Юбілей “Скарбніцы” (+ відэа)
09:07 / 20.01.2018
4
…Узгадваю сваё знаёмства са «Скарбніцай» – яно адбылося напачатку 90-х гадоў. Калектыў яшчэ нават не меў сённяшняй цудоўнай, адметнай назвы – на сцэну выходзіў аркестр народных музычных інструментаў дзіцячай музычнай школы пад кіраўніцтвам Надзеі Паўлаўны Шарэйкі – і адбываўся цуд невытлумачальнага ўздзеяння музыкі нават на тых з гледачоў, хто не ведаў ніводнай ноты. Тады ў раёне яшчэ не было ні «Кемяліны», ні «Світанка», і ўзорам прафесіяналізму і майстэрства з’яўляўся аркестр народных інструментаў і яго салісты – Данута Блашкевіч, Ірэна Волчэк…
На юбілейным канцэрце «Скарбніцы» злавіла сябе на сумнай думцы: гісторыя паўтараецца. Заўчасна закацілася яркая зорка «Кемяліны», якая магла прадставіць раён на любым, самым высокім і прафесійным, узроўні, не чуваць апошнім часам і звонкіх галасоў «Світанка». І зноў «Скарбніца» засталася, па сутнасці, адзіным прафесійным музычным калектывам, які слухаеш – і хочацца то плакаць, то смяяцца, то танцаваць, то гараваць…
Усе гэтыя думкі і пачуцці ў чарговы раз з радасцю і настальгіяй адчула на юбілейным канцэрце «Скарбніцы».
Павіншаваць калектыў з сур’ёзным юбілеем прыйшла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, якая назвала калектыў культурным брэндам Астравеччыны – і з гэтым не паспрачаешся. Кіраўнік прадстаўнічай галіны ўлады ўручыла Ганаровыя граматы Савета дэпутатаў Марыі Станіславаўне Пасечнік і Надзеі Паўлаўне Шарэйцы, Падзячныя пісьмы – Генрыху Францавічу Волчэку і Дануце Міхайлаўне Блашкевіч, якая, да слова, з’яўляецца не толькі ўдзельніцай і салісткай аркестра, але і на працягу некалькіх скліканняў – дэпутатам раённага Савета.
Раздзяліць са «Скарбніцай» юбілейную радасць завіталі калегі, у тым ліку і былыя – Аляксандр і Галіна Антановічы спецыяльна прыехалі дзеля гэтага з Мінска.
Свае музычныя падарункі падарылі юбілярам прадстаўнікі іншых творчых калектываў – хору ветэранаў і «Польскага рэха», вядомы астравецкі аўтар Аляксандр Якіменка, кампазіцыі якога гучаць у выкананні «Скарбніцы», таленавітае мужчынскае трыа з Рытанскага дома культуры ў складзе Аляксандра Юргялянца, Юрыя Інаровіча і Яраслава Вянгроўскага, былы саліст аркестра Сяргей Сяўко, разам з якім «Скарбніца» прадстаўляла Гродзеншчыну на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». А найперш, вядома ж, удзячныя гледачы, якія не шкадавалі далоняў, дзякуючы любімаму калектыву за яркія моманты сустрэчы з цудоўным, за еднасць з музыкай.
…Наўрад ці думала Марыя Станіславаўна Пасечнік, якая некалі стварала інструментальную групу для суправаджэння выступленняў хору завода «Радыёдэталь», што некалі гэты невялічкі калектыў перарасце ў аркестр і атрымае званне народнага, утрымліваючы яго на працягу двух дзесяцігоддзяў. Не думаю, што Надзея Паўлаўна Шарэйка, калі брала на сябе нялёгкую ношу кіраўніка аркестрам, планавала, што гэты калектыў стане культурным брэндам раёна. Не ўпэўнена, што ўдзельнікі аркестра, якія іграюць у яго складзе з першага дня і да гэтага часу – акрамя вышэйзгаданых Надзеі Шарэйкі і Марыі Пасечнік, гэта Генрых Волчэк, Уладзімір Масойць – дарэчы, колішні вучань Надзеі Паўлаўны, Алена Капылова, спадзяваліся, што некалі будуць адзначаць трыццацігадовы юбілей свайго калектыву. Але для іх, як і для «сярэдняга пакалення» аркестра – Аксаны Сяўко, Вольгі Гульбіцкай, Марыны Арлоўскай, Юрыя Жэбіта, Віталя Раткевіча, Сяргея Дзям’янчыка, Дануты Блашкевіч, для маладой віртуознай цымбалісткі Людмілы Столяр, што прыйшла ў калектыў зусім нядаўна, сустрэчы на рэпетыцыях, пошук і развучванне новых мелодый, канцэрты – вельмі важная часцінка іх жыцця, іх душы.
У гэтым, напэўна, і хаваецца сакрэт творчага даўгалецця «Скарбніцы». І дай бог, каб іх не спасціг лёс «Кемяліны» і «Світанка», і «Скарбніца» гучала для радасці ўсіх астраўчан яшчэ як мінімум «сто лят» – а то і больш!