В Островце прошла первая библионочь

10:16 / 20.06.2017

У Астраўцы прайшла першая бібліяноч

На яе запрасілі ахвочых у дзіцячую раённую бібліятэку.

На пляцоўцы каля кніжніцы гасцей сустракалі роставыя лялькі, якія запрашалі ўсіх патанцаваць. А казачны доктар жадаў усім здароўя, выдаваў вясёлыя рэцэпты, пілюлі і нават цудоўную мікстуру. Тут жа доктар знаёміў з міні-выставай рэтра-шпрыцоў. А яшчэ можна было ўзважыцца і з дапамогай кніжнага ростамера даведацца, з якой колькасці кніг складаецца рост чытача.

У фае разгарнулася творчая майстэрня “Фантазія” па стварэнню саламяных сувеніраў і падарункаў. Вырабы народнага майстра Веранікі Кумішча прыйшліся даспадобы і дзецям, і дарослым.

На абанеменце чытачоў сустракала загадкавая і прыцягальная варажбітка з літаратурнымі гаданнямі. Кнігі на любы густ станавіліся прадказальнікамі, чароўныя прадметы з канверта вызначалі будучы лёс. З’явіўся тут і летні кіназал, дзе можна было паглядзець любімыя дзіцячыя мульцікі.
Асаблівай папулярнасцю сярод наведвальнікаў карыстаўся пакой страхаў з аднайменнай квэст-гульнёй. Задача ўдзельнікаў – прайсці сярод жудасных прывідаў, павукоў, лятучых мышэй і іншай нечысці, знайсці куфар вядомага казачнага героя Кашчэя Бессмяротнага з яго скарбамі і здабыць сабе прыз. Але зрабіць гэта трэба было вельмі хутка, таму што Кашчэй загадаў чорнаму прывіду ахоўваць свае багацці. Змрочную атмасферу падтрымлівала жудасная музыка, запаленыя свечкі, светавыя спецэфекты. Азарт і цікаўнасць пераадольвалі страх, і нават чорны прывід, які даганяў шукальнікаў скарбаў, не змог спыніць удзельнікаў квэста.
Тым часам у чытальнай зале развярнулася сямейная праграма “Кнігі збіраюць сяброў”, дзе бацькам і дзецям прапаноўваліся цікавыя і займальныя віктарыны, конкурсы на веданне літаратуры, а таксама забаўляльныя спаборніцтвы.

Завяршылася праграма дзіцячай дыскатэкай “Бібліятусоўка”.

Прыемным сюрпрызам для супрацоўнікаў кніжніцы стала тое, што юная чытачка з гімназіі №1 Вікторыя Старынская прынесла ў дар цікавыя і сучасныя кнігі для дзяцей.

IMG_8679.JPG 
IMG_8727.JPG 
IMG_8832.JPG 

Фота аўтара

Ганна Керэль, бібліятэкар Астравецкай дзіцячай бібліятэкі


Текст: Главный администратор