Ветэраны у гасцях у ветэранаў

15:16 / 19.01.2012

Народны хор ветэранаў працы “Вясёлка”, што дзейнічае пры раённым Доме культуры, па запрашэнні савета ветэранаў СВК “Варняны” ў мінулую нядзелю выступіў з канцэртам у мясцовым культурным комплексе.


Лаўрэат практычна ўсіх абласных конкурсаў музычнай творчасці людзей шаноўнага ўзросту, калектыў пад кіраўніцтвам выдатнага хармайстра Дануты Папеня шырока прадставіў варнянцам сваю творчасць – лепшыя харавыя нумары, любімыя песні вакальнай групы, трыа і квартэта. Але найбольш удзячных глядацкіх апладысментаў дасталося на долю салістаў: Людмілы Кухарэвіч – вядомай у раёне паэткі, спявачкі, мастачкі; Ганны Варэйка, якая вярнула да жыцця прызабытую ўжо цудоўную песню «Волгоградская берёзка»; Віктара Невяроўскага, чый моцны, прыгожы голас літаральна пакарыў залу; Ірыны Тумко, якая сваёй лірычнай і крыху сумнай песняй “Васілёк” выклікала слёзы ў немаладых слухачак. А нязменная вядучая канцэртаў Данута Чарнушэвіч пастаралася зрабіць знаёмства харыстаў са сваімі землякамі сардэчным і шчырым.
Ад’язджалі астравецкія артысты пад уражаннем гасціннага прыёму, ад якога не надта цёплы зімовы дзень здаваўся па-веснавому лагодным, і з пачуццём удзячнасці кіраўніцтву сельгаскааператыва – за ўвагу і прадастаўлены аўтобус. Без разумення і падтрымкі і старшыні А.Ч. Вярбовіча, прафсаюзнага камітэта такая ўзаемна цікавая і карысная паездка не адбылася б. І развітальныя словы былі ўзаемна шчырымі: да новых сустрэч.


Таіса СЯМЁНАВА.