Не падвялі!

13:22 / 08.10.2010

Сапраўды фестывальным стаў бягучы год для вядомага не толькі на Астравеччыне хору «Польскае рэха Астраўца». Нядаўна ён адзначыўся на чарговай такой імпрэзе – Фестывалі польскай культуры, які праходзіў у старадаўнім мястэчку Івянец на Валожыншчыне. Сюды з’ехаліся творчыя калектывы аматараў польскай песні і танца з Міншчыны – з Нясвіжа, Стоўбцаў, Валожына, Барысава, Дзяржынска, Клецка і Гродзеншчыны – з Ліды, Навагрудка і Астраўца.


Аб тым, што падзея была не з радавых, сведчыла прысутнасць высокіх гасцей – старшыні Мінскага аблвыканкама Б.В. Батуры, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Л.П. Гулякі, старшыні Саюза палякаў на Беларусі С. Л. Сямашкі, прадстаўнікоў Міністэрства культуры, кіраўніцтва Валожынскага раёна, горада Хабаровска і візіцёраў з польскага горада Стэрдыня – пабраціма Івянца. Аб вялікім значэнні падобных мерапрыемстваў гаварыў у прадмове да свята Барыс Васільевіч Батура – яны садзейнічаюць узаемаабагачэнню культур народаў, што жывуць у Беларусі.



Пасля кароткіх афіцыйных прывітанняў сцэна была аддадзена творчым калектывам: пачаўся вялікі гала-канцэрт. Кожнаму калектыву і выканаўцу належала паказаць адзін нумар, але самы лепшы, а астатнія – прыберагчы для, так бы мовіць, паказальных выступленняў перад шаноўнай публікай. Астраўчане, пакінуўшы хваляванні на генеральнай рэпетыцыі, на абодвух канцэртах паказалі высокі ўзровень выканаўчага майстэрства і сарвалі бурныя апладысменты. Асабліва шчыравалі ў воплесках госці з Польшчы – гэтак ім спадабалася апрацоўка народных песень і чысцюткае вымаўленне песенных тэкстаў. Шкада, што іх пахвал не чулі ні ранейшы мастацкі кіраўнік хору Данута Папеня, ні цяперашні Алена Такарчук, якая па ўважлівай прычыне – жаніла сына – не змагла паехаць на фестываль. Але харысты іх не падвялі!
На падобных імпрэзах звычайна раскідваюць свае палаткі гарады майстроў, шырока дэманструючы плён мастацкай творчасці народных умельцаў. Дзейнічалі яны і на Івянецкім фестывалі. Сярод усяго ўсялякага былі вырабы з саломкі. Годныя. Але ніводзін з іх нават блізка не стаяў з шэдэўрамі астравецкай майстрыхі Валянціны Віннічак – арыгінальнымі саламянымі капялюшыкамі і аздобай на сукенках дзвюх прыгажунь, якія сваім дэфіле суправаджалі выступленне хору ў гала-канцэрце. Варта было дзяўчаткам спусціцца са сцэны, як вакол іх адразу замітусіліся фотакарэспандэнты і тэлевізіёншчыкі. Ды і проста фотааматары спяшаліся іх “шчоўкнуць”.
Словам, астраўчане былі ў фаворы, ды настолькі, што нават музыканты дзяржаўнага ансамбля “Песняры” – ганаровыя госці фестывалю, захацелі з імі сфатаграфавацца.


Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.