"Новогодний калейдоскоп" в Островце "заблестел" новыми талантами

10:30 / 30.12.2012

"Навагодні калейдаскоп". Пад такой яскравай назвай прайшоў у актавай зале Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў перадсвяточны канцэрт гаспадароў, а таксама гасцей з Варнянскай і Кямелішкаўскай ДМШ. Нібыта ў сапраўдным калейдаскопе – яркім, мнагаколерным – прамільгнулі перад захопленымі гледачамі шматлікія таленты вучняў і настаўнікаў.


Часам хочацца паспрачаццца з неаспрэчнай ісцінай: маўляў, не месца ўпрыгожвае чалавека. Бывае і зусім наадварот. Педагагічнаму калектыву і вучням музычнай школы ніколі не даводзілася бедаваць ад адсутнасці талентаў – тут здаўна працавалі цікавыя творчыя калектывы, з яе сцен выходзілі вельмі здольныя выканаўцы і сюды вярталіся выдатна падрыхтаваныя, зацікаўленыя выкладчыкі з ліку ўчарашніх выпускнікоў. Але з набыццём новага прасторнага будынка з цудоўнай, утульнай актавай залай усё стала нашмат лепш. Акрамя шырока вядомых калектываў – народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Надзеі Паўлаўны Шарэйка, узорнага дзіцячага хору “Ветразь” – шматасобнага “дзіцятка” Ірыны Анатольеўны Волчак і малодшых харыстаў Святланы Барысаўны Павалоцкай (канцэртмайстар абодвух калектываў Крысціна Генрыхаўна Волчак), узорнага духавога аркестра, у высокім выканаўчым майстэрстве якіх слухачы мелі магчымасць пераканацца неаднойчы, яркімі іскрынкамі зазіхацелі ў “Навагоднім калейдаскопе” новыя таленты.
Да слёз кранула выступленне самых маленькіх артыстаў – выхаванцаў эстэтычнага класа Алёны Уладзіславаўны Дзям’янчык. Зусім малеча, дашкаляты ад двух да шасці гадоў, а як спяваюць, як артыстычна трымаюца на сцэне! Ці быў у зале хоць адзін глядач, які б не перажываў разам з малышамі пад іх песеньку “Лялька захварэла”? А колькі шчырых апладысментаў атрымалі ва ўзнагароду юныя салісткі Настачка Веська і Эльміра Мамедава і старэйшая за іх Вікторыя Рудая! Гэтая дзяўчына яшчэ і малюе цудоўна!
Выкладчыкі таксама не засталіся ў баку і стварылі цудоўнае трыа “Элегія”, інструментальны квартэт “Усмешка” у арыгінальным складзе -- гітара, акардэон, цымбалы і скрыпка.
Найтанчэйшыя струны душы закранула вакальная група выкладчыкаў Варнянскай ДШМ сваім “кароннымі” нумарамі – кубінскай народнай песняй “Галубка” і славутым “Бесаме мучо”, а танцавальны калектыў яе выпускнікоў – выхаванцаў Таццяны Вітольдаўны Клышка – выклікаў захапленне майстэрскім выкананнем старадаўняга танга і стыльнымі ўборамі. Сюрпрызам можна назваць і выступленне юных танцораў з Кямелішак, з якімі працуе крэатыўны педагог Таццяна Альбертаўна Смірнова.
Аматары інструментальных твораў змаглі па вартасці ацаніць ігру піяністак Таццяны Сяргееўны Падгайскай і Алены Генрыхаўны Раткевіч, юнай Дзіяны Цэйка, гітарыста, выпускніка Астравецкай ДМШ і Гродзенскага музычнага каледжа Вацлава Вадкевіча, які аказаўся яшчэ і цудоўным канферансье.
У школе мастацтваў ёсць яшчэ і клас жывапісу. Вернісаж твораў яго выхаванцаў працаваў у фае. Паверце на слова: многія акварэлі, алоўкавыя малюнкі прымушалі спыняцца і нейкі час стаяць у роздуме – настолькі глыбокі ў іх сэнс і таленавітае мастацкае выкананне.
А яшчэ з перасяленнем у годнае памяшканне ў калектыва Астравецкай школы мастацтваў з’явілася магчымасць знаёміць са сваімі творчымі дасягненнямі шырокае кола гледачоў і слухачоў. На сёлетняй пераднавагодняй імпрэзе пабывалі не толькі бацькі выхаванцаў, што традыцыйна, але і многія аматары музыкі з горада. Не сумняваюся: з часам іх будзе ўсё больш і больш, бо паказаць калектыву школы ёсць што.


Таіса СЯМЁНАВА.


Фота Івана ПЕТРЫКА.