Хор ветэранаў «Вясёлка» адзначае свой 10-гадовы юбілей

14:54 / 07.10.2011

Усё пачалося дзесяць год назад з размовы тагачасных кіраўніка аддзела культуры Дануты Францаўны Чарнушэвіч і дырэктара раённага Дома культуры Ларысы Іванаўны Тарашкевіч.
— Зараз паўсюдна ствараюцца аматарскія аб’яднанні для людзей пажылога ўзросту. Пара і нам мець свой ветэранскі хор. Жадаючых спяваць у ім знойдзецца нямала. Займіся падборам удзельнікаў, — дала даручэнне загадчыца.
Лёгка сказаць: “Займіся”! Ларыса Іванаўна ведала многіх сталых астраўчан з добрымі галасамі. Але ці адважацца выступаць на сцэне? Ці знойдуць час на рэпетыцыі? І яна засела за тэлефон. А потым разам з Генрыхам Адольфавічам Стацінам, якому было прапанавана стаць акампаніятарам (а пазней — мастацкім кіраўніком будучага хору), пайшлі з асабістымі запрашэннямі па дамах. Найперш завіталі да ветэранаў Вялікай Айчыннай – тады іх у Астраўцы жыло яшчэ многа. Па розных прычынах яны адмаўляліся. А вось ветэраны працы аказаліся больш актыўнымі. Адгукнуліся сямейныя пары Марыя Іванаўна і Фёдар Паўлавіч Дземяшкевічы, Алена Антонаўна і Мікалай Антонавіч Валюкі, Таццяна Аляксандраўна і Мар’ян Іосіфавіч Краснікі, аўтар і выканаўца вострых, задзірыстых прыпевак Капіталіна Цімафееўна Пятроўская, самадзейная паэтка Соф’я Вацлаваўна Багдановіч, Ірына Мечыславаўна Трыдуль, Марыя Спірыдонаўна Бяндасава, Зянон Іванавіч Мекін, Генадзь Іванавіч Мілейша, Уладзімір Іванавіч Кляпцоў і многія іншыя. У недалёкім мінулым – медыкі, работнікі гандлю, настаўнікі, рабочыя, усе — актыўныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці на сваіх прадпрыемствах і ў арганізацыях. Яны былі ў тым паважаным узросце, калі жыццё напаўняецца новым зместам і сэнсам, калі зусім не хочацца здавацца ў палон старасці і не церпіцца самарэалізавацца спаўна... Так нарадзілася назва хору – “Залаты ўзрост”.
Пачалася карпатлівая праца над рэпертуарам. Генрых Адольфавіч перагортваў зборнікі старых песень, свае рабочыя нотныя сшыткі і выбіраў тое, што найбольш блізкае сэрцу людзей яго пакалення, — песні ваенных гадоў, напаўзабытыя мелодыі 60-70-ых. Беларускія, польскія, рускія, украінскія… Любімыя здаўна, яны лёгка ўспомніліся і выконваліся з асаблівай задушэўнасцю. Потым з’явіўся аўтарскі твор: удзельніца хору Соф’я Вацлаваўна Багдановіч прапанавала свой верш “Мой Астравец”, а самадзейны кампазітар Аляксандр Якіменка напісаў мелодыю – і песня стала візітнай карткай хору.
Мастацкі калектыў хутка заваёўваў папулярнасць. Без яго выступлення не абыходзіўся ўжо ніводзін агляд, фестываль ці святочны канцэрт у Астраўцы, артыстаў з радасцю сустракалі ў кожным куточку раёна і за яго межамі. Праз год было яркае выступленне на рэгіянальным фестывалі польскай песні. У 2003-2004-м хор стаў пераможцам раённага свята мастацкай творчасці ветэранаў вайны і працы “Не старэюць душой ветэраны”. Множыліся поспехі калектыву і, адпаведна, узнагароды: калектыў – дыпламант ІХ-ХІV абласных фестываляў з такой жа назвай-дэвізам.
Асабліва плённым быў 2005 год – трыумфальнае выступленне ў Іўі на абласным фестывалі ветэранскіх творчых аб’яднанняў і ў выніку – званне народнага аматарскага калектыву. Затым яшчэ адна перамога і дыплом за другое месца – на міжнародным музычным фестывалі “Песні памежжа”. Харысты і іх мастацкі кіраўнік Генрых Адольфавіч прымалі шматлікія віншаванні. У кабінеце Ларысы Іванаўны Тарашкевіч сцяна паступова запаўнялася дыпломамі ды граматамі, а шафка – падарункамі: прыгожым посудам, вазамі для кветак, да якіх дадалася пазней мікрахвалёвая печка. З далікатных фарфоравых філіжанак харысты і зараз п’юць гарбату ды каву, калі ў цесным сяброўскім коле адзначаюць чый-небудзь дзень нараджэння ці проста адпачываюць пасля выступлення. Нехта з іх сказаў аднойчы: “Вясёлая ў нас сямейка!” Так у хора з’явілася новая назва.
Атрымаць ганаровае званне лягчэй, чым з году ў год яго пацвярджаць і ўтрымліваць. Патрэбна вялікая праца, пастаяннае ўдасканальванне і няўхільны ўздым на новыя ўзроўні выканаўчага майстэрства. У рэшце рэшт, спаборніцкі дух – таленавітых творчых ветэранскіх калектываў у вобласці нямала, “у патыліцу дыхаюць” прэтэндэнты на званне народнага. І чым больш іх стане, тым складаней захаваць і кожны год пацвярджаць свой статус.
