Известный белорусский скульптор Игорь Зосимович встретился с учениками Ворнянской школы

10:54 / 14.12.2012

Камяні… Жывая часцінка матулі-зямлі ў цёплым і мяккім ззянні каштоўных камянёў, у пяшчотным і ласкавым дотыку рачной галечкі і каменьчыкаў, якія выносяць марскія хвалі, у велічы і мудрым спакоі лясных і палявых валуноў-волатаў. Колькі ўсяго пабачана імі, зведана і ўвабрана ў сябе! У таленавітых руках скульптараў камяні нібы прачынаюцца – і расцвітаюць незвычайнымі кветкамі, ці выглядваюць абліччам прыгожай дзяўчыны, а то – суровымі тварамі шляхцічаў-магнатаў, ці вытанчана-пявучай арфай. Ва ўсім гэтым адчуваецца вялікая таямніца судакранання чалавека і прыроды.


Вучні Варнянскай сярэдняй школы-сада-ясляў, удзельнікі гуртка “Юнкары” запрасілі на сустрэчу вядомага беларускага скульптара Ігара Сяргеевіча Засімовіча, аднаго з удзельнікаў пленэра “Каменныя скульптуры Астраўца” прысвечанага 540-му юбілею, пасля якога ў горадзе засталося дзесяць цудоўных скульптур.
Дзяўчынкі і хлопчыкі загадзя падрыхтавалі пытанні Ігару Сяргеевічу. Ім было цікава ўсё: хто яго бацькі і дзе радзіма, пачатак творчага шляху, першыя радасці і ўдачы, сябры і аднадумцы… Ігар Сяргеевіч нетаропка і ўдумліва даваў адказы на пытанні, адначасова дэманструючы свае работы і эскізы на слайдах, то скульптуры, якія ён захапіў з сабой і дазволіў дзецям дакрануцца да іх, то паказваў рамантычны фільм пра сядзібу скульптараў “Магія каменя”. Вядома, гэта было цудадзейства, бо слухачы былі зачараваны, прыгаломшаны і скораны такім незвычайным талентам, такой неардынарнай асобай. “Скульптуры з дрэва, з металу – прыгожа, здорава, але з каменю – гэта ўжо вечна”, – слухаючы гэта, я ўспамінала старажытныя каменныя фігуры з вострава Пасхі, якім тысячы год, і каменныя, невыказна прыгожыя храмы старажытнага Егіпта са статуямі фараонаў і жрацоў.
А як майстра выбірае камяні для сваёй работы?
– Езджу, знаходжу 5 – 6 валуноў – і толькі адзін з іх дазваляе працаваць над сабой. А бывае, што і ніводзін… Часам мне здаецца, што гэта не я іх выбіраю, а яны – мяне. А тыя, маўклівыя, недаверлівыя, відаць, яшчэ не гатовы да працы. Яны застаюцца ляжаць – да сваёй пары. Досыць доўга выбіраў камень для сваёй арфы, хацелася адчуць у ім музыку. Чаму менавіта арфа ў Астравецкім праекце? Таму што гэта музычны інструмент, на якім ігралі, па паданні, багі на Алімпе.
Мы слухалі, стаіўшы дыханне, пра яго творчыя паездкі ў Польшу, Германію, Літву, бачылі каменныя скульптуры – шэдэўры на беразе Балтыйскага мора ў Клайпедзе, каменную сядзібу пад Мінскам – і нас ахоплівала неадольнае жаданне пабываць там, дакрануцца рукамі, душой і сэрцам да таго, што так дорага і люба герою нашай сустрэчы. Калі госць распісваўся ў Ганаровай кнізе гасцей школы, я запытала ў вядучых імпрэзы Анжалікі Масойць і Інэсы Браніцкай аб іх уражаннях.
Інэса: Вельмі спадабалася сустрэча, пабачыла і пачула цудоўнага, таленавітага чалавека. Ніколі не задумвалася, што столькі можна зрабіць з каменя. Вялікае ўражанне ад клайпедскіх скульптур, ад іх незвычайнасці, магічнасці. Нібы жывыя, гаварылі яны на сваёй таямнічай мове. Я думала, што камяні растуць з зямлі, і з маленькага праз дзясяткі гадоў вырастае вялікі. Ажно, аказваецца, іх выпіхвае зямля. Мне ўспомніліся каменьчыкі, што я прывезла з Крыма. Калі я бяру іх у руку, успамінаю мора, яго лагодна-халаднаватае дакрананне, задумваюся аб розных жыццёвых сітуацыях. А пасля сустрэчы камяні ажываюць, набываючы свой твар.
Анжаліка: Я першы раз на такой сустрэчы. Работы Ігара Сяргеевіча ўразілі сваёй таямнічасцю. Было цікава паслухаць расповеды аб яго дзяцінстве, студэнцтве, паглядзець незвычайны фільм пра каменную сядзібу скульптараў “Магія каменя”, вельмі хочацца з’ездзіць туды. Раней на камень я ніколі не звяртала ўвагі. А цяпер мне бачыцца яго душа. Мне ўзгадаўся камень, на якім часта адпачывала ў лесе, калі збірала ягады. І тады прыходзілі ў галаву розныя філасофскія думкі аб сэнсе жыцця…
Даша Мажэйка: Мне спадабалася сустрэча тым, што скульптуры мастака прымушаюць нас задумацца. Было цікава пачуць, з якіх камянёў яны зроблены і для якой мэты. Вельмі прыгожа ў каменнай сядзібе, здаецца, што камяні – жыхары гэтай сядзібы. Вельмі хацелася б там пабыць, пабачыць сваімі вачыма і дакрануцца да іх.
Напрыканцы сустрэчы Ігар Сяргеевіч найбольш актыўных удзельнікаў адзначыў невялічкімі падарункамі. Вельмі шчыра і пранікнёна падзякавала госцю намеснік дырэктара школы Таццяна Уладзіславаўна Калтан за прыемныя, радасныя і творчыя хвіліны зносін з мастацтвам і прыгажосцю. І дзеці, і настаўнікі запрашалі госця прыязджаць яшчэ.
У час развітання госць прызнаўся, што прыемна здзіўлены прыгажосцю і ўтульнасцю нашай школы, зацікаўленымі дзецьмі і настаўнікамі, гасціннасцю дырэктара Надзеі Андрэеўны Субач і тымі, хто дапамог яму падрыхтавацца да сустрэчы тэхнічна: педагогам-арганізатарам Наталляй Іосіфаўнай, лабарантам Юліяй Францаўнай і бібліятэкарам Марыяй Іванаўнай.
Няхай жа ў кожным з нас узрастуць тыя цудоўныя зярняткі духоўнасці, пасеяныя гэтым таленавітым чалавекам, Майстрам сваёй справы.


Людміла КУХАРЭВІЧ.