Жители Ольховки отметили день деревни

14:21 / 28.07.2017

Да роднай хаты, у родныя мясціны мы спяшаемся, каб падзя­ліцца сваімі радасцямі і трывогамі, перамогамі і няўдачамі, каб адвесці душу, надыхаўшыся чыстым паветрам і вярнуўшыся ў думках у дзяцінства. У вёсцы нас заўсёды чакаюць і сустракаюць з цеплынёй і адкрытасцю – бо тут мы свае, родныя.

Пачалося свята вёскі на беразе Страчанкі  з конкурсу рыбакоў. Самы вялікі ўлоў – 1кг 270 г – у Паўла Ярмака, найбольшая колькасць рыбінак – 11 штук – у Валянціны Яновіч, а самую вялікую рыбіну здабыў Іван Заруба.

olh1.jpg

У будынку аддзела культуры і вольнага часу тым часам разгарнулася выстава творчасці мясцовых умельцаў – Тэрэса Бабіч, Яўген Груца, Аксана Талуць, Алена Кусойць, Аліна Лапата, Вольга Янушэўская, Анжэла Рылькова, Вацлаў Талуць, Алена Шыш здзіўлялі вышыванымі, вязанымі і плеценымі вырабамі, роспісам па камені, разьбой па дрэве і мастацкай коўкай.

На імправізаваных спартыўных пляцоўках у валейболе, пера­цяг­ванні каната, пад’ёме гіры і скарэнні «вяршыні» – васьмі­мятровага слупа – спаборнічалі самыя дужыя і вытрыманыя. Больш за ўсіх пад’ёмаў гіры – 100 разоў – зрабіў Мікіта Сямашка. Ажно два разы «адолеў» слуп Анатоль Сальмановіч. У перацягванні каната перамагла зборная каманда Альхоўкі, якая дужалася сіламі з суседзямі-міхалішкоўцамі.

Свята вёскі сабрала нямала  ама­тараў «спартыўнай думкі» – міні-турнір па шашках арганізаваў для вяскоўцаў і гасцей з Міхалішак, Астраўца, Ашмян і Мінска Генадзь Мілаш. Пераможцам стаў міхалішковец Аляксандр Шанчук.

olh2.jpg

Вечарам свята працягнулася на канцэртнай пляцоўцы. З асаблівай цеплынёй сустракалі гледачы на сцэне ўдзельнікаў фестывалю сямейнай творчасці «Альхоўка 2017». Вакальныя нумары, тэатра­лізаваная дэкламацыя і нават акрабатычная замалёўка – чым толькі не здзіўлялі сямейныя калектывы Святланы і Вольгі Лазарэвічаў, Юліі і Арсеня Балдэску, Валянціны і Вікторыі Міхайлавых, Ан­геліны і Ксеніі Яновічаў, Уладзіміра і Дзіяны Сідарэвічаў, Алены, Ксеніі і Віталя Кусойцяў, Алега і Яўгеніі Уласікаў.

Змянілі на сцэне ўдзельнікаў фестывалю  мясцовыя артысты і госці свята з Міхалішак і Кямелішак – яны «прынеслі» з сабой песні, танцы, розыгрыш латарэі» і складанне «Альхоўскай кнігі рэкордаў».

Яшчэ доўга ў Альхоўцы не сціхалі вясёлы гоман, музыка, смех і душэўныя размовы. Гэта было іх агульнае свята, арганізаванае ад душы.

Рыта ДРЭМА.

Фота Яўгеніі УЛАСІК.

Текст: