История взлетов и падений Ворнянской музыкальной школы

15:55 / 18.05.2012

У Варнянскай дзіцячай школе мастацтваў ёсць свая гісторыя – з узлётамі і падзеннямі, з часамі росквіту і заняпаду. А пачыналася ўсё ў далёкім 1977 годзе…


Менавіта тады маладая сямейная пара – Аляксандр Сцяпанавіч і Аліна Вікенцьеўна Лянцэвічы – трапіла па размеркаванні ў Варняны, дзе адкрылася калгасная дзіцячая музычная школа. Аляксандр Сцяпанавіч быў прызначаны яе дырэктарам і разам з жонкай выкладаў акардэон і баян. Акрамя гэтых двух класаў, тут пачаў дзейнічаць клас  фартэпіяна. У першы год музычнай школе выдзелілі памяшканне ў вучэбна-вытворчым комплексе, крыху пазней калгас пабудаваў для яе асобны будынак і зрабіў прыбудову, дзе размясцілася і кватэра Лянцэвічаў. Увогуле, былы старшыня калгаса Уладзімір Паўлавіч Постраш удзяляў вялікую ўвагу таму, каб музычная школа была забяспечана ўсім неабходным. Тут была створана цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база: шмат музычных інструментаў, прайгравальнікі, магнітафоны, вялікая фанатэка. Была актавая зала, пры школе нават дзейнічаў духавы аркестр. Ды і вучняў было шмат – людзі сталі праяўляць зацікаўленасць да эстэтычнага выхавання дзяцей, таму з задавальненнем запісвалі іх у музычную школу. З цягам часу адкрыўся яшчэ адзін клас – домры.


Усё было добра да таго часу, пакуль не прыйшлі ліхія дзевяностыя. Гэтыя гады сталі сапраўдным выпрабаваннем для музычнай школы ў Варнянах. Жыць стала цяжэй, людзей больш турбавала, як пракарміць сям’ю, а не тое, ці будзе ўмець іх дзіця іграць на фартэпіяна. Таму ў школе засталося мала вучняў. Ды гэта яшчэ паўбяды. А можа, і зусім не бяда ў параўнанні з тым, што здарылася пасля. У 1991 годзе па нявысветленай прычыне – хутчэй за ўсё, з-за кароткага замыкання электраправодкі – школа згарэла дашчэнту, а з ёй – і кватэра сям’і Лянцэвічаў. У агні былі знішчаны і ўсе музычныя інструменты, у тым ліку асабісты і вельмі дарагі інструмент музыкантаў. Так ад цудоўнай музычнай школы ў Варнянах застаўся толькі попел… Гэтыя часы Аляксандр Сцяпанавіч і Аліна Вікенцьеўна Лянцэ-вічы ўспамінаюць з болем у сэрцы.


Пасля пажару музычнай школе зноў выдзелілі памяшканне ў вучэбна-вытворчым комплексе, дзе вучні і настаўнікі месціліся доўгія гады. Але вучняў было мала, і Аляксандр Сцяпанавіч, каб пракарміць сям’ю, быў вымушаны пайсці працаваць у іншую сферу. І ў 1994 годзе месца дырэктара заняла жонка Аліна Вікенцьеўна, якая ўзяла на сябе няпростую ношу па аднаўленні  музычнай школы.


У 2005 годзе школа нарэшце пераехала ў асобны будынак, дзе ў мінулым годзе, дзякуючы падтрымцы Астравецкага райвыканкама, быў зроблены капітальны рамонт. Будынак абнавіўся амаль поўнасцю, так што кабінеты сталі светлымі і ўтульнымі – так што займацца тут творчасцю цяпер ячшэ больш прыемна. Хаця засталіся нявырашаныя пытанні – у школе не хапае мэблі, ды і тая, што ёсць – старая і не ўпісваецца ў сучасны і прыгожы інтэр’ер. Самая ж вострая праблема – гэта інструменты, якія даўно патрабуюць абнаўлення. Але ж Аліна Вікенцьеўна верыць, што з цягам часу ўсе праблемы ўдасца вырашыць. І яна робіць усё магчымае, каб школа мастацтваў адпавядала сучасным патрабаванням.


