Брава, варнянскія артысты!

09:50 / 16.02.2012

Работнікі культуры Варнянскага СДК у рамках справаздачы перад насельніцтвам падрыхтавалі для сваіх гледачоў цудоўны канцэрт мастацкай самадзейнасці, які нядаўна праходзіў у памяшканні мясцовага клуба.


На сцэну выходзілі артысты самых розных жанраў і радавалі жыхароў Варнян сваімі непаўторнымі талентамі. Больш за ўсё апладысментаў у гэты дзень дасталася народнаму хору народнай песні “Світанак”, які выканаў палюбіўшыеся аднавяскоўцам песні.
Не меншым поспехам карысталіся і сольныя выканаўцы Яўгенія Варановіч, Марыя Ляшчэўская, Людміла Кухарэвіч, Аляксандр Альховік, пяцікласнік Валерый Радчык і іншыя. Зала не шкадавала далоняў, калі на сцэне з’явіліся маленькія танцоры ў прыгожых касцюмах і выканалі некалькі танцаў, паказаўшы пры гэтым цудоўную пластыку. Вядучая канцэрта, якая да гэтага добра выконвала ролю “Пятрушкі” на “біс” прачытала байку Станіслава Курылы.
У другой частцы канцэрта зала ўвогуле лажылася ад смеху, калі на сцэну выйшлі “рускія бабкі”, з роляй якіх паспяхова справіліся Дзяніс Шыманец і Анатолій Радзевіч. Хлопцы, можна сказаць, ужыліся ў вобраз сваіх гераінь.
– Я пастаянны наведвальнік усіх канцэртаў нашых самадзейных артыстаў, але такога цудоўнага выступлення, як сёння, ужо даўно не бачыла, – выказалася ўдзячная глядачка, мясцовая жыхарка Марыя Вікенцьеўна Сальмановіч.


Іван ПЕТРЫК, фота аўтара.