В Гервятском костёле Святой Троицы прошёл четвёртый концерт органной и вокальной музыки

09:25 / 05.12.2012

«Аднойчы здзейсненае жыве вечна» – сцвярджаюць мудрацы. І значыць, пад гатычнымі скляпеннямі Гервяцкага храма – трэба толькі ўважліва прыслухацца – жывуць водгукі ўсяго, што больш як за 100 гадоў існавання касцёла было сказана, праспявана, сыграна ў яго сценах. І ўжо тым больш не могуць – не маюць права! – знікнуць бясследна цудоўныя гукі канцэртаў арганнай і вакальнай музыкі, на якія, як пчолы на водар нектару, з’язджаюцца з розных вёсак, гарадоў і нават краін аматары класічнай музыкі.



Згадзіцеся, у эйфарыі, з якой успрымаеш нешта цудоўнае – кнігу, фільм, пацалунак, размову з мудрым чалавекам… – заўсёды прысутнічае гарчынка прадчування, што ўсё гэта неўзабаве скончыцца. Вось і на гервяцкіх канцэртах: дастаткова першым акордам аргана расшчаміць аковы прасторы і часу, як недзе ўнутры агульнай свядомасці слухачоў нараджаецца драпінка шкадавання, што праз гадзіну зачараванню суджана скончыцца…
Трэцяя праграма… Чацвёрты канцэрт…
Такое ўражанне, што ў тую суботу, пачынаючы з трох гадзін дня, усе шляхі вялі ў Гервяты – па новай дарозе з двух яе бакоў, зрэдку перамежваючыся буйнымі “таямнічкамі” аўтобусаў, рухаўся жывы ружанчык з аўтамабіляў. І нават у той нязвыклай галантнасці, з якой вечна нецярплівыя аўтамабілісты вытрымлівалі дыстанцыю паміж аўто, чыталася асаблівая аўра блізкай падзеі – сустрэчы з цудоўным.
Ах, як хутка прывыкаеш да добрага! Яшчэ нядаўна, каб паслухаць класічную музыку, трэба было ехаць у Мінск, Маладзечна або Вільнюс. А цяпер з лёгкай рукі пробашча Гервяцкай парафіі Леаніда Несцюка і арганіста касцёла Андрэя Міхневіча музыка сама прыйшла да нас. І якая!
Апошні канцэрт адбываўся ў дні памінання памерлых і быў прысвечаны светлай памяці тых, каго побач з намі ўжо няма...
Адразу загучалі Нешпары. Першапачаткова Андрэй Міхневіч збіраўся выконваць іх па-польску, але літаральна за тыдзень адшукаў беларускі варыянт тэксту (пад рэдакцыяй ксяндза Завальнюка). Канешне, давялося “падганяць” знойдзеныя словы (асабліва канчаткі радкоў) пад музыку – фактычна арганіст зрабіў уласны варыянт мелодыі псалмоў, і было варта – зразумеласць слоў дадала Нешпарам шчырасць асаблівага накалу. А прыпеў, які прагучаў на беларускай, польскай і літоўскай мовах, аб’яднаў усіх прысутных – па-за іх прыналежнасцю да нейкай канкрэтнай нацыянальнасці – у адну сям’ю.
Таццяна Глазунова… Яе выступлення ўсе, хто быў хоць бы на адным з папярэдніх канцэртаў, чакалі з асаблівым нецярпеннем. Расказваць пра спявачку можна шматслоўна і ў найвышэйшых ступенях або проста аднесці яе талент у катэгорыю “брава!”. Таццяна не расчаравала сваіх прыхільнікаў і на гэты раз: “Вакаліз” Рахманінава – 12 старонак рахманінаўскіх немагчыма складаных нот... Зрэшты, справа нават не ў складанасцях – урэшце рэшт гэта толькі тэхнічны бок выканання. Голас Таццяны заварожвае найперш эмацыянальнай сілай уздзеяння на слухача, багаццем інтанацыйных і тэмбравых адценняў, шырынёй дыяпазону. А ў “Вакалізе” – яшчэ і сумам, светлым і глыбокім. І ў “Авэ, Марыя”. І ў “Эцюдзе мі мінор” Шапэна…
А два другія выканаўцы – Аляксандр Музыкантаў і Кірыл Старасценка – завіталі ў Гервяты ўпершыню.
Аляксандр – саліст Белдзяржфілармоніі. Закончыў Беларускую акадэмію музыкі і магістратуру акадэміі. Потым – магістратуру Каралеўскага каледжу музыкі ў Лондане. Кажуць, Музыкантаў з тых артыстаў, якія аддаюцца музыцы цалкам, і калі ён іграе, зала не толькі з заміраннем ловіць кожны гук, але і сочыць за бурай пачуццяў, якія ў гарманічным яднанні з музыкай бушуюць на твары артыста.
Слухачы канцэрта ў Гервятах не мелі магчымасці бачыць – дзейства, як заўсёды, адбывалася на “хорах”, затое чулі выдатна: эцюд і накцюрн Шапэна, андантэ з балета “Шчаўкунчык”, “Развітанне з Радзімай” Агінскага – віртуознасць выканання Музыкантавым гэтых і ўсіх астатніх твораў не пакінула раўнадушнымі нікога з прысутных. Ды Аляксандр і не музіцыраваў – жыў мелодыяй. Нібы ўласнымі пальцамі ствараў яе нанава, «падпітваў» сэрцам і абагаўляў душой. І ўслед за музыкантам па сцяжынцы, пракладзенай ім скрозь зараснікі будняў, ішлі да Боскага святла мы, простыя смяротныя…
Кірыл Старасценка – таксама выпускнік і магістр Беларускай акадэміі музыкі, саліст Белдзяржфілармоніі, выкладчык музыкі ў інстытуце сучасных ведаў. Ён – тэнар, а гэта значыць, вітае ў “вярхах” музычнага Алімпу, утаймоўвае так званыя “каралеўскія” ноты. “Прысвячэнне Каруза”, арыя Ксеркса з аднайменнай оперы Гендэля, “Не плач” дэ Курціса… Голас Кірыла выдатна ўпісаўся ў агульную мелодыю Гервяцкага храма – ён узвіваўся да самай вяршыні ягонага шпіля і ў лірычнай знямозе вяртаўся на “хоры”, “завінчваў” існаванне, да атамаў насычаў яго драматызмам, каб у канцы разняволіць і падарыць надзею…
Хоць па накалу страсцей канон “Святы Божа” ў выкананні Андрэя Міхневіча аказаўся ў праграме непераўзыдзеным – біў па нервах наводмаш, агламошваў, скараў. Каб праз адмову ад уласнага “я”, разам з ім мы змаглі дарасці да новай ступені светаадчування.