У 2006 годзе кіраўніцтва хорам прыняла таленавіты музыкант і музычны педагог з вялікім стажам, выхавальніца цэлай плеяды выдатных музыкантаў Данута Адольфаўна Папеня – сястра Генрыха Адольфавіча. Адбыліся змены ў складзе калектыву. Яны непазбежныя – немаладых харыстаў часта падводзіць здароўе. Ды і голас, на жаль, мае ўласцівасць старэць. Па гэтай прычыне нават вядомыя артысты пакідаюць сцэну. Вось і ветэранскі хор больш чым напалову амаладзіўся. Некаторыя з ранейшых яго ўдзельнікаў перайшлі ў хор “Польскае рэха Астраўца”. А некалькі былых харыстаў навечна застануцца ў спісах і памяці сяброў па песні і гледачоў…
На шчасце, змены аказаліся дабратворнымі. Хор папоўніўся выканаўцамі з моцнымі, прыгожымі, яркімі галасамі, што дало магчымасць новаму мастацкаму кіраўніку брацца за больш складаныя творы. Беражліва захоўваючы напрацаванае, Данута Адольфаўна робіць акцэнт на асваенне некранутых пластоў беларускага песеннага мастацтва, у асноўным, аўтарскай песні. Сваю дапамогу прапанаваў ёй даўні знаёмы і калега Іван Малашкевіч – адшукаў і пераслаў ноты многіх цікавых твораў беларускіх і расійскіх кампазітараў. Рэпертуар хору папоўніўся новымі “незапетымі” кампазіцыямі – “Прыязджайце дадому”, “Песня беларуская мая”, “Не шумі ты, клён зялёны”, “Гордасць і слава твая, Беларусь”, “Разлилась заря вдали”, “Гармони”, “У криницы”, “Кладочка”… Цікавасць да матчынай працы стаў праяўляць адзін з сыноў – знойдзе ў інтэрнэце цікавую кампазіцыю, запіша на дыск: “Праслухай, мама, можа падыдзе для твайго хору”.
Хор настойліва набіраецца майстэрства. Калі б яго паслухаў нехта старонні, незнаёмы ні з выканаўцамі, ні з мастацкім кіраўніком, то мог бы палічыць за прафесіянальны калектыў – настолькі зладжана спявае, падуладны, здаецца, не толькі ўзмахам трапяткіх рук дырыжора, але нават яго поглядам. Прызнаюся: не была некаторы час на канцэртах хору і цяпер проста ўражана яго прафесійным ростам. Выразна адчуваецца духоўная з’яднанасць, маналітнасць творчага ансамбля, сцэментаванага творчай энергіяй таленавітага, аўтарытэтнага кіраўніка. Гэта як пярсцёнак з каштоўнымі камянямі, у якім у агульным бляску і харастве бачны і адметны кожны асобны каменьчык, адблісквае вясёлкавым святлом. Дарэчы, трэцяя назва хору – “Вясёлка”, і яна, на мой погляд, найлепш пасуе цяперашняму калектыву, дзе яркімі колерамі ззяюць вакальная група, квартэт у складзе Ірыны Уладзіміраўны Тумко, Дануты Адольфаўны Папеня, Надзеі Уладзіміраўны Харытонавай і Клаўдзіі Васільеўны Дублёных (часам ён трансфармуецца ў трыа), дуэт Надзеі Міхайлаўны Чыбісавай і Ганны Мікалаеўны Варэйка (яна ж і салістка), салісты Віктар Іосіфавіч Невяроўскі і Ірына Уладзіміраўна Тумко, якая да таго ж вельмі артыстычна, у асобах, чытае байкі. Адна са старэйшых удзельніц, Наталля Пятроўна Зубенка, прысвяціла роднаму калектыву верш і чытае яго на канцэртах.
Супрацоўніцтва з хорам у якасці акампаніятара, думаецца, дапамагло спаўна рэалізаваць вялікі і разнастайны творчы патэнцыял Аляксандру Аркадзевічу Якіменку. Выдатны эстрадны выканаўца, стваральнік многіх уласных песень, тут ён выступае як баяніст-віртуоз. Нарэшце ажыццявіла сваё неспатольнае жаданне спяваць Данута Францаўна Чарнушэвіч, уладальніца мяккага лірычнага сапрана, — на адміністрацыйнай пасадзе ёй даводзілася выходзіць на сцэну толькі ў якасці дакладчыка на афіцыйных мерапрыемствах, зрэдку – вядучай вечарыны ці свята.
Увогуле, творчасць, як магніт, мае ўласцівасць прыцягнення. Дзякуючы ёй у еднасць нестарэючых сэрцаў улілася вядомая ў раёне спявачка, мастачка і паэтэса Людміла Іванаўна Кухарэвіч – і яе аўтарскія песні аб малой радзіме з вялікай душой – Астравеччыне – сталі яшчэ адным каштоўным каменьчыкам у залатой аправе хору. Шкада, што мужчынская група ўсё яшчэ застаецца нешматлікай – Сямён Аляксандравіч Гіль, Мікалай Антонавіч Валюк, Мар’ян Іосіфавіч Краснік ды Віктар Іосіфавіч Невяроўскі. Няўжо перавяліся ў Астраўцы пенсіянеры моцнага полу з добрым музычным слыхам і голасам?
…Непрыкметна праляцеў час, і вось ужо ветэранская “Вясёлка” адзначыла 10-гадовы юбілей. На ўрачыстасці з нагоды Міжнароднага дня пажылых людзей прагучала высокая ацэнка творчых дасягненняў хору, было сказана многа цёплых слоў удзячнасці абодвум мастацкім кіраўнікам – Генрыху Адольфавічу Стаціну і Дануце Адольфаўне Папеня, акампаніятару Аляксандру Аркадзьевічу Якіменку, кожнаму з 25 удзельнікаў. Так прыемна было бачыць ззянне іх шчаслівых вачэй!
Парадавала, што неўзабаве з’явіцца ў артыстаў пакой для рэпетыцый. Нехта з гледачоў у зале нягучна прамовіў: “І касцюмы новыя варта пашыць!”. Сапраўды, новыя сцэнічныя ўборы народнаму калектыву былі б дарэчы – заслужыў. І можна не сумнявацца: ён яшчэ здзівіць гледачоў сваімі творчымі знаходкамі, бо хор і яго мастацкі кіраўнік у пастаянным пошуку песенных скарбаў. Дык няхай гэтыя пошукі дадуць добры плён!


