Праект “Горад-2012” стартаваў у Астраўцы

16:11 / 29.04.2012
1
Асабістыя ўражанні члена каманды “Ostrovets Times” ад гульні “Горад-2012”

Калі ў мінулую нядзелю вы бачылі некалькі груп маладых людзей, якія шалёна насіліся па ўсім Астраўцы туды-сюды, калі вы пачулі ад іх недарэчнае і незразумелае, бы нейкае заклінанне: “Яўка правалена. Збірай чамаданы”, і на свае вочы бачылі, як яны нешта змалёўвалі з дрэў і сметніцы ў раёне лесапарку і бы зачараваныя, хадзілі кругамі вакол будынка колішняга млына – не спяшайцеся рабіць паспешлівыя высновы пра іх душэўны стан. Гэта было не масавае вар’яцтва, у райцэнтры не праводзіліся спаборніцтвы па бегу ці баявыя вучэнні, з бліжэйшай бальніцы для псіхічнахворых не збеглі пацыенты. Проста ў гэты дзень у Астраўцы ўпершыню праходзіла гульня “Горад-2012”, якую арганізавалі раённыя аддзелы культуры і па справах моладзі райвыканкама.



Знаёмства і падрыхтоўка

Для даведкі: падобная гульня ўжо праходзіць у буйных гарадах і называецца «Night City», што ў перакладзе азначае – “начны горад”, усе дзеянні там адбываюцца ноччу. Гэта інтэрактыўная і дынамічная гульня, дзе патрэбны логіка і хуткасць.


У Астраўцы яна праходзіла ўпершыню. А да ўсяго новага, як вядома, адносіны заўсёды насцярожаныя. Магчыма, гэта і сыграла пэўную ролю ў тым, што замест сямі каманд, якія падалі заяўкі, на месца збору з’явіліся толькі чатыры. Паўдзельнічаць у новым маладзёжным праекце рашыліся зборная каманда райвыканкама, пераважна хлапчуковая каманда з Варнян “Бульбашы”, зборная каманда моладзі Астравеччыны “Спарцяты” і каманда рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” пад назвай “Ostrovets Times”.





Перад пачаткам з намі правялі інструктаж, яшчэ раз падрабязна расказалі пра ўмовы і правілы спаборніцтва, адказалі на пытанні, вызначылі канчатковы час старту – і каманды разышліся па штабах.
Кораценька пра сутнасць гульні. У кожнай каманды павінен быць штаб – памяшканне з доступам у інтэрнэт. У вызначаны час сюды на электронную пошту прыходзіць заданне – зашыфраванае месца, вуліца, дом ці іншы аб’ект, дзе будзе схаваны код. Адзін ці два ўдзельнікі застаюцца ў штабе, астатнія адпраўляюцца выконваць заданне. Знайшоўшы код, SMS-кай яго высылаюць на мабільны тэлефон журы. Калі ён правільны, на электронку прыходзіць новае заданне з зашыфраванай падказкай, дзе шукаць наступную частку кода. Выйграе тая каманда, якая хутчэй за ўсё знойдзе і складзе ўсе часткі галоўнага кода. Пры гэтым можна атрымаць дадатковыя бонусы. Такім чынам, на першы погляд усё здаецца зразумелым і нескладаным. А вось на справе…



Аперацыя “Чорны “хэтчбэк”

Першае заданне прыходзіць пад інтрыгуючай назвай “Чорны “хэтчбэк”. На адной з самых вялікіх гарадскіх стаянак трэба знайсці народны аўтамабіль, дзе і размяшчаецца патрэбны код. Адлік часу пайшоў!


Хвіліну-дзве наперабой абмяркоўваем варыянты, дзе знаходзіцца гэтая стаянка. Затым спантаннае рашэнне: ля гарадскога рынку – і ўсе нясуцца ў выбраным накірунку, а ў галаве толькі адна думка – а раптам памыляемся? Пакуль бяжым, краем вока заўважаю, мякка кажучы, здзіўленыя твары сустрэчных – гэта што за марафон такі? Але рэагаваць няма часу. Тым больш, што дыхаць з кожным метрам становіцца ўсё цяжэй – эх, спартыўная форма пакідае жадаць лепшага…
На стаянку прыбягаем не першыя – тут ужо ваўсю шчыруюць сапернікі. Народнае аўто – напэўна, “Фольксваген”? Таму адразу пачынаем нераўнадушна аглядваць аўтамабілі гэтай маркі.
А зараз уявіце карціну. Нядзеля, выхадны дзень, поўная стаянка транспарту – людзі прыехалі закупіцца на рынак. І раптам невядома адкуль з розных бакоў прыбягаюць некалькі груп людзей, якія пачынаюць “наразаць кругі” вакол машын, аглядваць іх з усіх бакоў і ледзь не пад колы лезуць. Упэўніваюся ў чарговы раз – усё ж талерантны і спагадлівы ў нас народ. На нас не выклікалі нарад міліцыі, не адагналі ад машын, не паслалі куды далей, а толькі зацікаўлена пыталіся: “Вы штосьці страцілі?”
Тым часам адна з удзельніц нашай каманды знаходзіць код на самым непрыметным месцы глушыцеля. Нядаўна памытыя, але ўжо забыўшыя пра гэта, джынсы не ў лік – лоўкасці і майстэрству залазіць літаральна пад машыну маглі пазайздросціць нават умелыя работнікі аўтасэрвісу. Стоячы на каленях, мае таварышы запісваюць жаданыя лічбы. Радасці няма межаў – такое адчуванне, што знайшлі скарб! Дрыжачымі ад хвалявання рукамі адпраўляем SMS… Ура!!! Код прыняты!
А калега са штаба ўжо тэлефануе з новым заданнем!



“Яўка правалена…”, ці вар’яцкі рэйд па магазінах

Мне гэтая частка гульні запомнілася асабліва. Як, напэўна, і многім прадаўцам прыватных магазінаў. Заданне называлася “шопінг”. Па яго ўмовах, “у Астраўцы адзін з дзялкоў для атрымання прыбытку выкарыстоўвае дзвюх дзяўчат”. Каля адной з іх стаіць агент, да якога трэба падысці і сказаць кодавую фразу: “Яўка правалена. Збірай чамаданы!” Пасля гэтага агент называе патрэбны код. Акрамя гэтага, калі капітан за тры хвіліны прад’явіць агенту запатрабаваную рэч – каманда атрымлівае бонус: мінус 10 хвілін часу.


У выніку “мазгавога штурму” наша каманда вырашыла, што, раз заданне зашыфраванае, значыць, дзялок – гэта гандляр, а двое дзяўчат, напэўна, манекены. А паколькі ля стаянкі, дзе было першае заданне, непадалёк знаходзіцца некалькі прыватных магазінаў і цэлы рынак, дзе нямала тых, хто падыходзіць пад гэтае апісанне – значыць, мы на правільным шляху і застаецца дробязь: знайсці патрэбнага чалавека і сказаць чароўную фразу. Лагічна?
І мы кінуліся ў вір магазінаў, прадаўцоў і манекенаў. Дарэчы, адзначу, што такім чынам галаваломку разгадала не толькі наша каманда, бо хутка ў гандлёвых кропках замільгалі постаці рабят з іншых каманд. Першая спроба пацярпела фіяска, другая – таксама, трэцяя, чацвёртая… А хітры агент ніяк не знаходзіўся. Аббегаўшы ўвесь рынак, мы кінуліся шукаць яго ў іншых магазінах. Дадалася думка, што гэта могуць быць гандлёвыя кропкі з адным ці двайнымі імёнамі – напрыклад, Анастасія, Настле, Яравіка. Словам, гэты дзень запомніўся для прадаўцоў амаль усіх прыватных магазінаў – і яны, напэўна, добра запомнілі нас.
Паважаныя прыватныя прадпрымальнікі і прадаўцы, якія ў той дзень пачулі пра нейкую там яўку і чамаданы, спадзяюся, вы не палічылі нас за псіхічнахворых і ў наступны раз, калі завітаем у магазін, вы не станеце выклікаць “хуткую дапамогу”? Гульня – рэч азартная, а на тлумачэнне элементарна не хапала часу. Ці трэба казаць, што рэакцыя на незразумелае і абсурднае: “Яўка правалена. Збірай чамаданы” была неадназначнай. Праўда, часцей за ўсё, убачыўшы здзіўленне і непаразуменне на твары гандляроў і не даючы ім часу апамятацца, удзельнікі гульні тут жа знікалі. І застаецца толькі здагадвацца, што яны падумалі пра нас у той момант…
Тым часам прыйшла падказка – шукайце магазін у цэнтры Астраўца. Праз некаторы час яшчэ адна: яго назва – жаночае імя, значэнне якога “пушыстая”. Вырашаем, што патрэбны аб’ект – магазін “Юліа”. І зноў разам з варнянскімі “бульбашамі”, якія ўвесь час літаральна наступалі нам на пяткі, у чарговы раз кідаемся вывучаць магазіны ў гэтым памяшканні. І зноў – поўны аблом. Аднак усё геніяльнае – проста. І патрэбны нам агент быў у нас проста пад носам – сціпла стаяў на вуліцы ля ўваходу і з нявіннай усмешкай назіраў, як удзельнікі гульні шмат разоў праносіліся міма. І ўсё ж такі мы раскрылі яго першымі! Атрымаўшы патрэбны код, дадатковы бонус, канверт, які пакуль нельга было ўскрываць, і перадаўшы агента “бульбашам”, сталі чакаць наступнага задання.



