Очередной благотворительный концерт в Островце подтвердил, мир полон добрых людей

15:41 / 07.12.2012



Ужо ўвайшло ў добрую традыцыю кожны год з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў праводзіць дабрачынны канцэрт у падтрымку цяжка хворых дзяцей. Сёлетні год не стаў выключэннем. 3 снежня ў кінаканцэртнай зале “Астравец” быў аншлаг, што яшчэ раз пацвердзіла: свет поўны добрых людзей, якім баліць сэрца за чужое гора.


Чацвёрты год запар раённы аддзел культуры райвыканкама сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праводзіць падобнае мерапрыемства, якое знаходзіць водгук у жыхароў Астравецкага раёна. Сёлетні дабрачынны канцэрт быў накіраваны на збор сродкаў, якія пойдуць сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці з анкалогіяй – а такіх у нашым раёне 7, а таксама хлопчыку, хвораму на гемафілію.
Распачалося дабрачыннае дзейства яшчэ ў фае кінаканцэртнай залы. Тут можна было набыць мыла, зробленае рукамі выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, і тым самым унесці свой уклад у справу міласэрнасці і дабрыні. Заробленыя грошы – а гэта 450 тысяч рублёў – пойдуць на карысць інвалідаў, якія наведваюць гэта аддзяленне.





Валанцёры “Чырвонага Крыжа” правялі ў фае акцыю “Падары казку” па зборы сродкаў для набыцця кніг для выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра. Як потым мы даведаліся, гэта сума склала 1 155 050 рублёў.
Дабрачынны распродаж сваіх вырабаў правялі раённы і Гервяцкі Дамы рамёстваў. Людзі куплялі на памяць навагоднія сувеніры, саламяныя вырабы, размаляваныя званочкі, вырабы з дрэва, а заадно прымалі ўдзел у акцыі. Майстрам удалося сабраць для хворых дзетак 954 тысячы рублёў.
Права адкрыць канцэрт прадставілі начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.М. Івановай. Яна падзякавала ўсім, чыё сэрца не спіць і хто гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. А таксама нагадала, што нягледзячы на тое, што Дзень інвалідаў адзначаецца раз у год, варта памятаць, што такія людзі заўсёды жывуць побач з намі і яны маюць патрэбу ў нашай увазе і клопаце.
Старшыня раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду В.А. Альфер расказала, што ў рамках штогадовай акцыі “Нашы сэрцы – хворым дзецям” удалося назбіраць пэўную суму грошай, за якія быў куплены велатрэнажор. Ён быў перададзены дзецям, якія займаюцца ў карэкцыйным цэнтры.
Блаславілі добрую справу святары. Ксёндз касцёла Космы і Даміяна Віктар Захарэўскі перадаў абраз св. Антонія для тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А настаяцель храма св. Іліі айцец Ігар – абраз св. велікамучаніка Панцелеймона для карэкцыйнага цэнтра. Напрыканцы свайго выступлення айцец Ігар пажадаў, “каб нашы вочы бачылі абяздоленых, нашы ногі спяшаліся да тых, хто жыве ў нястачы, а рукі тварылі справы міласэрнасці і дабра”.




Затым распачаўся сам канцэрт. У зале панавала асаблівая атмасфера шчырасці, дабрыні і жадання дапамагчы. Таленавітыя работнікі культуры, задорныя дзіцячыя калектывы, фальклорны калектыў Астравецкай ЦРБ падарылі ўсім прысутным шмат яркіх незабыўных нумароў. І хацелася б ім шчыра падзякаваць за тое, што яны не толькі парадавалі гледачоў цудоўным канцэртам, але і дапамаглі сабраць грошы для хворых дзяцей.



Вельмі кранальным было выступленне Дзмітрыя Віннічка, наведвальніка аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў, нядаўняга ўдзельніка чацвёртага абласнога фестывалю творчасці інвалідаў. Ён падарыў гледачам песню ў сваім выкананні. Дзіма ўпэўнена трымаўся на сцэне і было бачна, што ён шчаслівы прыняць удзел у канцэрце. А гледачы падтрымлівалі хлопца бурнымі апладысментамі.




Немагчыма было стрымаць слёз падчас выступлення Святланы Куцько – яе нумар быў прысвечаны таленавітаму і цудоўнаму чалавеку з шырокай душой і шчырым сэрцам – Таццяне Юргелянец, якую, на жаль, злая хвароба назаўжды забрала ў свае сеткі. Шчымлівая песня і прэзентацыя з фотаздымкамі яркага і шчаслівага жыцця Таццяны нібы заклікала – цаніце людзей, пакуль яны жывыя.
Усе тыя, хто далучыўся да акцыі, заслугоўваюць павагі: яны праявілі клопат аб хворых дзецях не на словах, а на канкрэтнай справе. На 5 снежня агульная сума сабраных грошай ад продажу білетаў на канцэрт, добраахвотных ахвяраванняў арганізацый раёна, храма святых апосталаў Пятра і Паўла, касцёла Космы і Даміяна склала 31 899 050 рублёў. У гэтым годзе нават тыя, хто не ішоў на канцэрт, маглі ахвяраваць грошы для дапамогі хворым дзецям, набыўшы спецыяльны купон – так удалося назбіраць 10 965 000 рублёў. Аднак грошы яшчэ і пасля канцэрта працягваюць паступаць на пазабюджэтны рахунак аддзела культуры.




Не заставайцеся ў баку ад чужых праблем! Азірніцеся: можа, вакол вас ёсць людзі – родныя, суседзі, калегі, сябры, якія чакаюць вашай дапамогі. І паверце, калі вы падзеліцеся цяплом свайго сэрца з родным ці нават чужым чалавекам, у вас на душы стане святлей.


Вольга ШОЎКУН.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.