Дарэчы, у 2003 годзе з адкрыццём харэаграфічнага класа – музычная школа стала ўжо школай мастацтваў. А чатыры гады назад тут пачаў працаваць і клас выяўленчага мастацтва. Так што ў варнянскіх школьнікаў з’явілася магчымасць выбару занятку па душы.


Сёння тут вучацца 80 дзяцей – усе яны розныя, але аб’ядноўвае іх любоў да мастацтва. Рабяты пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах і ніколі не застаюцца без узнагарод. У гэтым годзе на абласным конкурсе імя Горскага дзве піяністкі атрымалі заслужаныя ўзнагароды: Кацярына Шадзяніс адзначана дыпломам (настаўнік В.П. Ярмак), а Віталія Ількевіч – граматай (настаўнік Г.С. Ялоўская). На абласным этапе рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча граматай быў узнагароджаны вучань А.С. Лянцэвіча Эдгар Шэміс. У мінулым годзе на ўсходнееўрапейскім конкурсе талентаў “Рамантычная экспрэсія”, які праходзіў у Астраўцы, лаўрэатам трэцяй ступені стала Аліна Едко (харэограф Т.В. Клышко), з юных мастакоў дыпламантам першай ступені стаў Дарый Штура (настаўнік В.В. Субаткевіч). На гэтым жа конкурсе вызначыліся і настаўнікі Варнянскай школы мастацтваў: вакальны дуэт “Мара” ў складзе В.П. Ярмак і В.С. Бабойць сталі лаўрэатамі другой ступені.


Безумоўна, кожная перамога – гэта вынік стараннай працы, цярплівасці і ўседлівасці саміх вучняў, але ўсё ж такі галоўная заслуга належыць педагогам. Яны – галоўны скарб Варнянскай школы мастацтваў – маладыя і вопытныя, творчыя і таленавітыя, вясёлыя і няўрымслівыя. Працуюць тут пачынаючыя настаўнікі – Агата Станіславаўна Субаткевіч, Вікторыя Паўлаўна Ярмак, Вольга Станіславаўна Бабойць. Але ёсць і “старажылы”, за якімі – мудрасць і вопыт, якія з’яўляюцца лепшым прыкладам для маладых педагогаў – Аліна Вікенцьеўна і Аляксандр Сцяпанавіч Лянцэвічы (Аляксандр Сцяпанавіч праз некаторы час зноў вярнуўся да музыкі), Уладзімір Генрыхавіч Масойць, Ганна Сяргееўна Ялоўская, Ірына Уладзіславаўна Бабойць, Святлана Васільеўна Еўтушэнка.


У Варнянскай школе мастацтваў могуць займацца не толькі школьнікі. Тут арганізаваны  вячэрнія курсы, дзе  вучацца іграць на інструменце, асвойваюць тэорыю музыкі і дарослыя. Зараз гэтыя курсы наведваюць тры чалавекі, у тым ліку адна пенсіянерка. У гэтым годзе адкрыўся эстэтычны клас для дашкольнікаў – бацькі тры разы на тыдзень прыводзяць дзетак у школу мастацтваў на ўрокі спеваў, выяўленчага мастацтва і харэаграфіі.


Адным словам, школа мастацтваў у Варнянах не толькі паўстала з попелу –  яна развіваецца, прыгажэе, сюды прыязджае працаваць моладзь. У многім гэта заслуга Аліны Вікенцьеўны, якая на працягу ўсяго жыцця крок за крокам цягнула яе за сабой – наперад, каб толькі справа яе жыцця не загінула. Пра сябе яна кажа:“Я – нібы тая вада, што камень точыць”.



Вольга ШОЎКУН.