Работнікі культуры прымалі віншаванні
Узнагароды, кветкі, песні і танцы – напярэдадні Дня работнікаў культуры віншаванні прымалі тыя, каму прывычней самім стаяць на сцэне і дарыць радасць гледачам і слухачам.
– Прафесія работніка культуры складаная, бо, дорачы людзям свята і добры настрой, вы самі не маеце магчымасці адпачыць. Нават у сваё прафесійнае свята вы знаходзіцеся на сцэне. Дзякуючы вашаму таленту, натхненню, працавітасці і прафесіяналізму, Астравеччына займае пачэснае месца ў культурным жыцці Гродзеншчыны, – адзначыў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла. – Упэўнены, што ў кожным з вас закладзены вялікі патэнцыял і вы і надалей будзеце радаваць нас сваёй працай, спрыяць захаванню культурнай спадчыны і традыцый раёна, праслаўляць яго ўнікальнасць і прыгажосць.
Ад раённага выканаўчага камітэта Віктар Свіла ўручыў Ганаровыя граматы Алене Малышавай і Аляксандру Юргелянцу, Падзячныя лісты – Ганне Якубцэвіч і Надзеі Вайцяховіч, ад раённага Савета дэпутатаў Ганаровыя граматы – Вользе Валадзько і Мікалаю Сафранкову , Падзячныя лісты – Наталлі Ярашэвіч і Таццяне Клышко.
Віншаванні, падарункі і ўзнагароды ў перадсвяточны дзень работнікам культуры адрасавалі старшыні раённых арганізацый ГА БРСМ Віялета Алексеявец, РГА “Белая Русь” Ірына Раткевіч і ГА “Беларускі саюз жанчын” Наталля Баніцэвіч, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі і савета ветэранаў Расціслаў Герт, начальнікі РАНС Віталь Рыбак і РАУС Дзмітрый Місюк, выконваючая абавязкі загадчыка сектара культуры Інга Купрэвіч.
Падарункі ад старшыні прафсаюза работнікаў культуры Наталлі Ачарэтавай атрымалі маладыя спецыялісты.