Японскія артэфакты і заключны этап

На гэты раз трэба было здагадацца, дзе любіць прагульвацца адзін з арганізатараў Павел Букель, што за распаўсюджаны знак – рэха вайны – ён заўважыў, і на пэўную адлегласць ад яго асобна адзін ад другога схаваў два артэфакты, якія трэба скласці ў адно цэлае – але пры гэтым нельга зрываць, перамяшчаць і чапаць рукамі.


З патрэбным накірункам мы вызначыліся хутка і дружна пабеглі да помніка загінуўшым воінам.
Амаль адначасова з варнянцамі мы знайшлі тыя артэфакты: адзін з якіх размяшчаўся на дрэве, а другі – на сметніцы. Дзве часткі адной табліцы з незразумелымі лічбамі. Не буду апісваць, колькі разоў мы перамалёўвалі схему на паперу і колькі разоў блыталіся з лічбамі і клетачкамі. У ходзе працэсу хтосьці здагадаўся, што гэта – японскі сканворд. Хвіліна-дзве – і замаляванае-разгаданае слова “CITY” адпраўляецца SMS-кай журы. Але “Бульбашы” з гэтым заданнем справіліся хутчэй.
Апошняе заданне. Нарэшце можна ўскрыць атрыманы канверт, дзе знаходзіцца фота фрагмента будынка, у якім трэба знайсці апошнія чатыры часткі кода. “Дык гэта ж былы млын!” – ледзь глянуўшы, усклікае Юра. А побач – сапернікі. Эх, эмоцыі, нецярплівасць і няўменне трымаць здагадку пры сабе падводзяць нас не ўпершыню! І зноў стартуем на дыстанцыі “Галактыка” – будынак былога млына. Пакуль прыбеглі на месца, сцены патрэбнага аб’екта ўжо даследавалі варнянцы. Рашаючы паядынак. Тут ужо ўсё залежала ад таго, хто больш уважлівы, хуткі і ўдачлівы. На рахунку – кожная секунда. Не ведаю, калі арганізатары ўсё падрыхтавалі, але і тут яны пастараліся на славу. Коды былі напісаны ў самых нечаканых месцах. Перш чым іх знайсці, давялося намачыцца ў балоце, палазіць па крутых схілах і літаральна па сантыметрах вывучыць сцены будынка. Але, відаць, фартуна ў той дзень была на нашым баку – і мы зноў першымі знайшлі ўсе чатыры часткі кода. А значыць, місія выканана!
Стомленыя, але шчаслівыя, мы адпраўляемся на месца агульнага збору.



Вынікі і эмоцыі

















І вось доўгачаканы момант – журы выносіць свой вердыкт.

Перад гэтым, праўда, расказваюць камандам памылкі і мінусы. Нам, камандзе рэдакцыі, прысуджаюць штрафную мінуту – некаторы час мы закрывалі ад варнянцаў другую частку артэфакта, а гэтага рабіць нельга. Ды мы ж не супраць – пакараны справядліва і самі, дарэчы, у гэтым чэсна прызналіся.
У выніку на чацвёртым месцы з часам 2 гадзіны 16 хвілін (нагадаю, што пачатак гульні быў у 10.30) аказваецца каманда райвыканкама. Трэцімі з вынікам 2 гадзіны 11 хвілін сталі “Спарцяты”. На другім месцы… (рашаючы момант для нас), з улікам нашай штрафной хвіліны – варнянскія “Бульбашы” – іх час 1 гадзіна 32 хвіліны. Перамога ў каманды рэдакцыі “Ostrovets Times” (1 гадзіна 30 хвілін). Аднак усе – малайцы і кожная з каманд атрымала падарунак.
Усе кропкі над “і” расстаўлены, а значыць можна падзяліцца эмоцыямі. Уражанні розныя, але вынік адназначны – праект “Горад-2012” прайшоў феерычна і ўсім спадабаўся. Прызнаюся, перад пачаткам гульні ў душы падаваў голас недаверлівы скептык: няўжо дарослыя людзі будуць бегаць па райцэнтры і нешта шукаць? А што знаёмыя скажуць? У выніку ж усе сумненні ўшчэнт разбіліся, бы хвалі аб скалы. Пяці хвілін хапіла, каб забыцца пра рэакцыю акружаючых. Хвалявала толькі адно – хутчэй, хутчэй, хутчэй! Эмоцыі яшчэ доўга не пакідалі, і можна было зноў і зноў перажываць гульню. Ды што там казаць – гэта трэба адчуць на ўласнай скуры. Таму хочацца падзякаваць за цудоўную гульню арганізатарам – аддзелам культуры і па справах моладзі райвыканкама і асабліва Андрэю Паўлюкевічу – урачу траўматолагу-артапеду раённай бальніцы, які па ўласнай ініцыятыве дапамог арганізаваць і правесці гульню.
Спадзяёмся, што неўзабаве мы сустрэнемся зноў на праекце “Горад-2012. Частка другая”.


Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Алены ЯРАШЭВІЧ.