Як у Астраўцы праводзілі зіму. Фотарэпартаж

08:22 / 01.03.2012
2

У мінулую нядзелю астраўчане развітваліся з зімой.


Праўда, развітанне атрымалася досыць вялым. Найперш з-за таго, што зіма, спалохаўшыся, відаць, развешаных па ўсяму гораду аб’яў з запрашэннямі на Масленіцу, вырашыла здацца без бою (ці наадварот – зрабіць “ход канём” і ўсіх перахітрыць?): пасля некалькіх дзён плюсавой тэмпературы і спорнага дожджыку снег амаль сышоў, лёд на катку практычна растаў – і гэта аўтаматычна здымала з парадку дня першапачаткова запланаваныя лыжныя спаборніцтвы, катанне на каньках, майстар-класы астравецкіх хакеістаў, пракат зімовага спартыўнага інвентару. Катанне на конях, напэўна, можна было б арганізаваць, ужо не кажучы пра здыманне са слупа прыза, але за кампанію з іншымі зімовымі забавамі адмянілі і гэтыя.
Увогуле з правядзеннем Масленіцы спазніліся па меншай меры на тыдзень – пра гэта, дарэчы, гаварылі і нашы чытачы ў сваіх каментарыях на сайце. І не толькі з-за надвор’я. У католікаў у сераду пачаўся Вялікі пост, і нават тыя, хто дзеля цікавасці прыйшоў у лесапарк, прысутнічалі на гульнявой праграме большай часткай у якасці гледачоў, кідацца ў скокі і прымаць удзел у спаборніцтвах ахвотнікаў было няшмат, нягледзячы на шчырыя і настойлівыя запрашэнні Зімы, Вясны, развясёлага добрага малайца ды прыгажуні дзяўчыны, сімпатычнага Бычка са сваім гаспадаром і касалапага Мядзведзя, якія і былі асноўнымі танцорамі.
Весела было толькі на насыпанай з рэшткаў снегу высокай горцы: дзятва ад усёй душы радавалася магчымасці пакуляцца ў снезе, пагуляць у снежкі – і іх не турбавалі ні хлюпанне лужын пад нагамі, ні сумныя міны дарослых – малышня весялілася ад душы.
Дастойны асартымент аматарам пагрэцца прапанаваў гандаль: былі і шашлыкі, і традыцыйныя масленічныя бліны з рознымі напаўняльнікамі, гарачая гарбата ды кава, і нават глінтвейн… А вось аматары традыцыйных народных сувеніраў прымалі спачуванні: сваёй палаткі не выставіў нават раённы Дом рамёстваў, не кажучы ўжо пра заезджых гасцей, якія ў мінулыя гады радавалі вока і спусташалі кашалькі багатым асартыментам, цікавымі вырабамі і памяркоўнымі цэнамі. У выйгрышы аказалася зноў-такі дзятва: пра тое, каб ніхто з малышоў не пакінуў свята без яркай цацкі ці хоць бы прыгожага паветранага шарыка, паклапаціўся прыватны прадпрымальнік.



Але, як бы там ні было, нягледзячы на не адну “лыжку дзёгцю”, той, хто захацеў, здолеў паласавацца і смачным “мёдам”: тыя, хто прыйшоў у гэты дзень у лесапарк, блінамі пачаставаліся, карагоды павадзілі, пудзіла зімы спалілі, вясну сустрэлі… Справа была зроблена ў адпаведнасці з народнымі традыцыямі і падрыхтаваным сцэнарыем.
А зіма – мусіць, пакрыўдзіўшыся, што сумнавата яе праводзілі – ужо назаўтра, у панядзелак, узяла дый вярнулася, са сняжком і марозікам. Дык вось, астраўчане! Узяліся праводзіць – дык праводзьце, як належыць! А не здолелі – то будзеце яшчэ зімаваць!


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.