Астравецкія медыкі пакарылі сэрцы публікі

13:39 / 02.11.2011

Астравецкія медыкі славяцца не толькі сваім прафесіяналізмам, але і вялікім творчым патэнцыялам. Неаднаразовыя пераможцы розных конкурсаў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў, яны не перастаюць здзіўляць сваімі талентамі. Вось і нядаўна на абласным аглядзе-конкурсе калектываў аматарскага майстэрства і індывідуальных выканаўцаў сярод медыцынскіх работнікаў, які прайшоў 19 кастрычніка ў Гродне, нашы “айбаліты” зноў пакарылі сэрцы публікі і журы конкурсу.


Ініцыятарам мерапрыемства выступілі ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама і абласнога камітэта прафсаюза работнікаў. За перамогу змагаліся творчыя калектывы з 30 медыцынскіх устаноў вобласці.
Гонар нашага раёна абаранялі самыя таленавітыя і артыстычныя работнікі Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, якія дасканала падрыхтаваліся да конкурсу: прафсаюзны камітэт Астравецкай ЦРБ на чале са старшынёй Т.З. Субаткевічам і пры падтрымцы галоўнага ўрача В.І. Тачонага сумесна з работнікамі раённага аддзела культуры падрыхтавалі сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай “Глаўурачовыя вячоркі”. Распрацавалі медыкі і каляровыя буклеты з праграмай выступлення, фотаздымкамі артыстаў і з цёплымі словамі-пажаданнямі ў адрас удзельнікаў конкурсу і членаў журы. І з усім гэтым арсеналам адправіліся нашы “айбаліты” пакараць сцэну Гродзенскай філармоніі.
Танцавальны гурт “Агеньчык” у складзе Алены Гацук, Марыны Драздовіч, Дар’і Сапега, Галіны Твёрдай, Дзіяны Шаблінскай, Алесі Шэўчык, Міхаіла Мізея і Андрэя Паўлюкевіча выканаў вясёлы і задорны танец “Завалінка”. Вышыні вакальнага майстэрства прадэманстравалі Яніна Васілец, Галіна Казачэнка, Часлава Пясляк, Марына Рынкевіч, Ганна Юруш і Ніна Савостава з фальклорнага ансамбля “Спадчына”, якія выканалі дзве народныя песні “Гарэла сосна” і “Човер”. Міхаіл Мізей і Тэрэса Шмялькова парадавалі гледачоў беларускай народнай песняй “Сівы галубочак”, якая, дзякуючы гумару і майстэрству пераўвасаблення артыстаў, набыла сучаснае гучанне. Рассмяшылі публіку байка “Эскулап і кабета” ў выкананні Ірыны Гушта і лячэбныя прыпеўкі ў выкананні Галіны Казачэнка, Чэславы Пясляк і Ганны Юруш. А закончылася тэатралізаванае прадстаўленне інструментальнай замалёўкай “Лявоніха” і выступленнем галоўнага ўрача В.І. Тачонага, які, дарэчы, амаль заўсёды суправаджае свой творчы калектыў падчас падобных мерапрыемстваў.
Калі б мы не ведалі нашых медыкаў у твар, то адрозніць іх ад работнікаў культуры было б проста немагчыма – надта ж яны галасістыя, артыстычныя і пластычныя! І тое, што дадому яны паедуць не з пустымі рукамі, было відавочна. Журы высока адзначыла выступленне творчага калектыву Астравецкай ЦРБ: нашы медыкі занялі першыя месцы ў чатырох намінацыях: “Садружнасць” за выкананне песні “Човер”, “Вясёлая кадрыля” – за задорную “Завалінку”, “Гарэзлівы мікрафон” за лячэбныя прыпеўкі і ў намінацыі “Карпаратыўнасць” – за зладжаны, вясёлы і дружны калектыў. А другое месца журы прысудзіла астравецкім “айбалітам” за афармленне выступлення – за каляровы буклет з праграмай.
Віншуем нашых самадзейных артыстаў з перамогай і чакаем такіх жа вынікаў на рэспубліканскім конкурсе!


Вольга ШОЎКУН.