Якім будзе астравецкі музей?

10:25 / 02.02.2011
1

Алена Аляксандраўна Клімянок – нядаўна прызначаны дырэктар Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Разам з бацькамі пераехала ў Астравец з Хойнікаў у 1989 годзе. Закончыла сярэднюю школу № 1. Пасля школы вучылася ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, атрымала спецыяльнасць юрыста.
Алена Аляксандраўна ветліва згадзілася адказаць на нашы пытанні.


–Размовы аб стварэнні ў раёне музея ідуць даўно, а ў якім стане развіцця знаходзіцца гэтая справа?
–Юрыдычна гісторыка-этнаграфічны музей зарэгістраваны ў 2009 годзе. А з восені 2010 года пачала дзейнічаць экспазіцыя ў Баранях, прысвечаная выдатнаму сыну нашай зямлі Канстанціну Стэповічу (Казіміру Сваяку).
Што тычыцца непасрэдна Астравецкага музея, то сёння мы набіраем штаты. Акрамя дырэктара, ужо з’явіўся навуковы супрацоўнік. Шукаем чалавека на пасаду галоўнага захавальніка, які будзе адказваць за камплектацыю музейных фондаў, улік экспанатаў і іх захаванне. У перспектыве – мастак, яшчэ адзін навуковы супрацоўнік і дазорцы.
–Супрацоўнікі ўжо ёсць, а што з будынкам музея?
–Музей вырашана зрабіць у будынку былога млына. На жаль, ён не асабліва добра захаваўся, таму адпаведныя спецыялісты праводзілі экспертную ацэнку стану, у якім знаходзіцца млын, і ўжо на падставе іх вердыкту будзе складацца праектна-каштарысная дакументацыя на аднаўленне будынка. А потым распачнуцца аднаўленчыя работы распачнуцца.
–Кожны музей павінен мець сваю канцэпцыю. Якія перспектывы ў нашага?
–Навуковую канцэпцыю распрацоўвалі супрацоўнікі Гродзенскага абласнога музея. Гісторыка-этнаграфічны музей у Астраўцы будзе размяшчацца на трох узроўнях. Да таго ж, калі б адкачаць ваду, у падвальным памяшканні можна было б зрабіць шынок. Пры млыне для людзей, якія чакаюць сваёй чаргі, часта рабіліся прасцейшыя корчмы, якія называліся шынком ці манаполькай. Мэбля, посуд, вопратка, газавыя лямпы, грошы – гэтыя рэчы павінны быць у экспазіцыі шынка.
–А далей?
–На першым паверсе плануецца зрабіць экспазіцыю пад назвай “Рака Вілія” з жывымі экспанатамі (розныя віды рачных рыб у акварыуме), а таксама чучаламі жывёл вадаёмаў і ўзбярэжжа, гербарыямі  раслін вадаёмаў і лугоў і каляровымі мастацкімі фотаздымкамі жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Мэта – паказаць  непаўторнасць нашых мясцін, відавое багацце яе флоры і фаўны.
–Даволі нязвыкла для раённага музея – дэманстраваць жывыя экспанаты…
–І гэта правільна. Нашаму музею трэба шукаць уласны твар, а не капіраваць прывычны набор сярэднестатыстычнага музея.
–Цяжка не пагадзіцца. А што будзе над жывымі экспанатамі?
–На другім паверсе будзе прадстаўлена экспазіцыя “Ад зажынак да Багатухі”. Яе мы плануем прысвяціць стварэнню вобраза старадаўніх земляробчых звычаяў, якія звязаны з пачаткам і заканчэннем жніва. Некалі зажынкі і дажынкі адзначаліся вельмі ўрачыста і суправаджаліся абрадавымі дзеяннямі, танцамі, песнямі, гатаваннем абрадавых страў. А на Багатуху віталі Маці Божую, заступніцу ўраджаю. У гэты час заканчвалі ворыва зябліва і распачыналі сяўбу азімых.  Адпаведна ў склад экспазіцыі павінны будуць увайсці прылады працы (сярпы, цапы, абівалка, граблі, вілы драўляныя, малатарня, веялка-“арфа” і інш.), жаночы жніўны касцюм і святочныя строі сялянак, снапы, вянкі з васількоў і палявых кветак і г.д.
–Той факт, што музей размесціцца ў будынку былога млына, ніяк не адаб’ецца на яго канцэпцыі?
–Абавязкова адаб’ецца. На трэцім паверсе…
–Прабачце, але хіба ў астравецкага млына тры паверхі?
–Так, тры паверхі і падвальнае памяшканне. Дык вось трэці паверх будзе прадстаўляць перапрацоўку зерня на муку. Тут мы плануем выставіць адпаведныя прылады працы (ступы, таўкач, жорны…), жаночы будзённы касцюм і г.д. Будзе ў нас і млынар. У беларусаў млынар заўсёды лічыўся сябрам нячыстай сілы, асабліва вадзяніка і русалкі, якім ён нават прыносіў ахвяры. Перад замаразкам, напрыклад, млынар забіваў і кідаў у ваду гусака. Гэта рабілася ў дзень святога Марціна, які млынары адзначалі святочна, частаваліся гарэлкай на млынавым каменным крузе. Таму ў экспазіцыі павінна быць скульптурная выява Марціна, вадзяніка, русалкі, чарцей і г.д. Вядома, будзе прадстаўлена і вопратка самога млынара.
–Алена Аляксандраўна, задумкі цікавыя, але дзе браць экспанаты?
–Частка экспанатаў ужо сабрана. Хаця вельмі многае яшчэ трэба будзе знайсці. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў Астравеччыны, асабліва да людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Калі ў вас ёсць старыя прылады працы, посуд, вопратка, мэбля, посцілкі, дываны, абрусы, сурвэткі, даўнейшыя грошы, нейкія рэчы, звязаныя з млынарствам, прашу вас перадаць іх у раённы музей. У вас яны рана ці позна змарнуюцца, а ў музеі будуць жыць вельмі доўга.
–За гэта людзі атрымаюць грошы?
–На жаль, пакуль асаблівых сродкаў няма, таму мы спадзяёмся больш на паразуменне і патрыятызм людзей.
–Дзякуй за размову і поспехаў у стварэнні музея.


Гутарыла Ганна ЧАКУР.