Прайшоў фестываль паэтычнага мастацтва памяці Сваяка

17:18 / 14.12.2017

На фестывалі паэтычнага мастацтва “Сваякоўскія сустрэчы” ў мінулую нядзелю Падольцы віталі прыхільнікаў творчасці нашага славутага земляка, паэта і святара Казіміра Сваяка.

SAM_3104.jpg

У фае мясцовага Дома культуры гасцей сустракалі прадметы і дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Канстанціна Стэповіча -  гэтыя артэфакты захоўваюцца ў музеі Падольскай школы.

Адкрыў фестываль старшыня Рытанскага сельскага Савета Рыгор Цэйка, выказаўшы спадзяванне, што  гэты фестываль з часам стане візітнай карткай аграгарадка і штогод будзе набіраць усё большы размах.

SAM_3113.jpg

Падчас літаратурнай імпрэзы гучалі творы паэта і прысвяченні яму. Пранікнёнае, душэўнае прачытанне вершаў  “Шчасце” і “Льюцца песні” падаравалі слухачам Арцём Шэша і Вікторыя Шылько. Свой верш прачытала настаўніца Людміла Валодзька, а Ларыса Нарэйка прадэкламавала верш Станіслава Валодзькі “Памяці Казіміра Сваяка”. Расчуліў да глыбіні душы ўдзельнікаў свята ўрывак з п’есы К.Сваяка “Янка Канцавы” у выкананні Міраславы Якіменкі і Ганны Трубіцкай, а прыхільніца творчасці паэта Святлана Буланава з Кямелішак перадала ў экспазіцыю “Дом Казіміра Сваяка” шмат беларускіх дыктовак, якія былі напісаны па творах земляка.

Якое ж свята без песні?! З музычнымі падарункамі, якія ўдала аздобілі імпрэзу і стварылі святочны настрой, прыехалі ў Падольцы  Вольга Валадзько, Алена Якубцэвіч, Кацярына Кулевіч, Ксенія Кузьміцкая, Аляксандр Юргелянец і Алег Уласік.

SAM_3115.jpg

Будзем спадзявацца, што надзея старшыні сельсавета Рыгора Цэйкі спраўдзіцца – і “Сваякоўскія сустрэчы” ў Падольцах стануць своеасаблівай паэтычнай адмецінкай Астравеччыны.

Фота Вольгі  ВАЛАДЗЬКО.

 

 

 

 

 

Текст: