогуле падзяліць тут складана: кожны нешта ведае і стараецца ўспомніць у патрэбны момант.
Марына Мацкевіч: А самае крыўднае, што практычна на ўсе пытанні ў нас бываюць правільныя версіі. Але ці выбіраем няправільныя, ці азарэнне прыходзіць праз секунду пасля таго, як здалі бланк з адказам. Як з той карцінай “Раніца ў сасновым бары”. Усе помнілі пра мішкаў у лесе, а “Раніцу…” успомнілі, як толькі аддалі адказ.
—Да гульні неяк рыхтуецеся?
Мікалай Базюк:
Увогуле сабрацца ўсім разам і толкам патрэніравацца не атрымліваецца – усе людзі занятыя, ва ўсіх свае справы, сем’і. Мы з Ганнай Іосіфаўнай сядзім у адным кабінеце, дык калі выпадзе пара вольных хвілін, то задаём адзін аднаму пытанні, якія скачалі з інтэрнэту. Праўда, на гульнях ні разу такія чамусьці не трапляліся…
Сяргей Хаткевіч: Не там шукаеш, у медыкаў пацікаўся, дзе трэба…
—Тады ўжо хутчэй у Леаніда Клімовіча, які рыхтаваў пытанні для асінхроннага турніру… Але давайце забудзем пра той асінхрон – што называецца, справы даўно мінулых дзён… А якія планы на перспектыву?
Мікалай Базюк:
З перспектывай цяжка… Сяргей Хаткевіч вось звальняецца і з’язджае з Астраўца, трэба шукаць замену. Але думаю, што ў гульні мы ў любым выпадку застанемся. А калі начальнік стане з намі гуляць, то без пытанняў.
—Чаго вам і жадаем! А яшчэ – поспехаў. І вырвацца ўрэшце са свайго вечнага чацвёртага месца і ўзняцца на п’едэстал гонару!


Гутарыла Ніна РЫБІК.