Сустракалі доўгачаканых гасцей – сяброў са Смаргоні

11:11 / 18.10.2017

Напачатку мінулага тыдня ў аддзяленні дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту Тэрытарыальнага цэнтра сацыальнага абслугоўвання насельніцтва  сустракалі доўгачаканых гасцей – сяброў са Смаргоні, аб’яднаных пад дахам “Цёплага дома”.  Творчыя і сяброўскія стасункі паміж двума аддзяленнямі завязаліся даўно і паспяхова развіваюцца. 

Гасцям  арганізавалі экскурсію па  Астраўцы, паказалі яго новыя і старыя мікрараёны, адметныя мясціны і славутасці. Смаргонцы не хавалі захаплення: Астравец непазнавальна змяніўся, папрыгажэў. 

Ды і ў тэрытарыяльным цэнтры аказалася шмат цікавага: выстава  твораў таленавітых майстрых-рукадзельніц Валянціны Рыгораўны Янчэўскай – вышыўка стужкамі, Ганны Францаўны Сінкевіч – бісерапляценне, вышываныя абразы Святланы Іванаўны Мешкіс. А ў актавай зале чакаў багата накрыты стол – нашы гаспадыні-пенсіянеркі прынеслі на конкурс бліны ды пірагі. 

yhhbjn.jpg

Галоўным момантам сустрэчы сяброў, прысвечанай Міжнароднаму дню пажылых людзей,  стаў сумесны канцэрт. Госці – вакальная група “Крынічанька” пад кіраўніцтвам Васіля Антонавіча Карпеца – паказалі яркую праграму з беларускіх, рускіх, аўтарскіх песень і вершаў і высокае выканаўчае майстэрства. 

asas.jpg

А  затым настала  чарга астраўчан паказаць, на што яны здатныя. У каторы раз бліснуў талентамі танцавальны калектыў “Чаромушкі” пад кіраўніцтвам Тамары Іванаўны Батуры. Шчырае захапленне выклікалі “Вясковая полечка” Людмілы Іванаўны Кухарэвіч у  аўтарскім выкананні з іскрамётнай падтанцоўкай, выступленні вакальнай групы і салісткі Святланы Іванаўны Мешкіс. А калі гасцям прадставілі гэтых трох таленавітых сясцёр,  разразіліся сапраўдныя авацыі. Сваю долю шчырага прызнання  атрымалі і астравецкія паэты – Наталля Пятроўна Зубенка і аўтар гэтых радкоў, а таксама Алёна  Рэкець са сваім эстрадным танцавальным нумарам.

Не абышлося без сюрпрызаў: гасцей зайшоў прывітаць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Віктар Іосіфавіч Ждановіч. Ён выказаў захапленне выступленнем вакальнай групы “Крынічанька” і сам праспяваў некалькі песень.

Сяброўская песня гучыць званчэй, таму спявалі разам натхнёна і дружна. А напрыканцы – закружыліся ў вальсе, скокнулі задзірыстую полечку. 

Потым усе частаваліся  блінамі ды пірагамі з духмянай гарбатай.

Вядома ж, ніхто не пайшоў дадому без арыгінальных сувеніраў – іх падрыхтавала моладзь з аддзялення дзённага знаходжання людзей з інваліднасцю. 

Текст:
Фото: Таисия Семёнова