Журналісты Гродзеншчыны пазнаёміліся з Бераставіцай
12:49 / 18.10.2018
Многія журналісты тут былі гадоў пяць назад, калі знаёміліся з развіццём сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна.
На гэты раз бераставіччане больш шырока паказалі прадстаўнікам СМІ сваю малую радзіму – прычым на кожным аб’екце, у кожным слове суправаджаючага адчувалася велізарная любоў мясцовых жыхароў да роднага гарадскога пасёлка і раёна.
Знаёмства пачалося з прагляду відэароліка і выступлення старшыні райвыканкама Антона Кулісевіча, які расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Як плошча стала Ратушнай
Гісторыя плошчы, вакол якой размясціліся важнейшыя гарадскія ўстановы, вядзе свой пачатак з 1754 года, калі ў Бераставіцы была пабудавана ратуша. Праўда, да сённяшніх дзён яе будынак не захаваўся. Тут, як і ў многіх райцэнтрах нашай краіны, размясцілася скульптура Леніна.
Нейкі час цэнтральная частка гарадскога пасёлка зусім не мела назвы. Кожны называў плошчу так, як падабалася. Адносна нядаўна пры падтрымцы раённай газеты мясцовая ўлада разам з краязнаўцамі і гісторыкамі вырашыла правесці апытанне. Жыхары сваімі каментарыямі і “падабайкамі” далі ёй назву “Ратушная”.
Менавіта з Ратушнай плошчы і пачалося невялікае падарожжа журналістаў па Бераставіцы і раёну.
Цёпла, пранікнена, з любоўю да сваёй малой радзімы і яе жыхароў правёў экскурсію па гарадскому пасёлку яго ганаровы грамадзянін, супрацоўнік раённага музея Вавёркі Мікалай Пацэнка.
Брацкая магіла, сцяна памяці, на якой выбіты прозвішчы загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну землякоў, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, часткова разбураны, але не згубіўшы сваю велічнасць, скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця”, фантан на гарадскім вадаёме – такія або падобныя ім месцы і помнікі, здаецца, ёсць у кожным райцэнтры Беларусі. Толькі на Бераставіччыне свая, асаблівая атмасфера любові да родных мясцін і гонару за сваю маленькую радзіму.
Тут жыве творчасць
Невялічкая хатка з шыльдай Дом рамёстваў, размешчаная на адной з гарадскіх вуліц, прыцягнула ўвагу журналістаў. І яе гаспадыня была не супраць бачыць заезджых гасцей – гасцінна адчынніла дзверы і запрасіла паглядзець, чым тут займаюцца дзеці і дарослыя.
У нядаўна адрамантаваных памяшканнях па-хатняму ўтульна адчувае сябе творчасць. Загадчыца аддзела рамёстваў Тамара Касьян дэманструе вырабы, якія робяць супрацоўнікі цэнтра культуры і народнай творчасці: сувеніры з саломкі і гліны, лёна і кававых зярнят, вышыўка і бісерапляценне і асаблівы гонар гаспадыні – адноўленыя мужчынскі і жаночы ўборы.
З задавальненнем майстры і майстрыхі перадаюць свае ўменні дзецям – каля 40 школьнікаў займаецца ў гуртках дома рамёстваў.
Яшчэ адзін гонар бераставіччан – свята “Бераст-фэст”. У планах праводзіць яго штогод у першую нядзелю ліпеня – дарэчы, журналістаў на яго ўжо запрасілі.
Музей Вавёркі
Гэта адзіны ў сваім родзе музей не толькі ў нашай краіне, але і на ўсёй прасторы СНД.
Адкрыты толькі ў 2014 годзе, ён прываблівае гасцей гарадскога пасёлка і раёна нават назвай. Чаму музей Вавёркі? А ўсё проста: ён прысвечаны геральдычнаму сімвалу, які з даўніх часоў – а калі быць дакладнай, то з 1754 года, – “прапісаўся” на гербе Вялікай Бераставіцы – вавёрцы. І таму не дзіўна, што гасцей тут сустракае жывая вавёрка Юзя.
