Шчырасць ад Дзмітрыя Смольскага

11:57 / 08.06.2010





Ну хто з нас не ўлюбляўся ў артыстаў?! Да прыкладу, у Дзмітрыя Смольскага… Памятаеце, быў такі спявак? Высокі, светлагаловы, лірычны. “Только меня услышь, ласковый мой малыш, разведи с тоской…” Хіба існуе на свеце жаночае сэрца, якое застанецца раўнадушным да такога закліку?..
Слава прыйшла да Дзмітрыя рана – ён станавіўся дыпламантам самых прэстыжных дзіцячых і юнацкіх конкурсаў (“Ранішняя зорка”, да прыкладу). Ім зацікавілася беларускае тэлебачанне, радыё рэгулярна “круціла” яго песні.. І на самым піку творчага ўзлёту Дзмітрый Смольскі раптам знік…



Пры сённяшняй інертнасці астравецкай публікі запоўненасць глядацкай залы вызначае не столькі талент чарговай заезджай зоркі, колькі нястомны энтузіязм распаўсюджвальніцы білетаў Ларысы Іванаўны Тарашкевіч – напярэдадні канцэрта яна стукаецца ў кожную, нават самую маленькую арганізацыю Астраўца, угаворвае купіць білеты…
На гэты раз яна прабеглася па рэдакцыйных кабінетах і запрасіла сабрацца ўсіх разам у самым вялікім пакоі. Заходзім – а там… Дзмітрый Смольскі! Усё такі ж высокі, светлагаловы і лірычны. Хаця, вядома, з папраўкай на ўзрост. І столькі ў ім творчага запалу, столькі задумак і радасці ад сустрэчы са слухачамі, што мы не ўтрымаліся і запрасілі спевака на невялікае інтэрв’ю.


– Дзмітрый, давайце пачнём размову з пытання, якое найбольш цікавіць прыхільнікаў вашага таленту: чаму і куды вы так нечакана і надоўга зніклі?
– Маладосць, неадпаведная кампанія… Скажам так: у мяне былі праблемы са здароўем, якія скончыліся 10 гадоў таму.
– І вы вырашылі вярнуцца на эстраду?
– Так. Тым больш што мая ніша, лічу, засталася свабоднай – ніхто яе так і не змог заняць. Сёння наогул у Беларусі існуе праблема добрай песні – мелодыі і тэксты, якімі сёння частуюць нас тэлебачанне і радыё, часцей за ўсё проста не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
– Вы, наколькі я памятаю, не толькі выканаўца песень, але яшчэ і кампазітар…
–Так. А ў апошнія гады стаў пісаць яшчэ і вершы. Дакладней, тэксты да песень. Цяпер у маім рэпертуары частка твораў – цалкам мае.
– З колькіх песень складаецца ваш рэпертуар?
– О! Іх шмат. Ніколі не лічыў.
– А самая любімая песня якая?
– Усе любімыя. Усе без выключэння. Разумееце, песня, якую я ўключаю ў свой рэпертуар, павінна “торкнуць” – толькі тады яна становіцца маёй. А калі мая – значыць, любімая.
Добра, спытаюся больш канкрэтна: якую песню вы звычайна спяваеце, прымаючы душ?
– Я не спяваю пад душам. Вада для мяне – занадта сур’ёзная субстанцыя, каб я ставіўся да яе легкаважна. Па роду заняткаў мне прыходзіцца кантактаваць (у тым ліку і падчас канцэртаў) з рознымі людзьмі: хочаш-не хочаш, а негатыўная энергетыка паступова назапашваецца. Душ – гэта ачышчэнне, магчымасць змыць з сябе непатрэбныя, а часам нават шкодныя ўплывы.
– Наконт канцэртаў… Ці заўсёды ўдаецца падабраць ключык да публікі ў зале?
– Амаль заўсёды. Не з першай песні, вядома. Людзі прыходзяць на канцэрт у розным настроі. І са сваімі праблемамі. Я рады, калі праз тры-чатыры песні глядач вызваляецца ад турбот, калі зала пачынае жыць на адной хвалі са мной. Прафесіяналізм выканаўцы заключаецца якраз ва ўменні ўстанавіць кантакт з публікай. Хаця канцэрты атрымліваюцца заўсёды рознымі – не бывае двух аднолькавых.
– А можна пытанне з разраду непрыемных?
– Паспрабуйце…
– Падчас вашага канцэрту ў Астраўцы, як і на большасці тых, што даюць у нас беларускія зоркі, зноў будзе гучаць “фанера”?
– Ні ў якім разе! Толькі жывы гук. Прычым я прыеду не адзін – са мной будуць музыканты з групы “Талент”, лідэрам якой я з’яўляюся апошнія два гады.
– “Талент” – назва з прэтэнзіяй. Вы так не лічыце?
– Нармальная назва. Лічыце, што само неба падказала мне яе. Называй, маўляў, і нікога не бойся. Талент – гэта зярнятка, падоранае табе Богам. І ты павінен яго расціць, развіваць, абагачаць усё сваё жыццё. Таму талент – гэта яшчэ і вельмі высокая адказнасць.
– Якая тэматыка прэваліруе ў вашым рэпертуары?
– Мае песні прысвечаны самаму галоўнаму пачуццю існавання планеты Зямля – каханню.
– А вы самі па сваёй натуры ўлюбчывы чалавек?
– Як і ў кожнага творчага чалавека, мая душа ўразлівая на прыгажосць. Я бачу і ўлюбляюся – у блакіт неба, у свежасць ветру, у радзіму, у публіку, у песню. А вось што тычыцца адносін да жанчын… У гэтым сэнсе я старамодны. Я – за рыцарства. За тое, каб аддаць сваё сэрца каханай – раз і назаўсёды.
– І апошняе пытанне – адкажыце, калі ласка, адным словам, што нас чакае на вашым канцэрце?
– Шчырасць.
– Дзякуй за размову. І да сустрэчы на канцэрце 17 чэрвеня.

Гутарыла Ганна ЧАКУР.