"Польскія" гастролі

15:27 / 27.01.2012
Гастрольны адлік новага 2012 года адкрыў хор “Польскае рэха Астраўца”.

А першыя іх гастролі аказаліся незапланаванымі. Калі падчас пілігрымкі па касцёлах Смаргонскага  дэканата пробашч Смаргонскага касцёла святога Міхала Арханёла ксёндз Здзіслаў Вэдэр пачуў, як “Польскае рэха Астраўца” спявае калядныя песні, ён тут жа, каля шопкі, і запрасіў калектыў у госці з канцэртам. “Рэхаўцам” сабрацца – толькі падперазацца,  нездарама ў іх рэпертуары налічваецца каля сарака песень.


Канцэрт пачаўся, вядома ж, з адпавядаючых месцу і часу яго правядзення калядных песень і паэтычнага ўступлення да іх у выкананні Яніны Змітровіч. А потым, калі, так бы мовіць, “абавязковая” праграма была выканана, хор распачаў “адвольную” – песні загучалі самыя розныя: лірычныя і вясёлыя, народныя і прафесіянальных аўтараў, на польскай, рускай і беларускай мовах.


Жывая манера выканання, шчырасць гучання, жаданне данесці да слухача ўвесь спектр эмацыянальнага зместу музычных твораў, уласцівыя калектыву – што ж здзіўляцца, што зала цэнтра грымела ад дружных апладысментаў і крыкаў “брава”!


Па дарозе назад удзельнікі хору зазірнулі яшчэ і ў Сольскі касцёл Маці Божай Ружанцовай, каб азнаёміцца з архітэктурай і ўнутраным убранствам гэтага велічнага храма, а таксама палюбавацца фрэскамі работы Сергіевіча, адрэстаўраванымі мастачкай з Астравеччыны Тарэсай Варановіч.


Ганна ЧАКУР.