Чего стоит в Островце музей построить?

10:30 / 15.11.2012
1

Сітуацыя з раённым музеем, якая хвалюе многіх жыхароў раёна, на сённяшні дзень неадназначная. З аднаго боку, пры раённым аддзеле культуры існуе юрыдычнае ўтварэнне са сваім, хоць і невялікім штатам, якое займаецца карпатлівай, хоць і незаўважнай старонняму воку, працай: зборам экспанатаў, апісаннем іх. З другога – у музея няма свайго памяшкання, і таму яго нібыта і самога няма. Бо няма куды прыйсці – самому, з сябрамі ці гасцямі, каб пазнаёміцца з гісторыяй свайго краю, яго выбітнымі людзьмі, дасягненнямі, адметнасцямі.


Каб хоць крышку зменшыць гэты разрыў паміж тым, што існуе і тым, чаго няма, адміністрацыя раённага аддзела культуры і музея арганізавалі выставу “Астравеччына: гісторыя і сучаснасць”, якая адкрылася ў школе мастацтваў якраз напярэдадні чарговай гадавіны адной з самых неадназначных падзей гісторыі – Кастрычніцкай рэвалюцыі.





Задумаўшы добрую справу, работнікі аддзела культуры, як гэта часта бывае, не парупіліся аб тым, каб належным чынам яе праанансіраваць, таму наведвальнікаў на выставе было няшмат – у асноўным тыя, хто прыйшоў на ўрачысты сход з нагоды дзяржаўнага свята. Але тыя, хто пазнаёміўся з экспазіцыяй, не хавалі сваёй цікаўнасці.






Інтарэс выклікаў стэнд з археалагічнымі знаходкамі, макет старажытнай карты тэрыторыі сённяшняй Астравеччыны – Галіна Антановіч, да прыкладу, з лёгкім сумам адшукала на ёй назву роднай вёскі сваіх бацькоў – Букелішкі, якія на карце пазначаны яшчэ як засценак Букель, успаміну пра які няма нават у раённай кнізе “Памяць”, бо месцазнаходжанне колішняй вёскі зараз затоплена Мальскім ставам…
Былі прадстаўлены на выставе і некаторыя ўнікальныя экспанаты – да прыкладу, дзяржаўныя ўзнагароды, беларускія і польскія, нашага слыннага земляка прафесара Адама Восіпавіча Мальдзіса, а таксама гістарычныя матэрыялы аб станаўленні ў раёне пажарнай службы, сістэмы аховы здароўя.
Непадробную цікавасць выклікала ў наведвальнікаў будучыня роднага горада, у прыватнасці, схема забудовы першага і другога мікрараёнаў Астраўца: спрабуючы разабрацца ў рознакаляровых квадраціках і прамавугольніках, людзі стараліся ўявіць будучыя стадыёны, жылыя дамы, забаўляльныя цэнтры, магазіны…
Як паведамілі нам супрацоўнікі аддзела культуры, выстава “Астравеччына: гісторыя і сучаснасць” перамесціцца ў раённую бібліятэку і будзе там працаваць бліжэйшы тыдзень. Так што наведаць яе змогуць усе жадаючыя, такім чынам хоць часткова кампенсуючы для сябе адсутнасць у раёне сапраўднай музейнай экспазіцыі.

-----------
Ніна РЫБІК.