Ганна ЧАКУР.



Таццяна ГЛАЗУНОВА:


– Новая праграма для артыста непазбежна спалучаецца з дадатковымі  хваляваннямі: як паставіцца да яе слухач? Ці ўдасца дастукацца да глыбінь яго ўспрыяцця?


Але гервяцкая публіка асаблівая – яна ўмее не проста слухаць, а чуць. Для яе хочацца выкладвацца напоўніцу, аддаваць ўсё, чым валодаеш, і нават больш.


Не перастаю захапляцца і самім касцёлам Святой Тройцы – гэта пярліна незямной прыгажосці, у сценах якой  адпачываеш душой.


Холадна? Ну, канешне, не горача, але ўмовы нашых выступленняў далёка не заўсёды бываюць камфортнымі. Прыстасоўваемся. На наступны канцэрт вось дамовіліся пакласці на цэмент падлогі некалькі дошчачак, каб не мерзлі ногі. Хоць у час выканання не адчуваеш ні холаду, ні іншых нягод – у гэты момант ты жывеш у іншым вымярэнні.


За шчасце перажываць падобныя імгненні ў Гервяцкім касцёле я ўдзячна ўсім: ксяндзу Леаніду, арганісту Андрэю, з якім мы сябруем больш за 20 гадоў, маім акампаніятарам, а найбольш – публіцы, удумлівай і суперажываючай.



Кірыл СТАРАСЦЕНКА:

– Гервяцкая зямля – незвычайная, тут прэваліруе культура Заходняй Еўропы. А яе храм – з’ява цалкам унікальная. Дарэчы, спяваць у храме мне давялося ўпершыню, і пачуцці, перажытыя падчас канцэрта, цяжка перадаць словамі. Гэтая безумоўная прысутнасць Бога…

Калі канцэрт толькі распачаўся… Калі загучалі Нешпары, мне раптам на нейкім інтуітыўным узроўні захацелася звярнуцца да Усявышняга. І першымі словамі, якія нарадзіліся ў маёй душы ў гэты момант, былі наступныя: “Божа, адары мяне натхненнем, каб я мог славіць Імя Тваё ўзнёсла і годна”. Думаю, Гасподзь пачуў маю просьбу – спявалася лёгка. Хоць, па-мойму, усё, што адбывалася на гэтым канцэрце, найперш было малітвай, а ўжо потым – творчасцю.

Аляксандр МУЗЫКАНТАЎ:


– Бязмерна ўражаны тым, што адбывалася ў Гервяцкім храме. Як і самім касцёлам, і станам, у якім ён знаходзіцца. Репертуар, паколькі канцэрт адбываўся ў памінальны перыяд, мы падбіралі адпаведны, і, думаю, творы Гендэля, Баха, Рахманінава канцэптуальна адпавядалі абранай тэме.


Вельмі ўразіла публіка… Вядома, у нас не было магчымасці мець непасрэдны кантакт з гледачамі, але цішыня, якая панавала ў храме падчас канцэрта, гаварыла сама за сябе. Мы разумелі: тое, што адбываецца, сугучна людзям, і гэта акрыляла.



Андрэй МІХНЕВІЧ:

– Канешне, я шчаслівы, што новую праграму людзі прынялі і высока ацанілі. Хоць найперш яна гучала, вядома ж, дзеля Бога, і толькі пасля – дзеля мастацтва. Як і кожны канцэрт, гэты ўяўляў сабой сумесную творчасць артыстаў і публікі – мы маліліся разам. Праслаўляць жа Бога можна не толькі традыцыйнымі малітвамі, але і песняй, і музыкай, і танцам, і нават цішынёй.

Дарэчы, наконт цішыні. Нярэдка людзі звяртаюцца да мяне з пытаннем, ці можна ў касцёле апладзіраваць?

Канешне, мы працуем не дзеля апладысментаў, але пакажыце мне артыста, якога яны не радуюць!.. Мне даводзілася бываць на многіх канцэртах у храмах самых розных гарадоў Еўропы, і паўсюдна людзі дзякуюць музыкантам авацыямі, воклікамі “брава”, кветкамі. На адным з канцэртаў у Аўстрыі публіка бісіравала маэстра на працягу сарака хвілін. І Бог, думаю, радаваўся разам з людзьмі…

Проста варта памятаць: кожны храм – гэта Божы Дом. А мы – Яго дзеці. Любімыя, заўважце, дзеці. І не трэба баяцца праявіць сябе – на любоў дастаткова адказаць любоўю.