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.


…Адшумела свята, насталі будзённыя клопаты. Адклаўшы на некалькі гадзін хатнія справы, харысты па аўторках і чацвяргах спяшаюцца ў стары будынак Дома культуры на рэпетыцыі. Далучыўшыся да іх, пацікавілася ў некаторых удзельніц: “ Што дае вам удзел у хоры ветэранаў?” І вось што пачула:


Наталля Пятроўна Зубенка:
—Найперш – стасункі, проста неабходныя ў нашым узросце. Тут мы спяваем і жартуем ад душы, радуемся і перажываем разам.


Данута Францаўна Чарнушэвіч:
—Для мяне гэта заўсёды жаданая сустрэча з песняй. Я ўсё жыццё спяваю.


Надзея Міхайлаўна Чыбісава:
—Я прывыкла быць сярод людзей – працавала ў гандлі, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У хоры адпачываю душой.


Рэгіна Іванаўна Стаціна:
—У нас уся сям’я музычная, усе іграюць на музычных інструментах і спяваюць. Дык чаму мне не быць у хоры, калі душа песні просіць?


Клаўдзія Васільеўна Дублёных:
—Я ўжо нават не ўяўляю сябе без нашага хору. Тут – часцінка маёй душы. У нас агульныя інтарэсы. Да пачатку рэпетыцыі паспяваем і кулінарнымі рэцэптамі абмяняцца, і пра ўраджайныя градкі пагаварыць...
Ну проста малайцы, “вясёлкаўцы”. Век вам душой не старэць!