Цудоўны падарунак да свайго жаночага свята атрымалі астраўчанкі

12:37 / 14.03.2012

7 сакавіка ў канцэртнай зале “Астравец” выступіў вядомы ў рэспубліцы музычны калектыў: Нацыянальны акадэмічны народны ансамбль песні і танца імя Генадзя Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага.


Канцэрту папярэднічала афіцыйная частка – старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч павіншаваў жанчын Астравеччыны з Днём жанчын і выказаў ім сардэчныя пажаданні моцнага здароўя, жаночага і мацярынскага шчасця, поспехаў у працы.
А затым на сцэне пачалося яркае, вясёлкавае дзейства. Артысты заваявалі сімпатыі гледачоў ужо ў першыя хвіліны – сваімі цудоўнымі спевамі, арыгінальнымі, у старабеларускім стылі, строямі. А калі на сцэну выбеглі танцоры і выканалі “Рускую плясавую”, танец-жарт “Астравецкія кавалеры”, гледачы былі ў поўным захапленні і не скупіліся на апладысменты. Кампазіцыі на вядомую песню часоў Вялікай Айчыннай вайны “Чакай мяне”, “Партызанская” ў многіх гледачоў старэйшага пакалення выклікалі слёзы.
Аб такім святочным падарунку можна толькі марыць: акадэмічны народны ансамбль імя Цітовіча – не проста высокапрафесійны творчы калектыў, гэта адзін з самых адметных культурных брэндаў Беларусі. Ён радуе сваім мастацтвам ужо шэсцьдзясят гадоў, выхаваў не адно пакаленне аматараў народнай музыкі. Калектыў, узрост якога толькі ўпрыгожвае, бо мяжы ў дасканаласці, як вядома, няма.


Таіса СЯМЁНАВА.