З добрым настроем вярнуўся з фестывалю ў Іўе народны хор ветэранаў працы Астравеччыны

15:01 / 23.03.2012

Народны хор ветэранаў працы “Вясёлка” раённага Дома культуры паспяхова выступіў на ХVІІІ абласным фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”, які па традыцыі праходзіў у горадзе Іўе.


Удзел у ім прымалі трынаццаць творчых калектываў. Былі сярод іх і праслаўленыя, і дэбютанты. Астраўчанам выпала выйсці на сцэну перадапошнімі, а завяршальны акорд быў за лідчанамі.
Наша “Вясёлка” прадставіла ўвазе журы і гледачоў чатыры харавыя песні – “Родная зямля” на словы Я. Насуты, музыку В. Кручкова, “Нішто не забыта, ніхто не забыты” В. Харытонава і А. Новікава, рускую народную “Вішня” і любімую многімі “Сто гадоў” Л.Пранчака і М.Сацуры – яе падпявала ўся зала. У апошніх дзвюх саліраваў Віктар Невяроўскі, і зала не хавала сваіх сімпатый да яго. Шчырымі апладысментамі аддзячылі гледачы квартэту ў складзе мастацкага кіраўніка хора Дануты Папеня, Ірыны Тумко, Клаўдзіі Дублёных і Надзеі Харытонавай за выкананне вельмі кранальнай песні пра бацькоўскі дом. А салістку Ірыну Тумко з яе лірычным “Васільком” доўга не хацелі адпускаць са сцэны.
Фестываль ветэранскай творчасці – своеасаблівае спаборніцтва. Устаноўка яго судзейскай калегіі – не пакідаць без узнагарод ні масцітых творцаў, ні дэбютантаў. Таму Дыпломы “За духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі, прапаганду песні і актыўны ўдзел у фестывалі “Не старэюць душой ветэраны” з рук дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірыны Дземянчук атрымалі ўсе калектывы. А ў якасці памятных падарункаў – цудоўныя кветкавыя кампазіцыі з залацістай саломкі, створаныя таленавітымі мастачкамі Астравецкага раённага Дома рамёстваў. Дарэчы, такія ж атрымалі і чатырнаццаць удзельнікаў другога этапу, які праходзіў на наступны дзень у Ваўкавыску.
Але інтрыга на фестывалі ўсё ж засталася “нераскручанай” – два лепшыя ветэранскія мастацкія калектывы Гродзеншчыны прымуць удзел у аналагічным рэспубліканскім фестывалі. Як бы задобрыць капрызную Фартуну?


Таіса СЯМЁНАВА.