На ХІІ Фестывалі нацыянальных культур Астравеччыну прадставяць палякі

10:19 / 22.05.2018

Фестываль нацыянальных культур праходзіць раз у два гады ў Гродне. На некалькі дзён горад ператвараецца ў сапраўдны Вавілон: гучаць розныя мовы свету; тут калейдаскоп песень, яркіх касцюмаў і танцаў захоплівае кожнага, хто прыязджае на свята.

Па традыцыі Астравеччыну на фестывалі будуць прадстаўляць палякі.

IMG-6c07110b6deb9315ae938a750bb8c264-V.jpg

Напрыканцы мінулага года мы расказвалі пра абласны адборачны этап фестывалю, які прайшоў у Лідзе. Аматарскія калектывы – хор “Польскае рэха Астраўца” і фальклорны ансамбль “Жыльвіціс” ярка і рознапланава прадставілі свае традыцыі: песні, танцы, нацыянальную кухню і вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Творчасць астравецкіх палякаў і літоўцаў спадабалася журы і калектывы былі ўключаны ў спіс удзельнікаў фестывалю.

– На канцэрце конкурснага агляду калектываў у межах заключных мерапрыемстваў фестываля нацыянальных культур хор “Польскае рэха Астраўца” выканае польскую песню “Чырвоныя ягады”, – расказвае актыўная ўдзельніца калектыву, старшыня раённага аддзялення саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мароз. – А вось на польскім падворку будзе дзе разгарнуцца: запланавана выступленне хору на паўтары гадзіны. Акрамя гэтага, павязём з сабой традыцыйныя польскія стравы.

IMG-3f48234f6c4896cd29db966b8c0ff937-V.jpg

Гервяцкі край, дзе здавён жывуць літоўцы, на фестывалі павінен быў прадстаўляць фальклорны ансамбль “Жыльвіціс”. На жаль, гервятцы сёлета не паедуць у Гродна.

– З фестывалем нацыянальных культур супадаюць экзамены ў выпускных класах, – патлумачыла старшыня Гервяцкай абшчыны літоўцаў Святлана Петрык. – Дзяўчаты, якія вучацца ў 9, 11 класах, прапусціць экзамены не могуць. Удзельніцы больш сталага веку па аб’ектыўных прычынах паехаць таксама не могуць.

Текст: