Благотворительный концерт в помощь детям пройдет в Островце

12:15 / 28.11.2012

Традыцыйны дабрачынны канцэрт, прысвечаны Сусветнаму дню інвалідаў, адбудзецца 3 снежня ў кінаканцэртнай зале “Астравец”. Сродкі ад яго пойдуць на дапамогу анкалагічна хворым дзецям.


Падобныя дабрачынныя канцэрты, арганізатарамі якіх выступаюць раённы аддзел культуры райвыканкама і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сталі ўжо традыцыйнымі – і нязменна выклікаюць павышаны інтарэс у жыхароў горада і раёна. Таму што, хоць і кажуць, што свет сёння жорсткі і бязлітасны, усё ж у кожным чалавеку жыве часцінка дабрыні, спагады, міласэрнасці і жаданне дапамагчы бліжняму. Толькі не заўсёды людзі ведаюць, каму і якім чынам можна аказаць тую дапамогу.
У Сусветны дзень інвалідаў, 3 снежня, у кожнага чалавека з добрай душой і бескарыслівым сэрцам будзе такая магчымасць. Для гэтага трэба толькі набыць білет на дабрачынны канцэрт – кошт яго складзе 25 тысяч рублёў, ці нейкія вырабы на выстаўцы раённага Дома рамёстваў, ці мыла ручной работы, зробленае рукамі пацыентаў аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў – і такім чынам прыдачыніцца да добрай справы.
Сабраныя падчас дабрачыннага канцэрта сродкі пойдуць на дапамогу дзецям, хворым на анкалогію – такіх у нашым раёне сямёра. Дарэчы, калі вы нават не маеце магчымасці прыйсці на канцэрт, грошы для дапамогі хворым дзецям можна ахвяраваць, набыўшы спецыяльны купон – бо, як паказвае практыка правядзення падобных канцэртаў у мінулыя гады, білетаў на ўсіх не хапае: жадаючых аказаць пасільную дабрачынную дапамогу хворым дзецям больш, чым месцаў у кінаканцэртнай зале “Астравец”.
Аказаць дапамогу анкалагічна хворым дзецям могуць і арганізацыі, пералічыўшы любую суму грошай на разліковы рахунак аддзела культуры 3632522000084 у ЦБУ №417 г.п. Астравец філіяла 423 ОАО “АСБ Беларусбанк” горада Смаргонь, код 504, УНП 500019134.
Напярэдадні канцэрта ў фае кінаканцэртнай залы будзе праходзіць акцыя “Падары казку” па зборы кніг і сродкаў для іх набыцця для дзяцей – выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра.
Жадаючыя могуць таксама дапамагчы і карэкцыйнаму цэнтру, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, і аддзяленню дзённага знаходжання маладых інвалідаў пры цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Спяшайцеся рабіць дабро – гэта так мала каштуе і так дорага цэніцца!


------------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.


Фота з сайта liveinternet.ru