Але не толькі пра вавёрку расказваюць у музеі. Тут можна пазнаёміцца з матэрыяламі раскопак, якія праходзілі на Бераставіччыне, гісторыяй жыцця ўладальнікаў Вялікай Бераставіцы, знакамітымі людзьмі бераставіцкай зямлі, якія ўнеслі ўклад у развіццё рэгіёна, гісторыяй першай і другой сусветных войн, якія закранулі тэрыторыю раёна.
Другое жыццё палаца Касакоўскіх
У адным з гістарычных будынкаў палаца Касакоўскіх размясцілася адно з аддзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы. Пра веліч некалі знакамітага рода і яго багатую гісторыю цяпер расказваюць толькі брама, якая з’яўляецца ўваходам на тэрыторыю бальніцы, ды фотаздымкі, размешчаныя ў музеі бальніцы, які сёлета адкрыўся ў Дзень Незалежнасці. Дарэчы, журналісты сталі першымі ганаровымі гасцямі музея.
Зразумела, што не толькі аднаўленнем гістарычнай спадчыны раёна і зберажэннем звестак з гісторыі медыцыны займаюцца ўрачы і медыцынскі персанал. Сваё галоўнае прызначэнне яны выконваюць на ўсе 100%. Зусім нядаўна былі праведзены рамонты ва ўсіх аддзяленнях. У кабінетах прыгожа, чыста і стэрыльна – здаецца, ужо сама атмасфера тут лечыць. Хворых амаль няма – таму што асноўны ўхіл тут робяць на ранняе выяўленне захворванняў і прафілактычную работу.
Адпачынак на “Ціхіх сажалках” і ў “Ляўшове”
– У нас няма замкаў, падобных Мірскаму, няма запаведных пушчаў, як у іншых раёнах Беларусі, затое ёсць працавітыя, адданыя сваёй радзіме людзі, – упэўнены старшыня райвыканкама.
Адны з такіх – гаспадары аграсядзіб “Ціхія сажалкі” і “Ляўшова” Дзмітрый Гетнер і Сяргей Зешут.
Гісторыя “Ціхіх сажалак” пачалася ў 2001 годзе, калі яе гаспадар Дзмітрый Гетнер сярод лесу ля крыніцы з гаючай вадой пабудаваў дом. З кожным годам сядзіба прырастала будынкамі, потым з’явіліся сажалкі, яблыневы сад, пчаліная пасека, жывёльная гаспадарка.
Адпачынак у ціхім месцы, удалечыні ад шумнага горада, магчымасць парыбачыць, а потым згатаваць сабе на абед злоўленага карпа – сюды з задавальненнем едуць не толькі беларусы, але і турысты з іншых краін.
Другая аграсядзіба – “Ляўшова” – поўная процілегласць першай. І па часе адкрыцця –яна працуе толькі другі год, і па роду адпачынку –разлічана на правядзенне карпаратываў, вяселляў і іншых мерапрыемстваў. Але і тут усё спрыяе добраму адпачынку: самаробныя драўляныя арэлі, мноства кветак, вялікая “зялёная” тэрыторыя.
І што адметна, усімі справамі гаспадары аграсядзіб займаюцца самі: косяць, даглядаюць жывёлу і наводзяць парадак на сваёй зямлі.
Гэтаксама як і іншыя бераставіччане: нават за адзін дзень журналісты ўпэўніліся, што кожны з іх – прынамсі тыя, з кім давялося сустрэцца, – лічаць свой родны куток самым мілым, прыгожым, значным і развітым.
Для даведкі: Бераставіцкі раён утвораны ў верасні 1944 года. Гэта адзін з высокаразвітых раёнаў Гродзенскай вобласці. У агульным аб’ёме вытворчасці ўдзельная вага валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі складае 84,5%. Па выніках работы за 9 месяцаў раён займае 2 месца ў вобласці па продажу малака на карову, трэцяе – па прывагах буйной рагатай жывёлы.