Музыкальная феерия для островецких гурманов

11:30 / 03.05.2012

Аб густах, зразумела, не спрачаюцца.
Нехта жадае кожны дзень бачыць на стале банальную катлету, а некаму падавай крэветкі ў вінным соусе.
Хтосьці задавальняецца штодзённым шансонам у навушніках мабільнага тэлефона, а для некага значэнне мае толькі высокае выканаўчае майстэрства.
І адно, і другое мае права на жыццё.
Але канцэрт, які адбыўся на сцэне кінаканцэртнай залы “Астравец” на мінулым тыдні, прызначаўся найперш музычным гурманам.
Магчыма, таму ў глядзельнай зале быў заўважаны ці не ўвесь астравецкі музычны “бамонд”: вядомыя ў раёне выканаўцы, настаўнікі музычнай школы, работнікі аддзела культуры…


У які ўжо раз пасля выступлення ў Астраўцы пры паўпустой зале выдатных артыстаў пачынаю разумець вялікую сілу рэкламы. Ну бракуе яе ў нашым горадзе – і ўсё тут! Канешне, Астравец – горад невялікі. Свайго тэлебачання ў нас няма, ды і радыёкропкі па пальцах можна пералічыць.
Але і адной-дзвюх афіш на абшарпанай дошцы аб’яў недастаткова для таго, каб у горадзе хаця б ведалі аб выступленні артыста.
Вось і прыезд эстрадна-сімфанічнага аркестра Гродзенскай філармоніі шырокай публікай застаўся практычна незаўважаным. Шкада! Гэта стала зразумела яшчэ перад канцэртам, пасля размовы з мастацкім кіраўніком і дырыжорам калектыва Барысам Мягковым.
– Наш аркестр быў створаны ў 2001 годзе. Першапачаткова гэта быў біг-бэнд у традыцыйным джазавым складзе. Гэтая акалічнасць абумовіла наш рэпертуар – джазавыя кампазіцыі – і канцэртныя пляцоўкі, на якіх мы выступалі: джазавыя фестывалі у розных гарадах і краінах. За адзінаццаць гадоў мы пабывалі з канцэртамі ў Германіі, Польшчы, Латвіі, Літве, Украіне…
Сёння наша галоўная работа – абслугоўванне буйных турніраў па бальных танцах. Гэта шыкоўныя, сусветнага ўзроўню турніры з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. У гэтай ролі мы выступалі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве, Рызе, Вільнюсе. Інакш кажучы, пад музычнае суправаджэнне нашага аркестра танцуюць пары сусветнага рэйтынгу. Музычных калектываў, якія запрашаюць для суправаджэння такіх турніраў, не так і многа. На постсавецкай прасторы, напрыклад, толькі тры. Два ў Маскве. Дарэчы, адзін з іх – “Фанограф” пад кіраўніцтвам Сяргея Жыліна – добра ведаюць і ў нас па вядомай тэлеперадачы “Танцы з зоркамі”. І трэці калектыў наш, гродзенскі. Без лішняй сціпласці адзначу, што мы карыстаемся папулярнасцю сярод танцораў і суддзяў, і нас з задавальненнем запрашаюць на самыя прэстыжныя турніры. Але жывём мы ў Беларусі і проста абавязаны іграць і спяваць для нашага слухача. Сёння мы прывезлі ў Астравец праграму, якая складаецца з добра вядомых, папулярных кампазіцый. Гэта мелодыі і песні, якія ва ўсіх на слыху, якія за доўгія гады палюбіліся нашым слухачам. Думаю астравецкія гледачы сёння застануцца задаволенымі…



У гэтым музыкант меў рацыю. Шкада, што газетны радок не ў стане ў поўнай меры перадаць тое, што адбывалася на сцэне і ў глядзельнай зале. Гэта трэба было бачыць, але найперш – чуць.
Вядомыя джазавыя кампазіцыі, песні з рэпертуара “Песняроў”, Валерыя Абадзінскага, групы “Брава”, Юрыя Антонава, раманс “Вочы чорныя” ў сучаснай джазавай аранжыроўцы, хіты 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя ў бліскучым, прафесійным выкананні і суправаджэнні “жывога” аркестра не пакінулі абыякавымі, здаецца, нікога.
Гледачы не шкадавалі далоняў, дзякуючы артыстам за выступленне, падпявалі, як маглі, а на завяршэнне ўзнагародзілі музыкантаў бурнымі апладысментамі!
Шкада толькі, што сведкамі гэтай музычнай феерыі сталі нямногія.


Эдуард СВІРЫД, фота аўтара.